23.01 – Галасы эмігрантаў раскажуць пра цяжкасці легалізацыі ва Уроцлаве. Такую інсталяцыю прыдумала мастачка

інсталяцыя ва Уроцлаве. Фота: Прастора 66P

Галасы мігрантаў, што расказваюць пра праблемы, з якімі сутыкаюцца ў Польшчы, прагучаць падчас інсталяцыі «Помнікі будуць гаварыць нашымі галасамі». Яна адкрылася ва Уроцлаве. Аўтарка інсталяцыі дала слова і беларусам.

Інсталяцыя ўяўляе сабой шэраг гучнагаварыцеляў, усталяваных на металічных мацаваннях. З іх гучаць галасы мігрантаў — украінцаў, беларусаў, калумбійцаў, — якія жывуць у горадзе. Запісы гучаць на іх родных мовах, а таксама ў перакладзе на польскую і англійскую.

Мігранты дзеляцца, напрыклад, праблемамі з камунікацыяй і легалізацыяй побыту. Уроцлаў — сталіца Ніжнесілезскага ваяводства, вядомага доўгім тэрмінам разгляду спраў пра дазволы на жыхарства для замежнікаў. Дакументаў для легалізацыі тут часта чакаюць год і болей.

— Часта з-за нефармальных працоўных адносін, з-за страху дэпартацыі або з іншых прычын [мігранты] не могуць выйсці на пратэст або сказаць ад свайго імя, — расказала тэлеканалу TVP3 Wrocław стваральніца інсталяцыі мастачка Марта Раманків, якая паходзіць са Львова, а жыве ў Кракаве.

Мастачка стварыла канструкцыю інсталяцыі з гучнагаварыцелямі са смелай задумай — паставіць яе так, каб «абгарнуць» помнік польскаму паэту Аляксандру Фрэдра. Гэты манумент таксама ў свой час «міграваў» — у 1897 годзе быў адкрыты ў Львове, а пасля Другой Сусветнай вайны перавезены ва Уроцлаў, дзе ўсталяваны на цэнтральнай плошчы. Аднак гэтую ідэю пакуль немагчыма рэалізаваць.

Інсталяцыя «Помнікі будуць гаварыць нашымі галасамі» прадстаўленая ў прасторы 66P (вул. Księcia Witolda 66). Выстава будзе працаваць да 1 сакавіка, а на 23 студзеня запланаваныя сустрэча са стваральнікамі інсталяцыі і паэтычны слэм. Уваход бясплатны.

mostmedia.io