Пашпарты Новай Беларусі не перасталі рабіць. Пашпартны цэнтр: «Працуем над юрыдычнымі момантамі, чакаем на аўдыт»

Выява пашпарта Новай Беларусі на канферэнцыі «Новая Беларусь». Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года. Фота: Белсат

Кампанія «Garsų pasaulis» паведаміла, што спыняе выраб пашпартоў Новай Беларусі. Але ж пра гэта ўжо паведамляў Пашпартны цэнтр тры тыдні таму. Што адбываецца? «Белсат» атрымаў каментар кіраўніка Пашпартнага цэнтру.

Літоўскія медыі 4 лютага апублікавалі неадназначную навіну: кампанія «Garsų pasaulis» спыняе выраб пашпартоў Новай Беларусі.

«Мы спыняем супрацу з грамадскай установай „Belarus Passport Center“ і выраб гэтага непрызнанага беларускага пашпарта», – паведаміла кіраўніца кампаніі Ана Янаўскіене ў лісце ў літоўскае Міністэрства ўнутраных справаў, перадае «15 minučių».

З навіны можна зрабіць выснову, што спыненне супрацы адбылося толькі што і да гэтага прывялі заявы кагосьці ва ўладах Літвы аб непрызнанні пашпарта, а таксама абурэнне асобных літоўскіх палітыкаў з выкарыстання гербу Пагоня на вокладцы. З публікацыі «Delfi» можна зрабіць выснову, што прычына ў ранейшай заяве МУС Літвы.

Аднак яшчэ тры тыдні таму, 14 студзеня, кіраўнік Пашпартнага цэнтру дэмакратычных сілаў Беларусі Марус Гудзялайціс расказваў, што супрацу з «Garsų pasaulis» спынілі: з гледзішча бяспекі і пасля кансультацыяў з уладамі Літвы пастанавілі рабіць фінальны друк і персаналізацыю пашпартоў самастойна, атрымалі ад «Garsų pasaulis» раней купленыя матэрыялы і бланкі.

«Белсат» звярнуўся па каментар у «Garsų pasaulis». Праз тэлефон у кампаніі не захацелі тлумачыць навіны пра спыненне супрацы, папрасілі выслаць пытанні на электронную пошту. «Белсат» выслаў пытанні – калі «Garsų pasaulis» адкажа, мы апублікуем адказ.

У Пашпартным цэнтры нам далі наступны каментар:

«Мы працягваем працу. Працуем над юрыдычнымі момантамі, чакаем на аўдыт. Паведамленне ад “Garsų” не павінна закрануць нашай працы, бо мы плануем персаналізацыю рабіць самі», – сказаў Марус Гудзялайціс.

Офіс Святланы Ціханоўскай пазней перадаў «Белсату» падобны каментар з Пашпартнага цэнтру:

«Мы працягваем перамовы, вырашаем юрыдычна-прававыя аспекты, у тым ліку пра статус пашпарта. Ніякай афіцыйнай забароны нам не паступала. Будзем дзейнічаць у адпаведнасці з заканадаўствам.

“Garsu Pasaulis” перадаў Беларускаму пашпартнаму цэнтру ўсе неабходныя матэрыялы і бланкі. Мы планавалі, што персаналізацыю будзе рабіць сам Беларускі пашпартны цэнтр, у тым ліку для гарантавання бяспекі праекту.

Мы не пачнем выдаваць дакументы або збіраць біяметрычныя звесткі, пакуль не завершыцца поўны аўдыт GDPR і не будуць высветленыя ўсе юрыдычныя пытанні адносна статусу дакументу. Пакуль дакумент застанецца сімвалічным».

Пашпартны цэнтр спыніў супрацу з «Garsų pasaulis» пасля таго, як мінулай восенню Літва прызнала кампанію нядобранадзейнай. А гэта адбылося ў выніку расследавання парталу «15min.lt» і Беларускага расследавальніцкага цэнтру пра магчымыя сувязі «Garsu pasaulis» з беларускім рэжымам.

Збор заявак на пашпарты Новай Беларусі стартаваў 26 студзеня. Падаць заяўку можна праз сайт Belarus-passport.com. Саміх пашпартоў яшчэ не выдаюць – чакаюць сканчэння аўдыту, арыентуюцца на сакавік.

Сам пашпарт пакуль не прызналі сапраўдным дакументам ні ў адной краіне свету. Праз гэта Генеральная пракуратура Літвы выдала неадназначнае паведамленне, якое некаторыя ўспрынялі як пагрозу: за выкарыстанне фальшывых пашпартоў ёсць крымінальная адказнасць. Літоўскія дэпутаты, з якімі размаўляў «Белсат», дапускалі, што пракуратуру не так разумелі: караць за валоданне пашпартам Новай Беларусі не будуць, трэба толькі не выдаваць яго за сапраўдны прызнаны пашпарт, пакуль такога прызнання няма. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа раней казаў, што пра прызнанне пашпарта Новай Беларусі «варта падумаць»: абмеркаваць «юрыдычныя і дыпламатычныя аспекты».

Алесь Наваборскі, belsat.eu