Вітаем удзельнікаў 35-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі

Шаноўныя ўдзельнікі 35-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі!

Сардэчна вітаем вас ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”!

Традыцыя беларусаў Амерыкі раз на два гады сустракацца, каб разам абмяркоўваць актуальныя праблемы, налічвае ўжо больш як семдзесят гадоў. Такая трываласць – гэта найлепшае сведчанне плённасці, эфектыўнасці і запатрабаванасці гэтай традыцыі. Гэтыя якасці вашага Форуму важныя не толькі для беларусаў Паўночнай Амерыкі, але і для беларусаў усяго свету, асабліва ў сённяшні трывожны час, калі будучыня Беларусі, беларускай мовы, беларускай культуры і ўсяго, што яднае ўдзельнікаў Сустрэчы, апынулася пад пагрозай.

Жорсткія палітычныя рэпрэсіі і актуальная рызыка для Беларусі быць уцягнутай у паўнамаштабную вайну з братняй Украінай сталіся прычынамі вымушанай масавай эміграцыі, беспрэцэдэнтнай па сваім маштабе. Нашу агульную Радзіму пакінулі беларусы самых розных прафесіяў і сацыяльнага статусу, розных канфесій, з рознай ступенню валодання беларускай мовай і заглыбленасці ў нашу нацыянальную культуру. Адзіны шанц для нас сёння не згубіць адзін аднога і не растварыцца ў іншых культурах – толькі ў тым, каб сустракацца і супольна выпрацоўваць ідэі, якія б дазволілі як найхутчэй паразумецца беларусам, што засталіся ў краіне, з беларусамі замежжа, знайсці спосаб змяніць сітуацыю ў краіне і вызваліць тысячы зняволеных, вярнуць Беларусь у дэмакратычнае рэчышча.

Мы не ведаем, дзе сёння шукаць лепшага за вас настаўніка ў навуцы ладзіць такія сустрэчы.

Каштоўнасць вашага досведу ў папулярызацыі нацыянальнай культуры і захаванні традыцыяў, развіцці грамадзянскай супольнасці ў дыяспары, якім вы ў гэтыя дні дзеліцеся з цэлым беларускім светам, дзе раз’яднаных беларусаў штохвіліны более, – неацэнная.

Мы шчыра віншуем удзельнікаў Форуму з чарговай сустрэчай! Зычым аптымізму, натхнення і плёну!

Жыве Беларусь!

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”