У Вільні правялі круглы стол на тэму Чарнобыля

Чарнобыльскую аварыю ў кантэксце тэхнагеннай катастрофы і выпрабавання чалавечай цывілізацыі на здольнасць асэнсоўваць, памятаць і рабіць высновы разглядалі эксперты падчас круглага стала ў Вільні. Дыскусія пад назвай «Выпрабаванне чалавецтва. Чарнобыль і 40 гадоў пасля» з удзелам прадстаўнікоў Альянсу “Зялёная Беларусь” і навукоўцаў прайшла 16 красавіка на базе Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Як зазначыла філосафка, прафесарка ЕГУ Таццяна Шчытцова, яны вельмі хацелі, каб дыскусія атрымалася з рознымі аспектамі:

Таццяна Шчытцова

– Каб асэнсаваць наступствы Чарнобыльскай аварыі для Беларусі і рэгіёну, мабыць у больш шырокім, глабальным кантэксце, і сімвалічнасць гэтай катастрофы. І як мы сёння можам глядзець на тое, што тады адбылося. Як гэта паўплывала на беларускае грамадства і на постсавецкі рэгіён.

Таццяна Новікава (у цэнтры)

Падчас круглага стала ўдзельнікі згадвалі свае гісторыі сутыкнення з Чарнобыльскай трагедыяй. Даследчыца, актывістка, магістарка ўстойлівага развіцця Таццяна Новікава згадала свой студэнцкі час:

– Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт пасылаў нас збіраць бульбу на забруджаныя тэрыторыі, у супрацьгазах, у рэспіратарах студэнты гэта рабілі. Я не паехала. Студэнты з маёй групы паехалі. І потым абвінавачвалі, чаму былі студэнты, кшталту Новікавай, якія не паехалі, устрымаліся.

Напрыканцы дыскусіі ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што Чарнобыльская трагедыя – гэта нацыянальная трагедыя, якая кансалідавала грамадства і змяніла сучасны свет. А расейска-ўкраінская вайна паказала, што зараз усе АЭС на свеце небяспечныя.

racyja.com