“Хопіць выціскаць бежанцаў!” – у Вільні прайшла акцыя ў падтрымку Васіля Верамейчыка

У Вільні 22 лістапада ля будынка Еўракамісіі прайшла акцыя ў падтрымку былога ваяра палка імя Кастуся Каліноўскага Васіля Верамейчыка.

Арганізатарамі акцыі выступілі дабрачынная арганізацыя “Дапамога”, офіс Святланы Ціханоўскай ды нашыя дэмакратычныя структуры беларусаў Літвы.

Падчас акцыі арганізатары збіралі подпісы ў падтрымку Васіля Верамейчыка ды іншых беларусаў, каб накіраваць іх у ААН.

Кажа суарганізатарка акцыі Наталля Калегава:

– Мы сабраліся тут, каб прыцягнуць увагу Еўракамісіі да праблемаў, якія ёсць у беларусаў, і ў першую чаргу, канешне, Васіля Верамейчыка. Ён быў для шматлікіх тут прысутных блізкім таварышам, а для некаторых ён быў пабрацімам. І гэта агулам заклік да міжнароднай увагі сітуацыі з беларускімі змагарамі за дэмакратыю і правы чалавека.

На акцыю салідарнасці прыйшло каля 40 чалавек, бо менавіта на такую колькасць і падавалася заяўка. Кажуць удзельнікі акцыі:

– Хопіць выціскаць бежанцаў! Мы з сябрамі выступаем супраць той міграцыйнай палітыкі, якая праводзіцца Літвой. Яна ксенафобная і ставіць пад пагрозу жыцці шматлікіх людзей, якія спрабуюць пазбегнуць пераследу палітычнымі рэжымамі, у тым ліку з боку Беларусі. І мы хацелі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю

– Любая сістэма дэмакратычнай краіны мусіць працаваць на жыццё, свабоду і правы чалавека. Мы таксама за нацыянальную бяспеку Літвы, таму што мы жывём у гэтай краіне, аднак усё ж такі большая ўвага да дэталяў і менш фармальны падыход не пашкодзіў бы, і мы за гэтага цяпер будзем стаяць.

Пасля акцыі ўдзельнікі наведалі могілкі Росы, дзе ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў. Іх парэшткі якраз былі перапахаваныя там пяць гадоў таму 22 лістапада.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

racyja.com