Яўген Вапа: Фестываль „Бязмежжа“ верна захоўвае свае прынцыпы

29 лістапада ў Беластоку стартуе літаратурны фестываль „Бязмежжа“, які традыцыйна збірае беларускіх паэтаў, пісьменнікаў і перакладчыкаў. Падчас мерапрыемства будуць адзначацца два юбілеі, таксама запланаваныя прэм’еры, прэзентацыі і размовы.

Пра асноўную канцэпцыю семінару кажа яго арганізатар, старшыня Беларускага саюза ў Польшчы – Яўген Вапа:

РР: Літаратурны семінар „Бязмежжа“, мерапрыемства традыцыйнае, вядомае і якое выйшла даўно па-за межы Падляшша, а сёлета можна сказаць, яшчэ шмат юбілеяў назбіралася.

— „Бязмежжа“ ў сваёй назве і ў сваёй гісторыі яно бязмежнае ад самага пачатку. Бо такая была ідэя — нягледзячы на межы, зрабіць магчымым пранікненне і развіванне беларускай літаратуры.

Сустрэча беларускіх літаратараў з Падляшша і Беларусі, а таксама магчымасці дайсці да таго, каб беларуская літаратура, тады, калі мы ўзнікалі, каб яна знайшлася ў пункце бачання польскага фокусу, польскай культуры.

Ну і гэта здарылася. Так што тут „Бязмежжа“ сапраўды захоўвае свае асноўныя прынцыпы верна. Менавіта трымаецца таго, што было закладзена арганізатарамі. Сустрэчы не пад публіку, не пад „віват“, не пад медыйны пераказ, а на размовы, слуханні беларускія.

А сапраўды ў гэтым годзе маем так што, у першы дзень, у пятніцу, 29 лістапада, увечары будзе юбілей творчасці Міры Лукшы. Яна запрашае разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку. Гэта адбудзецца ў кавярні „Fama“ на вуліцы Legionowa. Раней на “Бязмежжы” мы адзначалі ейны юбілей жыцця, а зараз юбілей працы.

Гэта важна, бо „Бязмежжа“ ў гэтым годзе асабліва звязанае з тым юбілеям. Разам з Цэнтрам беларускай культуры, калі людзі прыедуць на „Бязмежжа“, каб таксама маглі ў іншых мерапрыемствах удзельнічаць, але ў іншым месцы, але гэта таксама падкрэсліць важнасць той жа асобы, самой гераіні Міраславы Лукшы, каб цэлай кампаніяй прысутнічаць на такім юбілеі.

Я думаю, гэта добрая традыцыя пачынаецца — трэба рабіць пэўныя рэчы, думаць разам, каб гэта мела тады рукі і ногі. А ў суботу маем юбілей не менш важны і другога, так сказаць, „пушчанскага чалавека“, бо Міраслава Лукша лічыць сябе дачкой дрывасека і пушчанскай жанчынай. Маем такіх характэрных людзей.

РР: Кожны сам сябе ідэнтыфікуе.

Так, так. У свеце літаратуры і паэзіі гэтага ўяўлення хапае нашым творцаў. Можна сказаць, часамі аж надта. Яны ў тых справах ёсць так прыдумчавымі, што думкі іх лётаюць значна вышэй за думкі канструктараў ракетаў.

Калі глянуць на другі дзень, то маем вельмі важны юбілей — гэта таксама на „Бязмежжы“, „Літаратурнае бязмежжа вечнай пушчы“ назвалі так. Гэта юбілей, 65-годдзе Міхала Андрасюка. Гэта чалавек, творца, пісьменнік, празаік, дзякуючы якому беларуская літаратура і культура, таксама як дзякуючы і Міры Лукшы, яна ёсць менавіта бязмежная, на высокім культурным роўні і гэта ўпісвае нашую беларускую ў еўрапейскі-ўсясветны кантэкст, не пабаюся гэтага слова.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Падчас літаратурнага “Бязмежжа” будзе адзначацца 65-годдзе пісьменніка Міхася Андрасюка. А сёння а 18-ай гадзіне ў кавярні „Fama“ запланаваны бенефіс падляшскай паэткі, перакладчыцы і журналісткі Міры Лукшы. Беларускае Радыё Рацыя з’яўляецца медыйным партнёрам мерапрыемства.

Праграма фестывалю „Бязмежжа“ даступная тут.

racyja.com