Шмат прэзентацый — серыя «Паэты планеты», кніга «Алесь Бяляцкі», навінкі беларускай паэзіі апошняга году, шмат вершаў і сустрэч. Другі дзень Стральцоўскага фэсту аказаўся надзвычай насычаным.
Нагадаем, другі год запар паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова праходзіць па-за Беларуссю. Гэтым разам фэст ізноў прыняла Вільня, адкрыццё адбылося ў Саюзе пісьменнікаў Літвы.
На другі дзень фестывалю імпрэзы ў віленскім клубе-кавярні Paviljonas змянялі адну за адной без перапынку. Прэзентацыя ўжо амаль стотомнай серыі «Паэты планеты» — гэта падарожжа па часе і прасторы, якую вялі Марыя Мартысевіч, Ганна Янкута, Андрэй Хадановіч, Юлія Цімафеева, Алег Мінкін ды іншыя.
Серыю «Паэты планеты» запачаткаваў выдавец Зміцер Колас. Сапфо, Петрарка, Гай Валерый Катул, Эдгар По, Шарль Бадлер, П’ера дэ Рансар, Райнер Марыя Рыльке — спіс перакладаў уражвае. На сёлетнім фэсце прадстаўленыя апошнія кнігі з серыі.
Канстанты Ідэльфонс Галчыньскі, пераклады якога прадстаўляў Андрэй Хадановіч, пісаў і пра Вільню — тут ён пражыў колькі гадоў. А яшчэ правёў шэсць год у савецкіх і нямецкіх лагерах, адтуль актуальны дагэтуль верш «Божая Маці палонных», звернуты і сёння, як заўважыў перакладчык, да «усіх, хто ў зняволенні, усіх, хто чакае сваіх родных, блізкіх з месцаў, дзе яны апынуліся не з уласнай волі».
Гучалі пераклады класіка літоўскай паэзіі Юсцінаса Марцінкявічуса; пераклад рускамоўных вершаў Максіма Багдановіча; Адама Міцкевіча, вялікая частка зборніка ў серыі «Паэты планеты» перакладзеная Сержам Мінскевічам. Ганна Янкута прадставіла пераклады з Марыі Паўлікоўскай-Яснажэўскай, Кацярына Маціеўская — Кшыштафа Каміля Бачыньскага і Уладыслава Шленгеля.
Першая прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі»
Кніга «Алесь Бяляцкі» выдадзеная намаганнямі выдавецтва «Полацкія лабірынты» і Беларускага ПЭН-цэнтра. Кніга і пра Алеся Бяляцкага, і тэкстаў Алеся Бяляцкага.
«7 кастрычніка мы даведаліся пра Нобелеўскую прэмію міру Алесю Бяляцкаму і зразумелі, што мы мусім выдаць пра яго кнігу, сабраўшы ў яе найлепшыя тэксты, выдадзеныя ў папярэднія гады. Кніга рыхтавалася вельмі хутка — мы цягам меяца павінны былі паспець да цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру (10 студзеня) — і паспелі: кніга пабывала ў Осла», — распавяла прадстаўніца ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай.
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія могуць «раскрыць чытачу Алеся як шматгранную асобу, каб паказаць яго не толькі як праваабаронцу, але як літаратара, як пісьменніка, як культурніцкага дезяча, як дысідента познесавецкіх часоў».
Выкарыстоўвалася і перапіска Алеся. «Тое, што атрымліваецца (адрасатамі) — перапрацоўваецца. Таксама сюды ўвайшлі некаторыя рэчы, апублікаваныя ў СМІ, у блогах Бяляцкага на інтэрнэт-сайтах. Яшчэ адной важнай часткай сталіся выказванні сяброў, калег, паплечнікаў Алеся, праз якія мы таксама можам паглядзець на тое, які Алесь ёсць у іх жыцці як сябар і аднадумец. І фотаздымкі, якія аздабляюць часткі кнігі. А яна фактычна складаецца тэматычна з дзвюх частак — часы да таго, як Алесь Бяляцкі заняўся праваабарончай дзейнасцю ў 1996 годзе, і ад правааброны і да сёння», — сказала Таццяна Нядбай.
«Алесь — гэта легендарная постаць у гісторыі Беларусі, мы будзем гэта яшчэ спакваля так асэнсоўваць. Факт уручэння яму Нобеля — гэта акурат той шчаслівы выпадак, калі чалавека і ягоную ролю ў нашай гісторыі пачалі ацэньваць ягоныя сябры, знаёмыя, паплечнікі, аднадумцы, аднагрупнікі, дзякуй Богу, яшчэ пры жыцці. Са свайго досведу я памятаю як сапраўды адзінкі, сярод іх Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі, Сяргей Дубавец — задоўга да так званай “перестройки”, яшчэ на пачатку 80-х — фактычна сталі той косткай у будучым яблыку, будучым беларускім плодзе. Вакол іх сталі гуртавацца сябры, вырасла “Майстроўня”, затым “Тутэйшыя”. (…) Канечне, Алесь Бяляцкі стаіць і ля вытокаў адраджэння беларускай хрысціянскай дэмакратыі, адраджэння выдання “Хрысціянскай думкі”. (…) Гэта былі бурапенныя гады ў прадчуванні вясны», — успамінае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
Алесь Бяляцкі стаяў і ля вытокаў адраджэння менавіта беларускай незалежнай прэсы, «менавіта ён на пасадзе дырэктара музея Багдановіча прытуліў «Нашу Ніву», а затым і газету «Свабода». «Першы нумар адроджанай “Нашай Нівы” выйшаў у траўні 1991 года, да канца СССР заставалася яшчэ паўгады. І газету, якую дзіўным спосабам надрукавалі ў Баранавічах, дзе не было апаратаў для ўкладання разгаротаў, мы завезлі ў музей Багдановіча, і ўсю ноч дзяўчаты — і Алена Лапцёнак, і Паліна Сцепаненка, і Таццяна Равяка — складалі з пачкоў гэту газету. І мы паспелі да першага З’езду беларусаў свету. І доўгі час мы мелі там офіс — у музеі Багдановіча», — распавёў Сяргей Харэўскі.
Паводле паэта Уладзіміра Някляева, Алесь Бяляцкі — чалавек, «якім будзе ганарыцца наша Беларусь у векі вечныя».
«Цікава, што ў мяне ў жыцці было два разы, калі ўсе мае мэйлы, тэлефоны, сацыяльныя сеткі раптам выбухалі і ва ўсім Каралеўстве Швецыя я станавіўся ўсім патрэбным. Першы раз — калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію. А другі раз — калі Алесь Бяляцкі, — кажа паэт, перакладчык, прадстаўнік Шведскага ПЭН-цэнтру Дзмітры Плакс. — Ад асобы Шведскага Пэна я магу сказаць, што мы робім усё, каб распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі і што адбываецца ў часе працэса над Алесем Бяляцкім».
Новыя праекты і новыя кнігі
Паэт і кнігавыдавец Дзмітры Строцаў прадставіў на фэсце тры кнігі новага выдавецтва Hochroth-Minsk. Гэта паэтычныя зборнікі Ганны Севярынец, Насты Кудасавай і Крысціны Бандурынай, у хуткім часе чакаецца кніга Ганны Комар.
«Не буду каментаваць нешта пра кнігі паэтак. Усе мы іх добра ведаем. Для мяне было важным, каб у друкаваным выглядзе выйшлі тэксты, якія публікаваліся ў сацыяльных сетках з 2020-га і да апошніх дзён. Шчырыя, болевыя, сапраўдныя. Я звярнуўся да паэтак, каб менавіта так яны гэтыя кнігі сабралі», — расказаў Дзмітры Строцаў. І сам пачытаў свае вершы той жа пары, 2020-га, шчырыя, болевыя і сапраўдныя.
Падчас імпрэзы «З’явіцца новы»: 10 паэтычных кніг 2022-2023 гадоў , акрамя Дзмітрыя Строцава, адбыліся выступы-прэзентацыі Альгерда Бахарэвіча («Вершы»), Віктара Сямашкі («Аўтар мае рацыю заўжды»), Юлі Цімафеевай («Воўчыя ягады», «Мінск. Горад, якога мне не стае», «Motherfield»), Ганны Янкуты («Канстытуцыя»).
Пасля прэзентацыя анталогіі беларускай паэзіі на літоўскай мове «Baltaі — Raudonaі — Baltaі», аматараў беларускага паэтычнага слова чакала Ноч паэзіі з удзелам найлепшых нашых творцаў.
12 лютага шосты паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова завяршыцца імпрэзай «Андрэй Хадановіч. Greatest Hits: паэзія, пераклады, музыка». Пачатак а 18-й у Віленскім беларускім музеі імя Луцкевіча (Vilniaus gatve 20).