Амерыканскі калекцыянер адшукаў пашпарт, выдадзены дыпламатычнай місіяй БНР

Ён дапамог яўрэйскай жанчыне атрымаць візу да Амерыкі і, магчыма, пазбегнуць жахаў Халакосту ў Еўропе.

Пашпарт БНР, выдадзены ў Берліне Куіне Лібінай

Відэа з пашпартам БНР і іншымі дакументамі, звязанымі з эміграцыяй у ЗША, апублікаваў інстаграм-акаўнт Vintage Passport Collector.

Пашпарт з нумарам 734/540 быў выдадзены на імя нейкай Куіны Лібінай (Kuina Libin) 22 чэрвеня 1923 года тэрмінам на адзін год. Дакумент быў выдадзены ёй для таго, каб яна магла выехаць у Амерыку. Мяркуючы па імені, яна была яўрэйкай. 

Вокладка пашпарта БНР і старонка з імем. Скрыншоты відэа

У дакуменце напісана, што Лібінай было 42 гады (дакладная дата нараджэння не пазначана), яна нарадзілася ў Харкаве і пастаянна пражывае ў Данцыгу, які на той час быў вольным горадам. Але чамусьці па дзяржаўнай прыналежнасці яе прыпісвалі да Беларусі. У графе службы, то бок прафесіі, пазначана «пры мужу».

Пячаткі ў пашпарце сведчаць, што ён выдадзены Надзвычайнай місіяй БНР у Берліне. Подпіс у дакуменце належыць Андрэю Бароўскаму, тагачаснаму кіраўніку місіі. Фактычна гэты пашпарт з’яўляецца прыкладам таго, як беларуская місія зарабляла грошы на сваё існаванне, карыстаючыся сваім нявызначаным статусам і прадаючы ўсім ахвотным патрэбныя дакументы.

Найбольш плённым перыядам дзейнасці місіі БНР у Берліне былі 1919-1921 гады, калі пасля перамоваў з прадстаўнікамі знешнепалітычнага і ваеннага ведамстваў Германіі беларускія прад­стаўнікі дамагліся дазволу выдаваць грамадзянам Беларусі пашпарты БНР. Уладальнікі такога пашпарта маглі без перашкод жыць у Еўропе, атрымаць візу на пераезд у Амерыку ці вярнуцца на радзіму.

Старонкі з фотаздымкам і апісаннем асобы ў пашпарце БНР. Скрыншоты відэа

Акрамя сціплых і нерэгулярных паступленняў грошай ад беларускага ўрада з Коўна, місія зарабляла сродкі на існаванне за кошт консульскіх паслугаў — за ўвесь час яе працы было выдадзена каля 2 тысяч пашпартоў. Пасля пераезду Рады міністраў БНР у Прагу роля Берліна ў знешнепалітычнай дзейнасці паступова падае, а з 1 верасня 1922 года цалкам спыняецца фінансаванне місіі, прадстаўніцтва пераходзіць на самаўтрыманне.

І хаця немцы вельмі прыхільна ставіліся да беларускага нацыянальнага руху і эміграцыйнага ўрада, яны, звязаныя ў сваіх дзеяннях Версальскімі дагаворамі, не мелі магчымасці прызнаць БНР. У 1922 годзе Германія падпісала Рапальскі дагавор, усталяваўшы дыпламатычныя зносіны з РСФСР, які пасля быў распаўсюджаны на іншыя савецкія рэспублікі. Місія БНР, апошняе прадстаўніцтва непрызнаных дзяржаў, што засталося ў Берліне, фактычна знаходзілася на паўлегальным становішчы. Аднак на тое, што місія БНР працягвае выдаваць пашпарты, пакуль працягвалі глядзець праз пальцы.

Старонкі з мэтай і датай выдачы пашпарта БНР. Скрыншоты відэа

У лісце Міністэрства замежных спраў Германіі ад 28 жніўня 1923 г. да Дзяржаўнага камісара Прусіі заяўлялася:

«Пан А. Бароўскі як прадстаўнік БНР ні ў якім разе не замоўчваецца Міністэрствам замежных спраў. Яно разглядае яго і ягоных людзей, на жаль, як прадстаўнікоў адной з груп замежных палітыкаў. БНР больш не існуе. Так званы Беларускі Народны Урад, які павінен прадстаўляць гэтую рэспубліку, знаходзіцца за межамі краю …

у далейшым цярпець тое, што Бароўскі працягвае выдаваць пашпарты па палітычных матывах, немагчыма. Акрамя таго, яно супярэчыць пагадненню, якое Нямеччына падпісала 5 лістапада 1922 г. з Савецкаю Сацыялістычнаю Рэспублікаю Беларусь…»

Канчаткова сваю дзейнасць Дыпламатычная місія БНР у Германіі спыніла ў кастрычніку 1925 года пасля Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне, на якой пад уплывам станоўчых падзей у БССР і прапаганды савецкага ладу было прынята рашэнне аб ліквідаванні ўрада БНР і прызнанні Менска «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі».

Анкета, запоўненая ў консульстве ЗША ў Данцыгу, для атрымання візы. Скрыншот відэа

Выдадзены місіяй БНР у Берліне пашпарт дапамог Куіне Лібінай атрымаць амерыканскую візу. Пра гэта сведчыць анкета, якая была запоўнена 9 кастрычніка 1923 года ў консульстве ЗША ў Данцыгу, якая таксама была апублікавана калекцыянерам старых пашпартоў. У ёй запісана, што Лібіна збіралася пераехаць да сваёй кузіны ў Пітсбург, штат Пенсільванія. Ужо на наступны дзень віза была падпісаная.

Ці скарысталася Лібіна візай, каб дабрацца да Амерыкі, невядома — такое імя не ўдалося адшукаць у базах даных. Але можна спадзявацца, што пашпарт, выдадзены місіяй БНР у Берліне, дапамог ёй пазбегнуць на схіле гадоў жахаў вынішчэння нацыстамі яўрэйскага насельніцтва ў Еўропе.

nashaniva.com