«Белсат» даведаўся, колькі студэнцкіх візаў у Польшчу атрымалі беларусы, якія паступілі ў польскія ўстановы адукацыі. Статыстыка сумная.
Сёлета «Белсат» ужо пісаў наконт праблемаў, з якімі сутыкнуліся беларусы, што паступілі ў польскія ВНУ. Многія студэнты, якія здалі экзамены і залічаныя ў польскія ВНУ, да гэтага часу не могуць выехаць з Беларусі. Пры залічэнні ўніверсітэты далі адтэрмінаванне для падачы настрыфікацыі – пацверджання беларускіх школьных атэстатаў. Абітурыенты спланавалі зрабіць гэта па прыездзе на вучобу, але выявілася, што для атрымання студэнцкай візы патрэбная гатовая настрыфікацыя (падцверджанне атэстату аб сканчэнні школы), якую можна зрабіць толькі на тэрыторыі Польшчы. А візу без гатовай настрыфікацыі выдаваць адмаўляліся.
Калі пачаўся навучальны год, Польшча дазволіла атрымліваць настрыфікацыю праз прадстаўнікоў, але і іх знайсці – той яшчэ кўэст з улікам таго, як цяжка атрымаць запіс у польскі візавы цэнтр. Таму некаторыя студэнты дагэтуль не могуць выехаць.
Апошнія месяцы бацькоў беларускіх студэнтаў, якія паступілі вучыцца ў Польшчу, выглядалі прыкладна аднолькава:
«У верасні падаліся на візу са стандартным пакетам дакументаў: матывацыйны ліст, жыллё, аплачанае навучанне, выпіс, без настрыфікацыі і ўнёску. Праз 9 дзён атрымалі адмову. Назаўтра падаліся зноў, у гэты ж дзень нам паставілі зноў штамп з адмовай. Цётка ў тэрміновым парадку з’ездзіла ў Польшчу і зрабіла ўнёсак, каб з ім падацца на апеляцыю. Уклалі ўнёсак і матывацыйнае, але і на апеляцыю атрымалі адмову. У выніку дапамаглі знаёмыя, якія зрабілі нам настрыфікацыю ў Польшчы і перадалі дакументы аўтобусам. Пакуль аўтобус ехаў, мы напісалі ў консульства, на наступны дзень атрымалі дату, а праз шэсць дзён забралі пашпарт, і 25 лістапада дачка нарэшце з’ехала на вучобу», – пішуць бацькі студэнтаў у чатах.
На пытанне «Белсату», чаму так атрымліваецца і ці збіраецца Польшча нешта мяняць, каб прыбраць бюракратычную пастку, дакладнага адказу мы не атрымалі: з усяго відаць, польскія ўстановы адукацыі да гэтага часу не вызначыліся, хто за гэты працэс адказвае.
МЗС адказаў нам так: «Як правіла, замежнікі могуць падаць заяву на атрыманне настрыфікацыі асабіста або праз прадстаўніка, таксама можна прызначыць законнага прадстаўніка для абслугоўвання. Пытанні тэрмінаў, уведзеных універсітэтамі, не ў межах юрысдыкцыі Міністэрства замежных справаў».
Пры гэтым МЗС Польшчы распавёў «Белсату», колькі беларусаў атрымалі студэнцкія візы за 2024 год. Статыстыка сумная: паводле звестак, беларусы падалі 3433 заявы на атрыманне студэнцкай візы, з іх 26 % атрымалі адмову.
«У перыяд з 1 студзеня 2024 года да 31 кастрычніка 2024 года грамадзянам Беларусі выдадзена 2540 візаў з мэтай 09 «навучанне на першым узроўні, другім узроўні навучання або адзінай магістратуры або навучанне ў дактарантуры». У візах было адмоўлена ў 893 выпадках», – адказалі ў консульскім дэпартаменце МЗС.