Лонданскае беларускае выдавецтва «Скарына» неўзабаве перавыдасць самавыдавецкую кнігу Ларысы Геніюш, якая захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. У свой час туды яе перадаў сын Ларысы Геніюш Юрка Геніюш.
Кажа рэдактар выдавецтва Ігар Іваноў.
— Цяпер прыйшоў новы час. З аднаго боку, ёсць тэхналогіі, з другога боку, ёсць патрэба і інтарэс менавіта да падобных матэрыялаў, таму што гэта гісторыя нашага самвыдаву, гісторыя супраціву, гісторыя беларускай дыяспары, цярпення і вытрымкі. Гэта таксама жаночая гісторыя. І я думаю, што гэтае выданне дазволіць нам размаўляць і гаварыць на многія тэмы па-новаму.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Скарынаўская бібліятэка захоўвае ўнікальны рукапісны зборнік вершаў Ларысы Геніюш, напісаны, сшыты і праілюстраваны самой паэткай. У 1992 годзе зборнік быў выдадзены ў Лондане з прадмовай прафесара Арнольда Макміліна. Цяпер ён будзе перавыдазены ў палепшаным паліграфічным выкананні выдавецтвам «Скарына».