Віншуем з юбілеем Івонку Сурвіллу!

11 красавіка юбілей святкуе старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла.

Павароты пакручастага лёсу гэтай абаяльнай усмешлівай жанчыны, якую ведае і шчыра шануе кожны культурны беларус, нясуць у сабе добрыя адказы на цэлы шэраг пытанняў, што за апошнія гады неспадзявана паўсталі перад многімі тысячамі нашых суайчыннікаў.

Напрыклад, што можна ўсім сэрцам любіць Беларусь не проста жывучы за мяжой, а нават не паспеўшы і ў самой Беларусі пажыць – у эміграцыі малая Івонка апынулася, калі ёй было ўсяго 8 гадоў.

Альбо што можна песціць мары пра лепшы лёс для радзімы і свайго народа, памятаючы, што стала прычынай ад’езду на чужыну – на эміграцыю яе бацькі наважыліся, каб уратавацца ад непазбежнага зняволення, і доўгая дарога да бяспекі забрала ў іх малодшае дзіця – сястрычку Івонкі Прадславу.

Што каб не страціць веру ў будучыню Беларусі, трэба штодня рабіць на яе карысць. Рыхтаваць разам з мужам беларускамоўныя перадачы на Іспанскім нацыянальным радыё ў 1950-60-я. Браць актыўны ўдзел у жыцці беларускай эміграцыі ў Канадзе. Стаць старшынёй Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады, стаць старшынёй Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе, увайсці ў склад праўлення Канадскай этнакультурнай Рады. Арганізаваць і ўзначаліць Фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, праз які дапамагаць беларускім шпіталям і дзецям з пацярпелых ад радыяцыі раёнаў. А галоўнае – узяць на сябе найвялізную адказнаць за лёс Беларусі – ачоліць Раду Беларускай Народнай Рэспублікі.

За спрыянне ў станаўленні дэмакратыі ў Беларусі Івонка Сурвілла ў 2013 годзе была ўганаравана Медалём Брыльянтавага юбілею Каралевы Лізаветы II. Мы верым, што хутка надыдзе той дзень, калі заслужаную ўзнагароду спадарыня Івонка атрымае і ад Рэспублікі Беларусь.

Незвычайныя арганізатарскія здольнасці, дысцыпліна і нязгасная энергія спадарыні Івонкі – крыніца натхнення і прыклад для многіх нашых суайчыннікаў за мяжой і ўнутры краіны, якія з імпэтам шчыруюць на ніве беларушчыны, захоўваючы, развіваючы і пашыраючы беларускую мову і культуру.

Шаноўная спадарыня Івонка Сурвілла! Ад усёй душы мы віншуем Вас з юбілеем! Зычым Вам моцнага здароўя, сілы і энергіі на тое, каб працягваць рабіць нашу беларускую справу, запальваць імпэтам верных паплечнікаў і нязменна мець у кожнай новай справе плён. Рабіць нашу агульную справу поплеч з Вамі для нас вялікі гонар.

ЗБС „Бацькаўшчына“