Нядаўна дакументальная кніга аўтарства Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка “Я з вогненнай вёскі…” упершыню з’явілася па-нямецку ў перакладзе з беларускай мовы Томаса Вайлера (Thomas Weiler). Цяпер Форум гістарычных даследаванняў Беларусі ладзіць адкрытую дыскусію з назвай “Спаленыя вёскі ў Беларусі: нацысцкія злачынствы і палітыка памяці”.

У рамках дыскусіі будзе абмяркоўвацца беларуская палітыка памяці пачынаючы з 1970-х гадоў, а таксама стварэнне і рэцэпцыя кнігі. Як гэты праект мог быць рэалізаваны ва ўмовах свайго часу? Якую ролю адыгралі тагачасная ваенная літаратура і дакументальная проза ў крытычным асэнсаванні падзей Другой сусветнай вайны? Якія новыя перспектывы на выжыванне ў вайне адкрыліся ва ўспамінах сведак? Як нацысцкія злачынствы разглядаліся ў нямецкай і беларускай гістарыяграфіі і юстыцыі? Як Другая сусветная вайна эксплуатуецца ў ідэалогіі аўтарытарнай Беларусі сёння?

Уступнае слова
Віктар Шадурскі, Форум гістарычных даследаванняў Беларусі, Універсітэт Уроцлава

Эксперткі і эксперты
Томас Вайлер, Свабодны ўніверсітэт, Берлін
Ніна Велер, Цэнтр літаратурных і культурных даследаванняў Асацыяцыі Лейбніца
Аляксандр Фрыдман, Унівесітэт ім. Гейнэ, Дзюсельдорф
Францыска Экселер, Свабодны ўніверсітэт, Берлін

Мадэрацыя
Адам Керпель-Фроніюс, Фундацыя Мемарыял ахвярам Халакосту, Берлін

Дзяржаўны мемарыял «Хатынь» − адзін з самых вядомых і значных мемарыяльных комплексаў Рэспублікі Беларусь. Помнік, адкрыты ў канцы 1960-х гадоў, прысвечаны не гераізму савецкай арміі і партызанскага руху, як гэта было прынята ў Савецкім Саюзе, а цывільным ахвярам нацысцкай акупацыі ў Другую сусветную вайну. Мемарыял захоўвае памяць пра больш як 600 вёсак Беларусі, спаленых разам з жыхарамі.

Гэтыя нацысцкія злачынствы мала вядомыя ў Германіі. У 1975 годзе ў Мінску выйшла кніга «Я з вогненнай вёскі…» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка, у якой прадстаўлены аповеды сведак, з якіх складаецца маштабная карціна пакут і жахлівых злачынстваў, учыненых пад нямецкай акупацыяй. Кніга адыграла важную ролю ў савецкай культуры памяці, была перакладзеная на розныя мовы і паўплывала на дакументальную прозу – у тым ліку беларускай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. У лістападзе 2024 г. Томас Вайлер зрабіў першы пераклад кнігі на нямецкую мову. З гэтай нагоды інтэрнэт-партал dekoder.org стварыў серыю матэрыялаў, якая падкрэслівае гістарычнае і літаратурнае значэнне кнігі.

Падзея ў Facebook. Далучыцца да дыскусіі можна па спасылцы: us02web.zoom.us

bellit.info