13 снежня ў Сейме Літоўскай Рэспублікі адкрыўся Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў «Надзейная і прафесійная журналістыка: мэта — падтрымліваць самыя высокія стандарты». Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец сказаў, што Форум — значны акт падтрымкі і салідарнасці не толькі беларускіх журналістаў у выгнанні, але і калег, якія застаюцца ў Беларусі.
Удзельнікаў Форуму вітаў першы намеснік старшыні Сейма Літвы Ёзас Олекас:
— Вельмі важнай з’яўляецца будучыня незалежнай прафесійнай журналістыкі, якая вяла Літву да нашай свабоды. Нас натхнялі дысідэнты, змагары пасляваеннага перыяду.
Але ўва многія сем’і звярталіся надзейныя журналісты з «Голасу Амерыкі», «Радыё Свабода», якія, як і беларускія журналісты сёння, не маглі жыць у сваёй краіне, эмігравалі ў дэмакратычныя краіны і намагаліся перадаць нам, у акупаваную саветамі Літву, праўдзівую інфармацыю. Надзейная прафесійная журналістыка неабходная. Мы, як палітыкі, хоць і працуем як мага больш інтэнсіўна самі, але шчыпок з боку журналістаў часам неабходны, каб не даць палітыкам заснуць.
Дайнюс Радзявічус, старшыня Саюза журналістаў Літвы, звярнуў увагу на памылкі з боку ўплывовых медыяў, зробленых не так даўно:
— У СМІ зрабілі шмат памылак. Time яшчэ ў 2016 годзе назваў Пуціна новым царом Расіі — чалавека, які ўжо тады кіраваў злачыннай дзяржавай. Гэты чалавек быў абраны нашымі калегамі чалавекам года: нібыта ён прынёс стабільнасць у Расію і зрабіў яе сусветнай дзяржавай. Штосьці не так мы зрабілі ў 2016 годзе. Можа, часам не ўяўляем, колькі памылак мы робім… Толькі агаляючы памылкі ў мінулым, мы можам не паўтараць такія ж памылкі ў будучыні.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец нагадаў, што ў Беларусі і сёння затрымліваюць людзей, якія выступалі супраць фальсіфікацыі выбараў яшчэ 4 гады таму.
— Гэты год называюць супергодам выбараў. Выбары прайшлі больш чым у 70 краінах, прайшлі ў Літве, так званыя «выбары» будуць праз месяц у Беларусі. Па сёння затрымліваюць людзей, якія выступалі супраць фальсіфікацыі выбараў яшчэ 4 гады таму. Гэта адбываецца на тле міжнародных канфліктаў і войнаў, колькасць якіх толькі павялічваецца. Мы ўбачылі падзенне рэжыма Асада, але не ведаем, ці не стане Сірыя яшчэ адной гарачай кропкай. Сітуацыя ў Грузіі ўсё больш нагадвае Беларусь — з падаўленнем свабоды слова і мірных пратэстаў. Журналісты могуць даносіць праўду, даваць права выказацца ўдзельнікам падзеяў, якія, можа, становяцца і ахвярамі. Вельмі цяжка не перайсці на адзін з бакоў, не стаць маніпулятарамі.
Мая Север, прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў адзначыла, што незалежныя журналісты не з’яўляюцца ворагамі палітыкаў і дзяржавы, яны стаяць на варце грамадскіх інтарэсаў.
— Салідарнасць — не проста слова, гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Гэта тая сіла, якая прымушае паўстаць супраць дэзінфармацыі, ціску, прапаганды. Прафесійная журналістыка — адзіная абарона ад дэзінфармацыі. У Беларусі журналісты сутыкаюцца з несправядлівымі аб’яднаннямі. Але межы праўду не спыняюць.
Праўда становіцца мішэнню, а журналісты ахвярамі. Ваша праца — сімвал змагання за свабоду. Турмамі, цэнзурай ці запалохваннем праўду нельга схаваць. Мы будзем дамагацца, каб міжнародная супольнасць супраціўлялася рэпрэсіям.
Беата Марцін, дырэктарка Фонда Эберта краін Балтыі падкрэсліла:
— Літва стала бяспечным месцам для многіх журналістаў, якія не могуць працаваць у сваіх краінах. Вельмі важна, што журналісты могуць абмеркаваць праблемы якаснай журналістыкі ў бяспечным месцы. Абарона крыніц інфармацыі, абарона журналістаў ад пераследу — гэта важна для захавання жыццяў і развіцця журналістыкі. Якасная журналістыка адыгрывае незаменную ролю для дэмакратыі, у барацьбе супраць дэзінфармацыі, асабліва расійскай, і аперацый уплыву.