Сяргей Навумчык: Чаму я падтрымаў «Новы Час»

Вядомы публіцыст, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык патлумачыў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», чаму варта падтрымаць «Новы Час» у цяжкі перыяд.

Збор на падтрымку «Новага Часу» працягваецца на партале фонду BYSOL. Дапамагчы нашай рэдакцыі можна па спасылцы.

Тэкст Сяргея Навумчыка «Новы Час» прыводзіць цалкам.

«Мы, беларусы, мірныя людзі (і не зусім мірныя, і зусім ня мірныя) — знаходзімя ў той унікальнай сытуацыі, калі больш як тры дзесяцігодзьдзі, фактычна, ня маем СМІ, якія б цалкам фінансаваліся беларусамі, піша Сяргей Навумчык.

Фінансуюццца яны іншымі дзяржавамі альбо замежнымі фондамі.

Увогуле, у фінансаваньні СМІ з-за мяжы нічога асабліва заганнага няма (а вось партый — іншая справа). Уладальнікамі шмат якіх вядомых амэрыканскіх, нямецкіх, брытанскіх ці (возьмем бліжэй да Беларусі) польскіх газэт зьяўляюцца бізнэсоўцы ці фінансавыя групы іншых краінаў. Але яны дзейнічаюць ва ўмовах прынятага нацыянальнымі парлямэнтамі заканадаўства і ўстойлівых (аж да некалькіх стагодзьдзяў, як у выпадку ЗША) традыцый свабоды слова.

Гэтак жа, умоўна кажучы, палова офіснай нерухомасьці Манхэтану набытая японскім бізнэсам, але ў іх сьценах дзейнічаюць законы ЗША.

А вось у стратэгічна важных галінах амэрыканскай прамысловасьці, асабліва зьвязаных з абаронай, прысутнасьць замежнага капіталу зьведзеная да мніммуму альбо адсутнічае навогул. Так, цяперашні намер прадаць буйную амэрыканскую сталеліцейную кампанію U.S. Steel выклікаў рэзкую нязгоду кангрэсмэнаў з абодвух партый.

Мы, беларусы, ня маем таго, што для нацыі ёсьць стратэгічна важным — уласнай сыстэмы незалежных СМІ.

Але было і па-іншаму

У першапй палове 90-х сытуацыя была іншая, існавалі некалькі агульнанацыянальных выданьняў, якія фінансаваліся беларускімі грамадзянамі. Зь іх варта адзначыць «Свабоду» Ігара Гермянчука і «Белорусскую деловую газету» і «Имя», якія выдаваў Пётр Марцаў. Пры гэтым Гермянчук і Марцаў стаялі на розных ідэалягічных платформах: Ігар — нацыянальна-дэмакратычных (і быў дэпутатам Апазыцыі БНФ у ВС-12), Пётра — на дэмакратычна -антыфронтаўскіх; абодвух я ведаў са студэнцкіх гадоў, зь Ігарам вучыўся на адным курсе, з Пётрамі быў у адным узводзе на ваеннай кафэдры і на зборах, таму называю іх па імёнах, як і называў пры жыцьці. Зь Ігарам у мяне было поўнае палітычнае паразуменьне, зь Пётрам — увесь час спрачаўся. Абодва сыйшлі з жыцьця вельмі, вельмі рана. Вечная памяць.

І аднаму, і другому ўдалося мала таго што стварыць уплывовыя выданьні (дзень Вячаслава Францавіча Кебіча, калі ён не пачынаўся са ста грамаў, пачынаўся са «Свабоды»), але і — ва ўсякім разе, на пэўных этапах і выйсьці на самаакупляльнасьць. Наклад той жа «Свабоды» дасягаў 100 000 асобнікаў —і ўявіце сабе, ня проста на беларускай мове, а на тарашкевіцы! (Што абвяргае тэзу пра беларускую мову як нібыта гарантыю непапулярнасьці СМІ). Менавіта гэтая ўплывовасьць і была прычынай забароны (а фактычна, зьнішчэньня) выданьняў ужо пры Лукашэнку.

Так, і «Свабода» Гермянчука, і выданьні Марцава часам атрымлівалі замежную грантавую дапамогу. Але вялізную долю ў іх фінансаваньні складалі беларускія грошы — і праз падпіску, коштам продажу ў кіёсках, і з рэклямы, і (у выпадку Марцава) з бізнэсу выдаўца ў сфэрах, далёкіх ад СМІ.

У пачатку 90-х, калі я працаваў сакратаром Камісіі ВС па пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, і адначасна распрацоўваў сыстэму дэманапалізацыі СМІ, спрабаваў пераканаць некаторых бізнэсоўцаў у патрэбе фінансаваньня незалежных выданьняў і стварэньня недзяржаўнага тэлеканалу.

Нібыта ніхто прынцыпова і ня быў супраць, а некаторыя нават прасілі дапамагчы ім зрабіць канцэпцыю газэты. Аднак на размовах справа і сьціхала. Думаю, яны нават не ўспрымалі прэсу ў чыста мэркантылным, прагматычным сэнсе, як магутны сродак асабістага палітычнага ўплыву і асабістай страхоўкі ад непрыемнасьцяў (што выдатна разумелі Беразоўсчкі і Гусінскі ў Расеі). А калі шукаць прычыну глыбей — яны ўвогуле не разумелі, што такое палітычны ўплыў, што такое палітыка. «Палітыка» для іх была — своечасова аднесьці канвэрцік патрэбнаму чалавеку ў патрэбным кабінэце. Гэта давала імгненны эфэкт; калі ты можаш дасягнуць мэты зараз, навошта клапаціцца пра тое, што можа даць (а можа і ня даць) вынік праз гады?. Пра разуменьне такіх матэрый, як фармаваньне падзелу ўладаў, грамадзянскай супольнасьці, шматпартыйнасьці, ня кажучы ўжо пра спрыяньне росту нацыянальнай сьвядомасьці — і ўзгадваць ня варта.

Дазвольце мне не называць іх прозьвішчы; маладым яны нічога ня скажуць, а старэйшыя іх чулі ў тым ліку і ў зьвязку з турэмным перасьледам або вымушанай эміграцыяй. Канверцікі, відаць, аказаліся для новай улады завнадта тонкімі.

Незалежныя СМІ, па сутнасьці, залежаць не ад беларусаў

На сёньняшні дзень найбольшыя па сваіх інфармацыйных магчымасьцях СМІ, зьвязаныя з беларускай аўдыторыяй — «Радыё Свабода» і «Белсат» — аплочваюцца, адпаведна, з амэрыканскага і польскага дзяржаўнага бюджэту. Іх узначальваюць беларусы , і асабіста я не сумняюся ні ў іх прафэсіяналізьме, ні ў іх разуменьні беларускай сытуацыі. Але над імі стаіць, адпаведна, амэрыканскі і польскі мэнэджмэнт.

Гэты мэнэджмэнт можа разумець праблемы беларускага грамадзтва, але можа і не разумець; у апошнім выпадку гэта ніяк не паўплывае на іх, амэрыканскіх ці польскіх мэнэджэраў, асабістую кар’еру. А вось кар’ерныя рашэньні ў дачыненьні да беларускіх супрацоўнікаў яны могуць прымаць якія заўгодна, апошні прыклад — «Белсат» (пры гэтым паўтару, што само па сабе прызначэньне Аліны Коўшык добры варыянт, але тое, як абышліся з Аляксеем Дзікавіцкім — вельмі прыкра. «Двойка» Вашым падначаленым за паводзіны, пан міністар МЗС Сікорскі).

Што да іншых не-лукашэнкаўскіх СМІ, дык яны фінансуюцца з розных, але таксама не беларускіх (з эўрапейскіх, амэрыканскіх) крыніцаў.

Якім чынам разьмяркоўваецца гэтае фінансаваньне, хто яго разьмяркоўвае, што гэта за людзі, у якой ступені яны ўспрымаюць праблемы беларусаў, ці падтрымліваюць яны ідэю нацыянальнага Адраджэньня — я ня ведаю.

Але ведаю, што пасьля 1999 года (раскол БНФ на «вячоркаўскі» і «пазьнякоўскі») іх папярэднікамі была дадзеная каманда незалежным СМІ «мачыць Пазьняка», што і рабілася. Ня ўсімі незалежнымі СМІ — але большасьцю  (аналіз гэтай «мачылаўкі» я зрабіў у 2001-м у артыкуле «Дык дзе ж аб’ектыўнасьць?»).

Прычына, сярод іншага (гэта тычыцца і расколу БНФ) палягала ў тым, што Пазьняк быў рэзка супраць атрыманьня партыямі замежнага фінансаваньня. Не, ня СМІ — і сьведчу, што падчас сустрэчаў з амэрыканскімі палітыкамі ў Кангрэсе і ў дзярждэпартамэнце ЗША Пазьняк настойліва прасіў дапамагаць незалежным СМІ, а таксама БАЖу і Хэльсінскаму камітэту, таму тое, што потым зрабіла тагачаснае кіраўніцтва БАЖу і БХК, было нажом у сьпіну — але вось менавіта палітычных партый.

А незалежныя СМІ ў 1999 былі моцна зьвязаныя з партыямі.

Паўтару, што казаў ужо шматкроць: ні Пазьняк, ні я за ўсё нашае жыцьцё не атрфымалі ні цэнту грантаў на прафэсійную палітычную дзейнасьць. Ды і ні капейкі (калі не лічыць так званых «дэпутацкіх» у 1990-95 гг, але дэпутат парлямэнту — гэта ўжо ня столькі палітык, колькі дзяржаўны дзяяч). Тычыцца гэта, наколькі я ведаю, і ўсіх іншых дэпутатаў Апазыцыі БНФ у ВС-12.

Вынік неаб’ектыўнасьці

Але вернемся да традыцыі замоўчваньня альбо скажэньня дзейнасьці адной палітычнай сілы на каврысьць іншых.

У дачыненьні да Пазьняка яна  цягнулася дзесяцігодзьдзямі. КХП-БНФ, якая адзіная выступала з выключна нацыянальных антырасейскіх пазыцый, падавалася як «маргінальная» — насуперак «майнстрымным», фактычна прарасейскім (кшталту АГП) ці ў лепшым выпадку «ўмераным» (ПБНФ) партыям.

Аналіз партыйнага будаўніцтва 1999-2019 гадоў ляжыць па-за межамі гэтага майго допісу, адзначу толькі, што КХП-БНФ была адзінай партыяй, якая ня мела замежнага фінансаваньня (астатнія атрымлівалі яго праз афіляваныя арганізацыі «трэцяга сэктару», а то і наўпрост) і таму была вольнай у стаўленьні да ўдзелу ў выбарах (эўрапейскія, і асабліва амэрыканскія спонсары зь іх неразуменьнем фарсавага характару выбараў ва ўмовах дыктатуры гналі, гналі і гналі дэмакратычныя партыі на выбары, а іх лідары, у прынцыпе, цудоўна разцумеючы абсурднасьць сытуацыі, былі вымушаныя на іх ісьці, ісьці і ісьці).

У «сухой рэшце» — практычна па ўсіх пазыцыях «маргінальны» Пазьняк меў рацыю, ну а ўзровень сапраўднай падтрымкі «майнстрымных» партый выявіўся ў «цікавасьці» да іх народа ў 2020 годзе.

Такім чынам, цягам двух дзесяцігодзьдзяў беларускае грамадзтва атрымлівала скажоную інфармацыю пра палітычны, і асабліва партыйны, ландшафт Беларусі. Яно не магло мець яе ад прэсы афіцыйнай, але і незалежная прэса, за рэдкім выключэньнем, яе не давала.

Відавочна, у гэтым адна з прычынай таго, што ў тым жа 2020 грамадзтва абрала сваімі фаварытамі  альбо людзей, бясконца далёкіх ад палітыкі (Бабарыка, Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія), альбо тых, хто спрыяў Лубянцы ў 1994-м працягнуць Лукашэнку на пасаду прэзыдэнта (Цапкала).

Ці мы гарантаваныя сёньня ад паўтору сытуацыі, толькі ўжо ва ўмовах, калі ўся незалежная журналістыка апынулася ў вымушанай эміграцыі?

Па тым, што бачна ў некаторых незалежных выданьнях, — адказ адмоўны.

Традыцыя «мачыць Пазьняка» працягваецца і цяпер, прычым яшчэ з большым размахам. Ня ведаю, у чым прычына: ці то быў загад ад тых, хто ўплывае на разьмеркаваньне фінансаваньне, ці то гэта асабісты выбар рэдактараў.

Але я магу прывесьці дзесятак прыкладаў, калі ў апошнія 3-4 гады незалежная прэса замоўчвала прапановы альбо выказваньні Пазьняка — і паведамляла пра іх толькі тады, калі зь імі (часта — са спазьненьнем на год, а то і болей) выступала Ціханоўская ці нехта зь яе кабінэту.

Тое, што паведамляюць пра заяву Ціханоўскай — правільна, СМІ павінны даваць апэратыўную інфармацыю. А вось тое, што замоўчваюць заявы Пазьняка — дрэнна, па той жа прычыне: СМІ павінны даваць апэратыўную інфармацыю.

У мяне ў часы дэпутацтва былі спрэчкі з Пазьняком, ёсьць яны і цяпер, і часам даволі жосткія. У прынцыпе, як Пазьняк, гэтак і я спрачаемся звычайна жостка, у сілу характараў, хаця свой характар я б ацаніў як вельмі, нават празьмерна мяккі. Ды і Зянон Станіслававіч у жыцьці — мяккі чалавек, гэта пацьвердзіць кожны, хто яго блізка ведае.

Але Пазьняк — выбітны беларускі палітык. Магчыма, самы вялікі за ўсе часы існаваньня нацыі. Бо менавіта ён прывёў нацыю да Незалежнасьці, якая — пры ўсіх нюансах — трымаецца ўжо траціну стагодзьдзя. І тое, што робіцца ў адносінах да яго — асабіста ў мяне выклікае адчуваньне вялікай несправядлівасьці.

Зрэшты, гэта магло б быць асабістай праблемай аўтараў: Пазьняк — фігура ў нацыянальнай гісторыі супастаўляльная з Каліноўскім і завснавальнікамі БНР, хочацца людзям, каб праз 200-300 гадоў іх імя ўзгадвалі як прыклад неаб’ектыўнасьці — іх права (ведаю, што некаторыя героі майго артыкулу 2001 году хацелі б забраць назад свае тагачасныя экспрэсіўныя выказваньні пра Пазьняка).

Але ж праблема ў тым, што ўсё, пра што папярэджвае Пазьняк, спраўджваецца! Ну вось літаральна ўсё. І Сьвятлана Георгіеўна малайчына, што паўтарае ягоныя тэзісы хай і праз год-два: пра рускі імпэрыялізм да іншых дайшло толькі праз 30 гадоў.

Шкада толькі, што ў палітыцы часта вырашае дзень, а то і адна гадзіна.

Вось у гэтым сэнсе «Новы Час», на маё перакананьне, падае інфармацыю непрадузята і аналізуе працэсы аб’ектыўна, у дачыненьні і Пазьняка, Ціханоўскай.

І, канешне, я ўдзячны «Новаму Часу» за пасьлядоўнае знаёмства чытачоў з падзеямі беларускай гісторыі, у тым ліку і найноўшай, у тым ліку і пэрыяду, на які афіцыйная гісторыяграфія наклала табу — нацыянальнае Адраджэньне канца 80-пачатку 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя.

Самая дыскрымінуемае прафэсія

І яшчэ адзін важны аспэкт, які тычыцца ня толькі «Новага Часу», але і ўсіх журналістаў, якія апынуліся ў выпушанай эміграцыі.

Журналістыка — складаная прафэсія (калі мы кажам пра прафэсіяналізм), і яе атрыманьне ня тоесна атрыманьню дыплёму журфаку. Як і лекар, журналіст робіцца сапраўдным прафэсіяналам толькі зь цягам часу, набіраючыся досьведу.

Але адрозна ад медыка, які, апынуўшыся ў эміграцыі, праз 3-7 гадоў (залежыць ад краіны) можа пацьвердзіць свой дыплём і, хай пачынаючы часам кар’еру з нуля, заняць ранейшую пазыцыю — журналіст гэтай магчымасьці, як правіла, пазбаўлены. Хоць бы нават з тае прычыне, што ў дарослым ўзросьце вельмі цяжка авалодаць замежнай мовай на ўзроўні носьбіта, а для прафэсійнай журналістыкі нават такога ўзроўню недастаткова. Застаюцца альбо эмігранцкія выданьні, альбо зыход у іншую прафэсію.

Усе незалежныя выданьні ў Беларусі абвешчаныя рэжымам экстрэмісцкімі, а значыць, усе іх супрацоўнікі — экстрэмісты па вызначэньні. З усімі наступствамі для іх і іх блізкіх. Такога татальнага перасьледу за прафэсійную дзейнасьць няма ў дачынентні ніякай іншай прафэсіі.

Таму падтрымка журналістаў — гэта справа беларускага грамадзтва.

Ня ведаю, ці здольныя мы стварыць «чыста беларускія» (у сэнсе фінансаваньня) СМІ, хоць бы адно. Мяркуючы па публікацыях, у замежжы ёсьць дзясятак бізнэсоўцаў, чый капітал складае сотні мільёнаў даляраў (пісалі і пра нейкага мільярдэра, заснавальніка нейкай кампутарнай танкавай гульні) — але, падобна, спадзявацца на іх ня варта. Калі б яны хацелі — ужо б стварылі ці моцна прафінансавалі ўжо існуючыя.

Тыя ж, хто разумее важнасьць справы — людзі, прама скажам, не багатыя.  Але нейкія, хоць і невялікія грошы, мы можам выдаткоўваць час ад часу.

Што сёньня я і зрабіў у дачыненьні да «Новага Часу», і да чаго заклікаю вас.

novychas.online