“Музыка ўвогуле не мае межаў”

Беларускі музычны клуб у Беластоку паспяхова працуе ўжо амаль паўгода, а канцэрты адбываюцца фактычна кожны тыдзень. «Радыё Рацыя» паразмаўляла з музыкам Ігарам Палынскім.

РР: Шмат канцэртаў, фактычна кожны тыдзень штосьці адбываецца ў Беларускім музычным клубе, можна сказаць, што за гэтыя паўгода праект паказаў сваю паспяховасць.

Ігар Палынскі: Беластоцкі музычны клуб, які стварылі беларусы, пачаў існаваць нашмат раней. Спачатку ўтварылася такая нефармальная фармацыя беларускіх музыкантаў, якія апынуліся ў вымушанай іміграцыі тут, якія, умоўна кажучы, скінуліся жалезам, грашыма. Мы нанялі памяшканне, у нас там былі рэпетыцыі, нейкія невялікія такія канцэрты для сваіх, пасядзелкі. А пасля з’явілася ідэя развіць гэтую ўсю гісторыю ў канцэртную пляцоўку, на якой беларускія музыкі, беларускія стэндап-комікі і г.д. могуць у Беластоку паказваць сваю творчасць.

І вось рукамі хлопцаў, асабліва Антона Сіроціна, Жэні Рагатага і хлапцоў з гурта Kurwadziki, усё гэта было зроблена. Сапраўды не была нанята там куча людзей, якія рабілі ўсё гэтае аздабленне. Гэта ўсё “на каленцы сабрана” у добрым сэнсе. Таму што рабяты ведаюць, што трэба рабіць, разбіраюцца ў нюансах гуку, у тым, як мусіць быць пабудаваная сцэна.

І зыходзячы з таго, што мы маем тое памяшканне, якое мы маем, з гэтага пастараліся выціснуць усё магчымае. Канцэрты, сапраўды, адбываюцца амаль штотыдзень. Былі і легенды беларускай рок-сцэны, Лявон Вольскі, былі і маладыя музыканты, у тым ліку рэзідэнты Беластоцкага музычнага клуба, былі і стэндап-канцэрты.

РР: І спектакль нават.

Ігар Палынскі: І спектакль, прычым дзіцячы. І я там быў, туды пайшоў з дачкой, яна была ў захапленні.

РР: Не магу абмінуць вельмі гучную тэму пра Sw@da x Niczos. Акурат 14 лютага вечарам будуць фінальныя адборы на “Еўрабачанне”. Цяпер паўсюдна ў Польшчы разгарнулася дыскусія, ці ёсць падляшская мова, ці гэта ёсць мова, ці гэта дыялект і г.д. Як беларускі музыка як ты глядзіш на гэты праект?

Ігар Палынскі: Няхай мовазнаўцы разбіраюцца, што ёсць мова, што ёсць дыялект, што ёсць гаворка і г.д.  Я лічу, што калі сёння ўвечары Польшча пачуе мову блізкую да беларускай ад чалавека, які ходзіць у завушніцах “ў”, гэта вельмі крута. Гэта вельмі натхняе.

Музыка ўвогуле не мае межаў. Я думаю, што гэтая спявачка свая і для беларусаў, і для палякаў. Гэта ж здорава! Навошта дзяліць, калі можна аб’яднаць, калі можна парадавацца гэтаму фактару. Я чуў ейныя песні да таго, як зараз стала гучным ейнае імя, я ніколі нават не задумваўся, што на гэтай тэме могуць узнікнуць нават нейкія дыскусіі.

Гэта ж класна, давайце ўсё паказваць, усё незвычайнае, усё даставаць! Класна, калі ў гэтым годзе паедзе, напрыклад, яна, а ў наступным годзе кашубскую спявачку ў Польшчы прадставяць на “Еўрабачанні”. Я за гэта. Я за тое, каб калі-небудзь ад Беларусі на палескай мове паехаў хтосьці выступаць на “Еўрабачанне”.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Яна Запольская, racyja.com