“Да снежня я не ведала пра Бондараву”: настаўніцу выгналі з Беларусі праз данос

Таццяна Крапіневіч / @rubanau_collage

Да снежня мінулага года выкладчыца матэматыкі Таццяна Крапіневіч нічога не ведала пра Вольгу Бондараву. Да снежня мінулага года Таццяна жыла ў Беларусі.

Цяпер на верхняй паліцы шафы яе арандаванай кватэры ў Варшаве ляжыць самаробны плакат, на ім — партрэт Бондаравай. Праз данос, які апублікавалі ў яе канале, Таццяне давялося з’ехаць з краіны. Пра ад’езд да апошняга не ведалі нават самыя блізкія людзі.

Таццяна Крапіневіч: “Скажу шчыра, я плакала”

Калі даведаліся — плакалі, а сама Таццяна ўсю дарогу прасіла даць ёй знак, каб яна паверыла, што робіць правільна. Яна эвакуявалася з дачкой-падлеткам, сабраўшы рэчы за некалькі дзён.

— Баялася, што не будзе грошай, што мы проста апынемся на вуліцы. Бамжамі, скажам так. Што не будзе грошай на ежу, не будзе даху над галавой. Страшна было ўсведамляць, што, напэўна, я яшчэ вельмі доўга, калі не сказаць ніколі, не ўбачу радзімы.

Я вельмі любіла свой Мінск, сваю кватэру і працу. І ўсведамляць, што гэта ўсё пакідаеш проста праз прыдуманую кімсьці нагоду, проста праз нейкую фікцыю, цяжка.

“У каментарах мяне называлі і “пацуком”, і “адмарожанай”

У 2020 годзе Таццяна сфатаграфавала ў краме бел-чырвона-белую пасцілу. А ў 2021 годзе выдаліла гэтую публікацыю. Але ананімны “добразычлівец” захаваў скрыншоты, які праз некалькі гадоў і з’явіліся на канале знакамітай беларускай даносчыцы.

Першы пост пра настаўніцу ў канале Вольгі Бондаравай з’явіўся ў снежні. А на момант, як выходзіць гэты тэкст, у канале сабралася ўжо больш за дзесяць публікацый.

— Да 13 снежня я паняцця не мела, хто такая Вольга Бондарава. Гэта ўсё проста як снег на галаву. Калі мне даслалі той першы пост, я была ў шоку. Шчыра скажу, я плакала. Асабліва калі прачытала каментары, у якіх мяне называлі і “пацуком”, і “адмарожанай”.

Ужо пасля я прачытала ў Вікіпедыі, колькі людзей яна пасадзіла, прачытала, што Алесь Пушкін праз яе загінуў у турме. І зразумела, што мне канец.

Таццяна Крапіневіч / Euroradio

Пра настаўніцу з Ляхавічаў Таццяну Крапіневіч пішуць не ўпершыню. Але ў 2023 годзе ўсе дзяржаўныя СМІ пісалі пра тое, што яна стала фіналісткай конкурса “Настаўнік года”. А цяпер тую ж фатаграфію, якой тады ілюстравалі перамогу Таццяны ў педагагічным конкурсе, публікуюць у канале Бондаравай пад пастамі з даносамі.

Таццяна збірае ўсе гэтыя пасты і зачытвае іх, калі мы сядзім на кухні яе арандаванай варшаўскай кватэры. На момант, калі мы прыходзім у госці, Таццяна жыве тут усяго два дні. Да гэтага былі шэлтары — спачатку ў Грузіі, потым у Польшчы.

— Складана было ў Новы год. Гэта быў першы Новы год удалечыні ад родных, сярод чужых людзей. Мы былі ўдзвюх з дачкой. Сустракаць гэтыя святы без елкі, без традыцыйных падарункаў, без маіх традыцыйных страваў… якіх? А я ўжо 20 гадоў гатую лазанню і цірамісу. Але цірамісу ў Батумі я ўсё ж зрабіла. У майго дзіцяці не было традыцыйнай елкі і падарункаў, якія мы кожны год ускрываем роўна апоўначы, але хаця б цірамісу я для яе прыгатавала.

Пасля таго як беларусы ў Польшчы даведаліся, што настаўніцу эвакуявалі, дыяспара за суткі сабрала для яе суму, неабходную на 4 месяцы арэнды жылля ў Варшаве. Жыццё патроху наладжваецца: з дому прыехала першая невялікая перадача з рэчамі: сукенка, у якой Таццяна нас сустракае, бірулька для ключоў — палова сэрцайка, а другая палова засталася ў Таццянінай сяброўкі ў Беларусі.

А яшчэ — школьны нататнік, які ў снежні быў распісаны на некалькі тыдняў наперад і ў якім цяпер зусім іншыя планы.

Вучыць працэнты на прыкладзе банкаўскіх рахункаў

— Вось, купіла ўжо сабе падручнікі па матэматыцы на польскай мове. Мне падабаецца, што тут ёсць выбар навучальных дапаможнікаў, настаўнік можа вырашаць, якімі карыстацца. У нас у краіне гэта забаронена строга, — Таццяна паказвае нам стос новых кніг. — Я параўноўваю нашы праграмы і разумею, наколькі лягчэй польскім дзецям вучыць матэматыку. Так-так, сур’ёзна!

Але што мяне ўразіла — у сёмым класе яны вывучаюць працэнты, але вучаць іх на прыкладзе банкаўскіх рахункаў. І гэта тое, як я спрабавала вучыць дзяцей матэматыцы. Маё крэда — матэматыка мусіць быць для жыцця.

Таццяна прыйшла ў школу з бізнесу. Вырашыўшы, што праца ператварылася ў “дзень сурка” і ўжо не прынясе ёй адкрыццяў, яна запоўніла заяўку на вакансію настаўніка матэматыкі ў Ляхавіцкай школе. Выкладчыца кажа, што праца давала ёй пачуццё “матылькоў у жываце” і яна вельмі хоча вярнуцца да яе. Хай ужо і не ў Беларусі.

— Калі я зразумела, што трэба неяк зарабляць, я вырашыла зрабіць свой сайт. Зрабіла за суткі, але пісаць водгукі на саму сябе не хацела і папрасіла пра гэта дзяцей. Кінула кліч у сторыз. І мяне проста завалілі паведамленнямі. Пішуць дагэтуль. І пад пастамі спадарыні Бондаравай мае вучні таксама пісалі мне словы падтрымкі.

Таццяна зачытвае нам паведамленні ад дзяцей. У адным з іх настаўніцу называюць анёлам. І ў кожным пішуць, што дзякуючы Таццяне Аляксандраўне ўдалося палюбіць матэматыку.

— “…заўсёды даступная, тлумачыць тэмы. Калі нешта не атрымліваецца, растлумачыць. Заўсёды творча падыходзіць да заняткаў. Калі нешта незразумела, то тлумачыць, пакуль не стане зразумела”, — зачытвае Таццяна, усміхаецца і кажа, маўляў, ну так, гэта праўда. І тлумачыць нам, як палюбіць матэматыку.

— Матэматыка — гэта ўсяго толькі мова, на якой апісаны ўвесь свет. І мы з хлопцамі і дзяўчатамі вучыліся бачыць матэматыку вакол. Вызірнулі ў акно, паглядзелі, знайшлі паралельныя, перпендыкулярныя прамыя. Патрэбны раўнабедраны трохвугольнік? Я прыношу ім вешалку, паказваю. І ўбачыўшы матэматыку ў рэальнасці, яны яе разумеюць.

Мы лічылі зніжкі ў краме, бабуліну пенсію, вымяралі куты ў кабінеце. Са старэйшымі школьнікамі рашалі задачы па лагістыцы, “стваралі” дэпартаменты, дыстрыб’ютарскія кампаніі. І я вяла матэматыку. Якая ў гэтым можа быць палітыка?

Таццяна Крапіневіч / Euroradio

І калі твае вучні раптам ускрыкваюць: “Ды гэта ж ізі!” (“Ды гэта ж лёгка!”) — ты атрымліваеш такі кайф. Калі яны табе дзякуюць, калі абдымаюць, калі могуць прыйсці і падзяліцца тым, пра што не скажуць нават самаму блізкаму. Гэта дарагога вартае.

Калі мы пытаем Таццяну пра выпускны, на які яна не трапіць, у яе ў вачах стаяць слёзы.

— Мой дзявяты клас… Я ў іх з пятага класа вяду. Я вельмі хацела іх выпусціць. Гэта былі мае дзеці. Шмат каму была як другая мама. І да цяперашніх адзінаццацікласнікаў я б прыехала на выпускны — такі шыкоўны клас. Але, на жаль, нехта чамусьці вырашыў, што мне там не месца.

Пасля таго як Таццяна атрымае дакументы, з якімі зможа працаваць, яна паспрабуе вярнуцца ў школу. Але цяпер — у польскую.

— Мне вельмі хочацца працаваць. І прыносіць карысць краіне, якая нас не выгнала, якая дала мне свабоду, таксама хочацца.

euroradio.fm