Дарагія беларусы!
27 лістапада мы ўрачыста адзначаем Дзень Герояў – узгадваем подзвіг Першага Слуцкага палка стральцоў, дзясятка тысяч ваяроў нашай першай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі.
У 1920 годзе, баронячы незалежнасць маладой беларускай краіны, яны далі бой бальшавікам. Самаахвярнасць і вера случчакоў у будучыню Беларусі абярнулі іх вайсковую паразу ў няроўным змаганні з чужынцамі ў нязгасную крыніцу натхнення для наступных пакаленняў беларусаў, у яскравы прыклад неўміручасці нашых нацыянальных ідэалаў і нашай прагі волі.
Героі Збройнага чыну маюць свой працяг у Героях Беларусі сённяшняй. І мы ўсе следам за імі ідзем шляхам, які вядзе да свабоды.
Слава Героям! Жыве Беларусь!
ЗБС „Бацькаўшчына“