
«Вітаю, спадарства! Як жа я не люблю пісаць пра палітыку, вам не перадаць. Не атрымліваецца, вядома, папросту зусім не пісаць, бо «чалавек – жывёліна палітычная», як сцвярджаў Арыстотэль, але я да гэтага імкнуся.
А яшчэ я не люблю крытыкаваць сваіх. Мае праціўнікі – не апазіцыянеры, а тыя хлопцы, якія называюць сябе ўладай у Беларусі. Але калі твой браценік з гэтага боку барыкадаў робіць дзічыну, паводле кодэксу браценіка ты проста абавязаны падысці да яго і сказаць: «Браценіку, ты запарыўся і чыніш нешта не тое. Давай заканчвай».
Але рабіць я зараз, як вы здагадаліся, буду і першае, і другое. Такім чынам, будуць выбары ў Каардынацыйную раду апазіцыі. Аяяяй, пагналі!
Калі казаць простай мовай, то Каардынацыйная рада задумвалася як нейкі штаб супраціву дыктатуры. Ідэя проста ўзрушальная, калі б не адзін важны момант: у Беларусі ўсякая актыўнасць зачышчаная да стану стэрыльнасці.
Адзіная бел-чырвона-белая пляма на чырвона-зялёным фоне маёй любай рэспублікі – гэта Мікалай Статкевіч. Ёсць, вядома, яшчэ хлопцы ў глыбока закансерваваным падполлі з дуляй у кішэні, але іх не відаць са зразумелых прычынаў.
А цяпер уявіце: ідзе вайна, і адзін з бакоў канфлікту генералаў у штабе мае, а салдатаў на полі бою не. Ну ці не трызненне? Што за горкі катаклізм? Генералы без салдатаў – гэта проста дзядзькі і цёткі, якія выкрыкваюць каманды ў пустэчу і таму выглядаюць даволі па-дурному.
І я ні ў якім разе не кажу, што структуры ў эміграцыі не патрэбныя. Вельмі нават! Хтосьці павінен ездзіць па замежных парламентах і, як кажуць, чытаць там мантру «Беларусь-Беларусь-Беларусь!». З гэтым прымальна спраўляецца штаб Ціханоўскай.
Хтосьці павінен пастаўляць беларусам інфармацыю на якія-небудзь тэмы, акрамя росту надояў і паспяховага цераблення даўгунца, а яшчэ паказваць кагосьці, акрамя Саладухі і Качанавай. З гэтым прымальна спраўляюцца незалежныя медыі, якіх патрапала, вядома, але мы ўсё яшчэ ў шыхце.
Хтосьці павінен дапамагаць нашым, хто воляю лёсаў апынуліся тут, у замежжах. Бо пачынаць новае жыццё з чыстага аркуша ў незнаёмай краіне – гэта табе не жук чхнуў. З гэтым прымальна спраўляюцца розныя ініцыятывы, якія наўпрост дапамагаюць на месцах.
Скажыце, спадарства, ну дзе тут месца Каардынацыйнай радзе? Для чаго яна патрэбная? Што гэты рудыментарны орган зрабіў за папярэднія некалькі гадоў?
Мяне з трох розных месцаў туды цягнулі з фармулёўкаю «Паша, ты пройдзеш, і там будзе хоць хтосьці адэкватны». І я сумленна спрабаваў знайсці для сябе прычыну вылучыць сваю кандыдатуру, але вельмі цяжка шукаць чорнага ката ў цёмным пакоі, асабліва калі там яго няма.
Таму мне хочацца сказаць сваім братам і сёстрам з палітычнага лагеру вось што: «Няма сэнсу быць генераламі без салдатаў. Карысці ніякай, а выглядаць будзеце па-дурному». Ну, ці гуляйцеся, «каб дурнота кожнага бачная была».
На гэтым развітваюся. Айл бі бэк.
