З Польшчы з пачатку года дэпартавалі 9 беларусаў, якім адмовілі ў міжнароднай абароне

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія памежнікі праводзяць экскурсію для ліцэістаў у Бешчадскім аддзеле Памежнай службы. 29 кастрычніка 2024 года. Фота: Straż Graniczna / Facebook

Большасць беларусаў, якія просяць міжнародную абарону ў Польшчы, атрымліваюць згоду. З пачатку 2024 года каля 2100 беларусаў атрымалі абарону, адмовілі толькі 109, а 10 з іх дэпартавалі.

Польскае выданне Oko.press апублікавала статыстыку ад памежнікаў аб наданні замежнікам міжнроднай абароны. Паводле гэтай статыстыкі, у 2023 годзе па міжнародную абарону (статус уцекача або дадатковую абарону) ў Польшчы звярталіся звыш 9 тысяч чалавек. Станоўчае рашэнне атрымала палова, з іх 2,9 тысяч – грамадзяне Беларусі, 1,1 тысячы – Украіны.

Ад пачатку 2024 года да канца верасня заявы на міжнародную абарону падала ўжо больш чалавек, чым за цэлы мінулы год: 12,3 тысячы. З іх 4,5 тысячы чалавек – грамадзяне Украіны, 2,9 тысячы – Беларусі.

Заявы падавалі таксама грамадзяне трэціх краінаў, якія пераходзілі беларуска-польскую мяжу. Статус уцекача прасілі 441 чалавек з Эрытрэі, 431 з Самалі, 419 з Эфіёпіі, 389 з Сірыі і 198 з Афганістану – колькі з іх прыйшло менавіта з Беларусі, не ўдакладняецца, але грамадзянаў гэтых краінаў найчасцей лавілі на спробах незаконнага пераходу беларуска-польскай мяжы.

Ухвалілі за гэты год 4,8 тысячы заяваў на міжнародную абарону, у тым ліку 2,3 тысячы – ад грамадзянаў Украіны, 2,1 тысячы – Беларусі.

Менавіта статус уцекача, а не дадатковую абарону (якую просяць і выдаюць часцей), прасілі ў Польшчы ў 2023 годзе 64 чалавекі, станоўчыя рашэнні атрымалі 5, адмоўныя – 34, пакінулі без разгляду 29 заяваў. З пачатку 2024 года статус уцекача прасілі 83 замежнікі, 16 атрымалі адмову, 35 справаў пакінулі без разгляду.

Невялікую частку тых, хто атрымлівае адмовы, дэпартуюць. З 1 студзеня па 29 кастрычніка 2024 года з Польшчы дэпартавалі 18 чалавек у Расею, 9 у Беларусь, 5 у Грузію, 2 у Таджыкістан, па адным ва Узбекістан і Украіну. Рэшта тых, каму адмовілі, магла самастойна пакінуць Польшчу, аспрэчыць адмову або знайсці іншы шлях легалізацыі.

Адмоваў беларусам стала больш

Выданне «Most» адзначала, што беларусам сталі часцей адмаўляць у міжнароднай абароне ў Польшчы: летась негатыўных рашэнняў было толькі 1,6 %, у ліпені–верасні 2024-га – 7,6–7,8 %.

Сузаснавальніца ініцыятывы «Partyzanka», юрыстка Ганна Маціеўская казала, што часцей сталі ўжываць Дублінскі рэгламент, які дазваляе скіроўваць заяву ў краіну першага ўезду: напрыклад, перанакіроўваць у Літву тых, хто атрымаў від на жыхарства ў Літве, а заяву на абарону падаў у Польшчы. Таксама сталі больш уважліва правяраць тлумачэнні прычынаў звароту: напрыклад, могуць адмовіць, калі чалавек блытае свае крымінальныя артыкулы або статус.

На адмовы можа ўплываць і агульная міграцыйная палітыка Польшчы, якая робіцца больш жорсткай: нават калі галоўныя прэтэнзіі не да беларусаў, больш пільная ўвага можа распаўсюджвацца на ўсіх замежнікаў. Справа можа быць і ў нямэтавым выкарыстанні міжнароднай абароны, і ў справах аб шпіянажы – сярод абвінавачаных і падазраваных у шпіянаж на карысць Расеі ёсць нямала беларусаў.

Маціеўская прагназуе, што масавых адмоваў у міжнароднай абароне ў Польшчы беларусам не будзе. Патрабаванні да доказаў патрэбы ў абароне ў Польшчы застаюцца больш мяккімі, чым у суседняй Літве. Але яна ўсё роўна раіць беларусам быць гатовымі да таго, што падыход можа стаць больш строгім, а беларускім палітыкам – лабіяваць паляпшэнне сітуацыі і пазначаць «дзіры» ў законах.

Польшча тым часам сур’ёзна ставіцца да пагрозы нападу з боку Расеі ці Беларусі. Так, начальнік Генеральнага штабу Войска польскага, генерал Веслаў Кукула ў нядаўнім інтэрв’ю «Rzeczpospolita» казаў: пагроза нападу з Расеі ці з Беларусі рэальная, але тое, ці будзе напад, залежыць ад палякаў, бо чым лепш краіна падрыхтаваная да абароны, тым больш рызыкоўна нападаць. Кукула таксама выказаў упэўненасць у тым, што Польшча атрымае дапамогу ад краін NATO ў выпадку агрэсіі з боку Расіі або Беларусі.

Алесь Наваборскі, belsat.eu