Другі год запар фэст праходзіць па-за Беларуссю. Гэтым разам Стральцоўскі фэст ізноў прыняла Вільня, адкрыццё адбылося ў Саюзе пісьменнікаў Літвы.
«Вельмі радая, што пры любых абставінах гэты фестываль адбываецца. Мы жывём у горадзе, які заўсёды быў адкрыты ўсім нацыям і ўсім культурам, — зазначыла падчас адкрыцця фэсту кіраўнічка Саюзу пісьменнікаў Літвы Бірутэ Ёнушкайтэ-Аўгусцінене (Birutė Jonuškaitė-Augustinienė). — Радая, што наш Саюз пісьменнікаў можа адчыніць вам дзверы, каб пачуць усё створанае за апошні год. (…) Хачу зазначыць, што гэты год для нас быў вельмі цяжкім. Калі б не нашы браты і сёстры ва Украіне, якія сёння гінуць, то невядома, ці магло б гэта свята сёння адбыцца. Я таксама думаю і веру, што слова паэта можа змяняць нават вялікую палітыку. Таму жадаю вам, каб гэта адбывалася».
Кіраўнічка Шведскага саюзу пісьменнікаў Грэтэ Ротбёль (Grethe Rottböll) у сваім выступе ўзгадала, што яе дзейнасць на гэтай пасадзе пачалася з паездкі ў Беларусь, «фота з гэтай паездкі дагэтуль стаіць на працоўным стале».
«Хачу сказаць, што мы, вядома, сочым за сітуацыяй у Беларусі. Мы памятаем масавыя арышты ў 2020 годзе, адным з тых, хто быў арыштаваны тады — паэт Дзмітры Строцаў. Мы разам са шведскім ПЭН-цэнтрам пісалі ліст Аляксандру Лукашэнку. Строцаў быў вызвалены праз некалькі дзён, тады мы наіўна думалі, што гэта вызваленне адбылося ў тым ліку пад уплывам таго нашага ліста. Але цяпер мы ведаем, што гэта зусім не так», — сказала Грэтэ Ротбёль.
Шведскі саюз пісьменнікаў — адзін з суарганізатараў фэсту. Вось што кажа кіраўнічка шведскага саюза пра сямейнае адзінства паэтаў і пісьменнікаў, незалежна ад краіны пражывання: «Я амаль усё сваё жыццё ў адзіноце. Але гэтая адзінота вымагае адзінасці іншага кшталту. Адна з прычын, па якой я пагадзілася ўзначаліць Саюз шведскіх пісьменнікаў, — для мяне гэта вялікая сям’я. Гэта сям’я не па крыві, яна грунтуецца на іншых каштоўнасцях — на павазе да свабоды слова, на тым, што тычыцца нашага таго агульнага, што мы ўсе маем. І гэта сям’я не абмяжоўваецца Швецыяй — яна паўсюдная. Яна не вызначаецца грамадзянствам, вызначаецца іншымі катэгорыямі: той пазіцыяй, якую маем, той барацьбой, якую вядзём, павагай да іншых. Таму гэта цалкам праўдзівая еднасць, якая адначасова моцная і вельмі крохкая. Крохкая, бо калі мы не здолеем яе бараніць, яна знікае. Моцная, калі мы робім усё ж такі нешта разам, яе немагчыма перамагчы».
Паводле Грэтэ Ротбёль, «мы вельмі ўражаныя тым, як вы бароніце свае правы, сваю мову, як вы замест гвалту спяваеце песні, як вы — нават калі не можаце ўжо прысутнічаць у сябе на радзіме і рабіць там свае справы — па-ранейшаму змагаецеся за свае правы, за сваё». «Мы ўдзячныя за тое, што належым да адной сям’і. І хачу сказаць, што пакінуць вас азначае пакінуць саміх сябе», — сказала на заканчэнне кіраўнічка шведскай пісьменніцкай арганізацыі.
Пісьменнік Барыс Пятровіч абвяшчаў шостага лаўрэата — ім стаў перакладчык, паэт, літаратуразнаўца Юры Пацюпа. «Дзякуй літоўскай зямлі і ўсім, хто спрычыніўся да фэсту і падтрымаў яго. Летась я выказаў надзею, што наступны фестываль адбудзецца на Беларусі. На жаль, мае словы, нашыя жаданні і спадзяванні не спраўдзіліся. Мы ізноў у Вільні. Але я ўпэўнены, што ў блізкім часе наш фестываль усё ж вернецца на Беларусь, дзе для яго будуць адкрытыя самыя лепшыя, самыя вялікія залі беларускай сталіцы, як гэта было гадамі. Наш фестываль мае шмат добрых традыцый, — распачаў Барыс Пятровіч.
— Як ужо вядома, прэмія будзе ўручаная лаўрэату ў Мінску 14 лютага ў дзень народзінаў Міхася Стральцова. «Журы штогод доўга спрачаецца наконт кожнага лаўрэата. Гэтым разам таксама былі гарачыя абмеркаванні. Нам удалося паспець выдаць кнігу лаўрэата ў Мінску. Дома падчас абвяшчэння лаўрэата на сцэну выходзілі ўсе сябры журы, кожны з каторых называў нейкія характарыстыкі пераможцы. Гэтым разам зноў так не будзе. Папярэднімі лаўрэатамі былі Алег Мінкін, Анхела Эспіноса Руіс, Антаніна Хатэнка, Анатоль Вярцінскі і Наста Кудасава. У журы сёлетняга фэсту ўвайшлі ўдава пісьменніка Алена Стральцова, паэты Міхась Скобла, Уладзімір Някляеў і Аксана Спрынчан, — распавёў Барыс Пятровіч. — Гэтым разам прэмія імя Міхася Стральцова ўручаецца за захаванне класічных літаратурных традыцый, за самабытнасць і багацце паэтычнай мовы, за адкрыцці ў даследаванні даўняга беларускага пісьменства».