Выдавецтва “Янушкевіч” анансавала выхад заключнай кнігі легендарнай трылогіі Джона Толкіна “Валадар Пярсцёнкаў. Вяртанне Караля” і адкрывае папярэдні заказ на навінку.
Як і ў папярэдніх дзвюх частках перакладчыкам з ангельскай выступіў Ігар Кулікоў. Гэта першае ліцэнзаванае беларускае выданне самага знакамітага твора ў жанры фэнтэзі.
Анатацыя:
Цёмны Валадар паўстаў, і, пакуль ён насылае орды оркаў, каб заваяваць усё Серадзем’е, Фрода і Сэм змагаюцца ў глыбіні яго гаспадарства ў Мордары. Каб перамагчы Саўрана, Адзіны Пярсцёнак мусіць быць знішчаны ў агні Гары Кону. Але дарога неймаверна цяжкая, а Фрода слабее. Пярсцёнак спакушае ўсіх, хто яго носіць, і часу ў Фрода ўсё менш. Ці змогуць Сэм і Фрода дамагчыся поспеху, або Цёмны Валадар зноў будзе панаваць над Серадзем’ем?
Папярэдне замовіць кнігу можна да 16 снежня, у такім выпадку можна атрымаць больш выгадную цану. Высылка замоваў пачнецца 17 снежня.
Старт продажаў на агульных умовах пачнецца 20 снежня.
Аформіць перазамову можна праз сайт выдавецтва Knihauka.com і праз Allegro.