
З 2022 года Free Belarus Center, арганізацыя, якая працуе ў Варшаве, актыўна дапамагае беларусам у выгнанні, прапануе юрыдычную і псіхалагічную падтрымку, а таксама ладзіць культурныя і адукацыйныя праекты. Гэты цэнтр на сёння з’яляецца важнай часткай беларускай самаарганізацыі за мяжой. Кіраўніца Free Belarus Center і сябра Каардынацыйнай Рады Паліна Бродзік расказвае «Радыё Рацыя», як мянялася актыўнасць беларускай дыяспары за апошнія гады ў выгнанні, пра выклікі, з якімі сутыкаюцца нашы суайчыннікі ва ўмовах абмежаванняў той жа амерыканскай дапамогі грамадзянскаму сектару, а таксама пра тое, як адстаўка Ігара Кізіма можа паўплываць на становішча беларусаў ва Украіне:
— Мяне завуць Паліна Бродзік, я з’яўляюся кіраўніцай Free Belarus Center і сябрам Каардынацыйнай рады. У Free Belarus Center заўсёды было некалькі кірункаў у залежнасці ад патрэбаў, якія мы прыярытызавалі ў пэўныя часы. І першы з іх заўсёды быў кірунак дапамогі. Дапамогі юрыдычнай, псіхалагічнай, і раней яшчэ была большая гуманітарна-медычная дапамога.
У нас працягваюцца кансультацыі па юрыдычных пытаннях, пытаннях легалізацыі для беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне і Польшчы ў асноўным, але таксама і для беларусаў, якія могуць знаходзіцца ўнутры краіны. І псіхалагічная дапамога, да якой можна звяртацца да нас, дзейнічае ўжо пяць гадоў з моманту нашага існавання, і спыняць яе мы не плануем у бліжэйшы час.
Акрамя гэтага, у нас былі і застаюцца на сённяшні дзень адукацыйныя магчымасці для беларускіх маладых актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, якія хочуць павялічыць свае веды і экспертызу ў адпаведных сферах. Мы перыядычна праводзім мерапрыемствы, якія накіраваны на ўзмацненне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, на захаванне беларускай культуры, мовы і гісторыі.
Ну і акрамя гэтага, мы цяпер займаемся вывучэннем умоў, якія даволі хутка змяняюцца для беларусаў як ва Украіне, так і ў Польшчы, і спрабуем адстойваць іх правы, каб абараняць беларусаў у тых краінах, дзе яны знаходзяцца. Напрыклад, нядаўна мы апублікавалі даследаванне пра доступ беларусаў да фінансавых інструментаў у Польшчы. Па сутнасці, гэта азначае магчымасць звяртацца ў банкі, адкрываць рахункі, атрымліваць медыцынскую страхоўку і іншыя фінансавыя паслугі.
Для беларусаў ва Украіне пытанне легалізацыі, як і заўсёды, застаецца дастаткова вострым, асабліва ва ўмовах працяглай вайны Расеі супраць Украіны. Беларусы як прадстаўнікі краіны, якая, па сутнасці, стала суагрэсарам у гэтай вайне, сутыкаюцца з дадатковымі цяжкасцямі. Мы спрабуем дапамагаць, мы спрабуем абмеркаваць гэтыя пытанні з дзяржаўнымі органамі, а таксама з іншымі структурамі, напрыклад, банкамі.
РР: Паступова гэтыя ўмовы могуць змяняцца. На вашу думку, наколькі змяніліся беларусы за гэтыя пяць гадоў у выгнанні? Ці змяніліся іхныя патрэбы зараз? Магчыма, з’явіліся новыя выклікі? Беларускія эмігранты сталі больш актыўнымі? Яны ўсё яшчэ патрабуюць падтрымкі знешніх праектаў, ці цяпер самі спрабуюць дапамагаць?
— Так, безумоўна, калі параўноўваць з 2020-м, 2021-м гадамі, сітуацыя моцна змянілася. Мы стварылі экасістэму, у якой, у прынцыпе, даволі проста знайсці дапамогу, калі яна патрэбна. Але цяпер, калі хваля выезду людзей з краіны ўжо не такая вялікая, як была раней, змяніўся і характар патрэбаў гэтых людзей.
Зараз усё часцей беларусы звяртаюцца з пытаннямі пра тое, як уладкавацца на новым месцы, як аформіць дакументы для дзяцей, якія нарадзіліся ўжо на тэрыторыі іншай краіны, як разабрацца з працоўнымі правамі, атрымаць медыцынскую дапамогу. Вядома, ёсць і тыя, хто шукае хуткую медыцынскую дапамогу, але агульная прапорцыя патрэбаў змянілася.
Людзі ўсё больш сканцэнтраваныя на тым, каб стварыць стабільную базу ў новай краіне, якая дазволіць забяспечыць усе неабходныя ўмовы для жыцця. Калі казаць пра актыўнасць беларусаў, якія хочуць працягваць сваю дзейнасць у эміграцыі, то тут асаблівых зменаў няма. Маладыя актывісты, праваабаронцы, журналісты, культурныя дзеячы працягваюць цікавіцца тым, як працуюць дэмакратычныя інстытуты ў іншых краінах, як ладзяцца выбары, як весці палітычныя дэбаты, як развіваць медыя і культурніцкія ініцыятывы, звязаныя з беларускай ідэнтычнасцю.
Такіх людзей дастаткова шмат, і яны прысвячаюць гэтым пытанням яшчэ больш увагі, чым да 2020 года. Мне прыемна бачыць, што наша заахвочанасць лёсам Беларусі не знікае нават тады, калі мы ўжо працяглы час знаходзімся за межамі краіны.
Ну і застаюцца людзі ўнутры Беларусі, якія працягваюць сваю дзейнасць, нават калі яна не такая відавочная. Мы заўсёды падтрымлівалі праекты, якія дзейнічаюць непасрэдна ў Беларусі, але не афішуем гэтую дзейнасць у беларускіх медыях ці на шырокіх пляцоўках.
Гэтыя ініцыятывы працягваюць працаваць у складаных умовах, разумеючы, што любая бачнасць можа несці вялікую рызыку для іх бяспекі і свабоды. Таму яны дзейнічаюць такім чынам, каб з аднаго боку падтрымліваць ідэю дэмакратычнай Беларусі, а з другога — не падвяргаць сябе небяспецы.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле: