Транс-пераход, ціск і эміграцыя: гісторыя беларуса Марата і яго дзяцей

Гісторыя транс-персоны Марата / @rubanau_collage

37-гадовы беларус Марат прайшоў праз мноства выпрабаванняў, каб зрабіць транс-пераход, але потым сутыкнуўся з ціскам, пагрозамі і бясконцай беларускай бюракратыяй.

У краіне працэдура змены полу легальная, але за апошнія два гады адмоваў стала каля 80%. Марат падзяліўся з «Еўрарадыё» гісторыяй свайго жыцця, барацьбы за ідэнтычнасць, транс-пераходу, ціску на дзяцей і эміграцыю.

Пра дзяцінства

Пачнём з таго, што я такім нарадзіўся, але ў жаночым целе.

У дзяцінстве я ідэнтыфікаваў сябе як хлопчыка, гаварыў пра сябе ў мужчынскім родзе. Сябры вечна жартавалі, што я падобны да хлопца, бабуля ўсё жыццё казала, што мне трэба было пацаном нарадзіцца.

Дзядуля па іншай лініі вучыў мяне мужчынскаму рамяству: стамескай карыстацца, дрэва апрацоўваць, рамантаваць нешта, але пры гэтым увесь час прыгаворваў: “Не забывай: ты дзяўчынка”.

Я хадзіў у мужчынскай вопратцы, тусаваўся з хлопцамі, дзявочыя размовы пра касметыку мне былі зусім не цікавыя, хоць сяброўкі ў мяне былі. У мяне былі спробы рабіць макіяж, пазногці. Але якія там пазногці, калі мне ў машыне калупацца трэба?

Мары пра пераход

У студэнцкія гады я пазнаёміўся з хлопцам і выпадкова аказалася, што мы чакаем папаўнення. Рабіць аборт па тэрмінах было позна, і нас стала трое, а крыху пазней нарадзілася і другое дзіця.

Прайшло яшчэ некалькі гадоў, з мужам я развёўся. Неяк лазіў у інтэрнэце і наткнуўся на артыкул пра трансгендарносць. У той момант я ўсвядоміў, што гэта менавіта той кавалак пазла, якога не хапала. Гэта быў адказ на ўсе пытанні.

У Марата чацвёра дзяцей

Я пачаў даведвацца, ці магчыма здзейсніць пераход, і аказалася, што ў Беларусі гэта можна зрабіць. Прычым бясплатна. Але тым, у каго ёсць дзеці, пераход зрабіць не атрымаецца.

Тады я вырашыў, што трэба працягваць жыць, у мяне з’явіўся хлопец, я зноў выйшаў замуж і думаў, што буду добрай жонкай, нарадзілася трэцяе дзіця. Вядома, з гэтага нічога не выйшла. Праз пару гадоў я падаў на развод, але мы далей жылі разам, а потым я нарадзіў чацвёртага.

Крыху пазней я даведаўся, што такога супрацьпаказання ніколі не існавала. Дарога да пераходу была адкрытая.

“Вялікі крок наперад”

Я моцна нерваваўся, перажываў і разумеў, што, калі ступлю на гэтую сцежку, дарогі назад ужо не будзе. Улетку 2021 года я ўпершыню прыйшоў у РНПЦ псіхічнага здароўя пагаварыць з сексолагам.

Доктар мяне ўважліва выслухаў, ацаніў, наколькі гэта спелае рашэнне і ці ёсць падставы. І пагадзіўся працаваць са мной далей. Я зрабіў вялікі крок наперад, але з іншага боку, гэта быў крок у бездань.

Раз на тры месяцы я хадзіў да сексолага, наведваў псіхолага, прайшоў яшчэ сякіх-такіх дактароў і адляжаў у РНПЦ псіхічнага здароўя два тыдні.

Я ўсё зрабіў, і заставалася наведаць дацэнта на кафедры псіхіятрыі, які і мусіў паставіць дыягназ. Я прыйшоў, і з яго паводзін было вельмі прыкметна, што я яму не падабаюся, што яму брыдка.

Ён падпісаў мне патрэбную паперу, але паабяцаў, што камісію я дакладна не прайду, хоць ён і дапусціў мяне туды. [Камісія — гэта працэдура з двух этапаў: першая камісія дае дазвол на юрыдычны пераход (змена імя і гендарнага маркера), а другая — медыцынская. — Еўрарадыё].

“Камісія дае дабро”

Чаканне камісіі было вельмі стрэсавым. З такім напружаннем не параўнаецца ні адзін экзамен.

Я зайшоў, саджуся перад усімі чальцамі [у склад камісіі ўваходзяць спецыялісты са сфер аховы здароўя, адукацыі і праваахоўных органаў. — Еўрарадыё], мне задаюць пытанні пра тое, як я наважыўся, пытаюць пра дзяцей. У цэлым там было камфортна.

Праз паўгадзіны камісія абвясціла вердыкт і дала дабро. Гэта значыла, што я магу змяніць пашпарт з жаночага на мужчынскі. Тады гэта было найважнейшым на свеце.

З новымі дакументамі я мусіў пражыць год, і, калі за гэты час адбывалася паспяховая сацыялізацыя, мяне маглі дапусціць да другой камісіі, пасля якой я мог атрымліваць гарманальную тэрапію.

Але паспяховая сацыялізацыя ў патрэбным гендары без гармонаў немагчымая, таму я прыдумаў легальны абыход і звярнуўся да эндакрынолага ў Расіі. Там я пачаў атрымліваць гармоны і прымаць іх. Дзесьці праз тры месяцы я пачаў мяняцца і ўжо быў падобны да мужчыны.

Першыя цяжкасці

Спачатку я памяняў пасведчанне пра нараджэнне, пашпарт, працоўную кніжку, правы кіроўцы, усе запісы ва ўсіх банках, дыпломы, атэстаты.

Потым трэба было памяняць дакументы на дзяцей. У Беларусі, згодна з Кодэксам пра шлюб і сям’ю, калі ў дакументы з бацькоў былі ўнесеныя змены, то яны аўтаматычна ўносяцца і ў дакументы дзяцей.

Калі я прыйшоў у ЗАГС забіраць сваё пасведчанне пра нараджэнне, мне адразу ж сказалі: “Майце на ўвазе, дакументы на дзяцей вы змяніць не зможаце”, — ніяк не патлумачыўшы прычыны.

У ЗАГСе не хацелі мяняць дакументы / transcoalition.net

Я вырашыў звярнуцца ў іншы ЗАГС, дзе мае дакументы ўсё ж адважыліся прыняць. Але пасля доўгага чакання адмовіліся іх мяняць, заявіўшы мне, што “маці — гэта жанчына, што ў дачыненні да дзіцяці выконвае адпаведныя функцыі”. І сказалі звяртацца ў суд.

Ціск праз дзяцей

Толькі я падумаў, што ўсё наладжваецца, як бяда прыйшла адкуль не чакалі. Гэта быў канец жніўня 2023 года, дзеці толькі прыехалі з лагера.

Мне патэлефанавалі са школы і тэрмінова выклікалі да дырэктара. Я падумаў, што здарылася нейкая катастрофа. Дырэктарка патлумачыла, што на мяне прыйшла нейкая папера. А я ёй: “Якая на мяне вам магла прыйсці папера? Гэта ж не я вучуся ў вашай школе”.

Нейкі псіхолаг у лагеры, пра якога ніхто нават не чуў, заявіў, што мае дзеці зазнаюць дома гвалт. Хоць мой старэйшы сын, у якога аўтызм, яшчэ з лагера тэлефанаваў мне і скардзіўся, што там няма псіхолага.

Аказалася, гэтая папера прыйшла з упраўлення адукацыі. Дырэктарка сказала, што школа абавязаная адрэагаваць, і пачала ў дачыненні да нашай сям’і сацыяльнае расследаванне.

Да нас дадому пачалі хадзіць розныя камісіі: са школы, з сацабароны, выканкама, з міліцыі і нават з МНС. Некаторыя — па два разы.

Пасля ўсіх праверак прызначылі дату самога паседжання. Я прыйшоў у школу, сеў насупраць камісіі. Усім стала зразумела, што ніякага гвалту няма, дзеці жывуць нармальна, сям’я ў нас добрая. Здавалася б, на гэтым усё, але не.

І я чую, як дырэктарцы нешта шэпчуць на вуха, яна апамяталася і задае мне пытанне: “А чаму вы сексолага не наведваеце?”(напярэдадні мяне выклікалі ў РНПЦ і прад’явілі, што я не наведваю сексолага, хоць гэта не так). То-бок на паседжанні, дзе ідзе гаворка пра маіх дзяцей, мяне пытаюць пра майго сексолага.

Мне сказалі, што я мушу прынесці даведку пра тое, што сапраўды наведваў сексолага, інакш маіх дзяцей паставяць у СНС [сацыяльна небяспечнае становішча. — Еўрарадыё]. То-бок з дзецьмі ўсё добра, але калі я не прынясу даведкі да канца дня, дзяцей паставяць у СНС.

Даведку я, вядома, прынёс, і пытанне , здавалася б, вырашылі.

“Камісія спецыяльна для мяне аднаго”

Увосень 2023 года я мусіў быў класціся на аперацыю, не звязаную з пераходам. І аказалася, што перагляд першай камісіі паставілі якраз на тыя дні, калі я мусіў знаходзіцца ў шпіталі. Я вырашыў, што гэтым разам прапушчу і пайду на зімовую — так рабіць ніхто не забараняе.

Мяне прааперавалі, я адыходжу пасля наркозу, да мяне прыходзіць загадчык аддзялення хірургіі і кажа: “Слухайце, нешта вамі там з Мінздароўя цікавяцца, нейкая камісія…”

Праз пару дзён мяне выпісалі, і не паспеў я даехаць да дома, як мне тэлефануюць з РНПЦ і просяць прыехаць на візіт. Я адмовіўся, бо проста не мог пасля аперацыі фізічна гэта зрабіць, і мы дамовіліся пра візіт праз тры тыдні.

Я прыязджаю да іх, мяне сустракае сексалагіня і кажа, што са мной хоча пагаварыць дырэктар. Ніякіх падрабязнасцяў яна мне не расказала, завяла ў кабінет, адчыняюцца дзверы — а там камісія: 15 чалавек і адно сіроцкае крэселка для мяне аднаго ў цэнтры залы.

У РНПЦ правялі камісію для аднаго Марата

Ужо ў гэтым моманце мае правы былі парушаныя: па законе яны абавязаныя папярэджваць загадзя пра месца і час. Нават калі мы ішлі да кабінета, мне не сказалі, куды мы ідзём.

Аказалася, што гэта была камісія спецыяльна для мяне аднаго. У ёй нават удзельнічаў намеснік міністра аховы здароўя. Я расказаў, што ў мяне ўсё добра, што мая сацыялізацыя праходзіць паспяхова і гэтак далей.

“Вы ж разумееце, што мы вас не проста так сюды паклікалі?” — пытаюць яны мяне. А потым дадаюць, што ў маёй асабістай справе не знайшлі даведкі таго самага дацэнта, да якога я прыходзіў у самым пачатку. Але ён жа ў выніку яе падпісаў, без яго подпісу мяне б не дапусцілі да першай камісіі.

Потым яны прычапіліся да таго, што я нібыта схаваў факт таго, што 20 гадоў таму ляжаў у РНПЦ псіхічнага здароўя (тады ў мяне была спроба суіцыду, і мама мяне адправіла ў “вар’ятню”). А я казаў пра гэта свайму сексолагу, і ён не бачыў сэнсу адзначаць тое, што было 20 гадоў таму.

Таксама спрабавалі “прышыць”, што я нібыта незаконна атрымліваю гармоны, хоць у мяне ёсць расійскі легальны рэцэпт. У нас жа няма закона, які забараняе прымаць лекі, набытыя ў іншай краіне па рэцэпце доктара!

Урэшце яны параіліся і скасавалі рашэнне першай камісіі. У мяне быў шок, я пачаў задаваць нейкія ідыёцкія пытанні. Мне сказалі, што я мушу змяніць дакументы назад на жаночыя.

Яны мне заявілі: “Альбо вы добраахвотна самі падпісваеце форму пра тое, што хочаце памяняць дакументы, альбо праз суд”. А з гэтага вынікае, што яны праз міліцыю анулююць мой пашпарт, а мае дзеці трапяць у СНС.

Урэшце пад іх ціскам мне давялося падпісаць гэтыя паперы.

Здавалася, жыццё зруйнаванае.

Бюракратычнае пекла

На наступны дзень я крыху прыйшоў у сябе і вырашыў шукаць адваката. Мне параілі звярнуцца ў адну арганізацыю, дзе мне трапілася вельмі добрая юрыстка. Яна дапамагла скласці заяву на адкліканне папер, якія я падпісаў на камісіі.

Пазней мы напісалі скаргі ў Мінздароўя, адкуль прыйшоў адказ, што я не магу добраахвотна адклікаць свой подпіс, бо камісія ўжо адбылася.

Мы пайшлі далей. Пісалі ў савет дэпутатаў, Палату прадстаўнікоў, але ўсе яны рэкамендавалі зноў звяртацца ў Мінаховы здароўя.

Ну і ў выніку я звярнуўся ў пракуратуру наконт парушэння маіх правоў. І яны таксама перанакіравалі скаргу ў Мінздароўя.

Інстанцыі скончыліся, Мінздароўя даслала адказ, што рашэнне не зменіцца, і парэкамендавала звярнуцца ў суд.

Вядома, суд сказаў бы мне тое самае. А адвакаты, да якіх я звяртаўся, адмаўляліся брацца за гэтую справу.

Улічваючы рэаліі ў Беларусі, мы сышліся на тым, што трэба збіраць чамадан і з’язджаць.

“Першы беларус з французскай гуманітарнай візай”

Добра, што знайшліся людзі і арганізацыі, якія дапамаглі з візай. Я быў першым беларусам, які атрымаў французскую гуманітарную візу.

Адна арганізацыя дапамагла мне аплаціць білеты на самалёт, бацькі залезлі ў даўгі і аплацілі трансфер да Вільні і па Францыі.

Я разам з усімі сваімі дзецьмі сеў у аўтобус і з’ехаў. Амаль суткі былі ў дарозе: аўтобус, самалёт, аўтобус, цягнік. Самае галоўнае, што мы апынуліся тут.

Як расказваў Марат сайту ініцыятывы TGHouse, Францыя прыняла сям’ю добра. Яны жывуць у невялікім мястэчку, дзеці ходзяць у школу, і праблем з адаптацыяй практычна няма.

euroradio.fm