У заходняй навуцы расце цікавасць да Беларусі. Але з перашкодаў не толькі матрошкі ды чабурашкі

Жэня Міронава і Саша Рэйзар. Фота: Jenya Mironava / Facebook, Sasha Razor / Facebook

Заходнія навукоўцы раптам зацікавіліся Беларуссю: на канферэнцыях ладзяць даклады пра нашу краіну і абмяркоўваюць беларускае кіно ды будаўніцтва нацыі. Пра гэта «Наша Ніва» пагутарыла з дзвюма беларускімі даследчыцамі, якія цяпер працуюць у ЗША — Жэняй Міронавай і Сашай Рэйзар.

Вучоныя перш за ўсё адзначаюць, што яны — не першыя ў амерыканскай акадэмічнай супольнасці, хто ўзяўся працаваць у беларусістыцы. Яшчэ ў другой палове 20 стагоддзя працаваў легендарны беларускі гісторык Янка Запруднік.

Але сёлета нешта змянілася. Вось як гэта апісвае Саша Рэйзар, выкладчыца кафедраў германскіх і славянскіх даследаванняў, кіно і медыя ў Каліфарнійскім універсітэце:

«Раптам беларускія панэлі на канферэнцыях перасталі быць месцам для самотных гутарак з самімі сабой — прыйшлі людзі! І не проста прыйшлі, а селі і слухаюць! Адбыўся цэлы беларускі паток, і мы самі прыемна здзівіліся, што асобныя залі былі поўныя — асабліва падчас дыскусій пра беларускую літаратуру і кінематограф!

Гэта яшчэ не значыць, што заўтра асобныя амерыканскія славісты кінуць умоўнага Дастаеўскага і пабягуць вывучаць беларускую літаратуру. Але ў паветры нешта змянілася, людзі нарэшце пачалі разумець, што руская культура — гэта не ўся культура рэгіёну. І калі раней час ад часу трэба было тлумачыць базавыя рэчы пра Беларусь, цяпер мы можам нарэшце гаварыць пра тое, што там адбываецца».

Літаратура, аднак, адстае. Жэня Міронава, выкладчыца кафедры славянскіх моваў і літаратур у Гарвардзе, адзначае, што амерыканцы надаюць вельмі мала ўвагі беларускім аўтарам. Калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, яе творы апынуліся ў праграмах амерыканскіх універсітэтаў, але іх вывучаюць збольшага ў кантэксце рускай літаратуры ці савецкай гісторыі. У Гарвардзе яшчэ да 2020-га студэнты чыталі творы паэткі Вальжыны Морт. Але ўсё гэта — адзінкавыя прыклады.

Жэня і Саша прааналізавалі, колькі разоў наша краіна згадваецца ў праграме ASEEES, найбуйнейшай канферэнцыі славістаў у Паўночнай Амерыцы. У 2014-м такіх згадак было толькі сем, праз некалькі гадоў іх колькасць пачала павольна расці. У 2021-м адбыўся прарыў — нашу краіну згадалі 31 раз, а сёлета колькасць такіх згадак склала 36 разоў.

Дарэчы, шмат у чым гэта звязана і з працай Жэні і Сашы, таму што беларускі арганізоўвалі на леташняй ASEEES секцыі пра нашу краіну.

Што абмяркоўваюць на гэтых канферэнцыях? На ASEEES, расказвае Саша, развярнулася дыскусія пра рускамоўных літаратараў з Беларусі, таксама была паспяховай панэль на канферэнцыі, прысвечаная беларускаму кіно. Гутараць пра беларускі супраціў і жыццё дыяспар, разважаюць пра будаўніцтва беларускай нацыі. 6 снежня, напрыклад, у Стэнфардскім універсітэце расказвалі пра беларускае грамадства ў выгнанні, разам з Сашай тую лекцыю правялі мовазнаўца Марына Антанюк-Пруто (Стэнфард) і драматург ды выкладчык Ельскага ўніверсітэта Андрэй Курэйчык.

Тым часам амерыканскія славісты ўсё яшчэ схільныя выдзяляць рускую культуру сярод іншых славянскіх, расказвае Саша:

«На фоне халоднай вайны нарадзілася цэлая навуковая плынь, захопленая рускай літаратурай і культурай. У кабінетах многіх маіх калегаў — матрошкі, чабурашкі ды іншыя савецкія цацкі. Усё гэта з’явілася, калі амерыканская дзяржава шчодра фінансавала славістыку. Але замест вывучэння ваенных сакрэтаў СССР амерыканскія прафесары ўлюбіліся ў рускую культуру.

А цяпер мы кажам: «Даруйце, але Расія — гэта не ўся Усходняя Еўропа. Ёсць яшчэ Беларусь, і Украіна, і іншыя краіны, і ідзе жахлівая вайна!» І тут пачынаецца самае цікавае. Кожнае пытанне пра Беларусь — гэта выклік. Калі для Украіны яшчэ адкрываюцца новыя пасады і праграмы, уводзяцца курсы ў праграму навучання, то з Беларуссю гэта пакуль магчыма рабіць толькі праз уключэнне беларускіх матэрыялаў у аглядныя курсы па рэгіёне».

Каб змяніць сітуацыю, Жэня і Саша прыкладаюць шмат намаганняў. Жэня расказвае, што першы кірунак іх працы — павышэнне бачнасці беларускіх даследаванняў, другі — уключэнне беларускай тэматыкі ў больш шырокія навуковыя працы. Але найбольшую ўвагу, паводле словаў Жэні, трэба надзяляць іншай справе:

«Самае важнае цяпер — гэта пераклады беларускай літаратуры, нават важнейшае за стварэнне афіцыйных праграм беларускай мовы ў ЗША! Вось я, напрыклад, выкладаю беларускую мову аднаму студэнту ў Гарвардзе, але гэта, можна сказаць, «партызанская» праца — курс нават не трапіў у афіцыйны каталог. 

Стварыць пакаленне студэнтаў, здольных чытаць і вывучаць беларускую літаратуру ў арыгінале — гэта справа дзесяцігоддзяў, і цяпер якасныя пераклады — асноўны прыярытэт. Выклік заключаецца ў тым, каб, па-першае, знайсці час і энергію для перакладу, што па сутнасці з’яўляецца валанцёрствам, а па-другое, знайсці выдаўцоў, гатовых выдаваць гэтыя кнігі».

nashaniva.com