Беларускім пісьменнікам не варта занурацца ў пачуццё віны, і можна перавесці дыханне, упэўненая кіраўніца Еўрапейскага савета пісьменнікаў Ніна Георге.
Алесь Бяляцкі і Тоні Лашдэн, Ганна Янкута і Сяржук Сыс — усе гэтыя і шмат іншых беларусаў і беларусак паўдзельнічалі ў праекце #FreeAllWords па абароне беларускай і ўкраінскай моваў. У межах праекта творы пісьменнікаў перакладаюцца на розныя мовы.
«У бягучай сітуацыі ва Украіне і Беларусі неабходна, каб галасы пісьменнікаў, якія падвяргаюцца пагрозам і пераследу, якія пацярпелі ад вайны, былі пачутыя ў Еўропе і ва ўсім свеце.
Іх тэксты, іх меркаванні, іх паэзія, іх пісьмовыя сведчанні сучаснасці — гэта хроніка адной з самых крытычных сітуацый для сусветнай супольнасці з часоў Другой сусветнай вайны», — піша афіцыйны сайт праекта.
Гэта супольная ініцыятыва падтрымкі для пісьменнікаў, перадусім беларускіх і ўкраінскіх. Яе каардынуе Еўрапейскі савет пісьменнікаў (EWC) пры ўдзеле 46 арганізацый-членаў з 30 краін, а таксама пры падтрымцы Федэрацыі еўрапейскіх асацыяцый літаратурнага перакладу CEATL.
Нядаўна скончыўся першы цыкл праекта, і плануецца працяг, як паведаміла ў інтэрв’ю Ніна Георге — кіраўніца Еўрапейскага савета пісьменнікаў і актывістка ў сферы аўтарскага права, што жыве ў Нямеччыне. Таксама ў інтэрв’ю яна паразважала аб тым, як спалучаюцца абарона ўкраінскай і беларускай моваў, што пісаць у час вайны і ці трэба рабіць з пісьменніцкай справы бізнес.
Парушэнне моўных правоў — гэта спосаб прыгнёту
Што зараз адбываецца ў праекце #FreeAllWords па абароне беларускай і ўкраінскай моваў? Якія бліжэйшыя планы?
У лютым 2023 года пачаўся другі цыкл #FreeAllWords. Былі адабраныя 17 пісьменнікаў з Беларусі і Украіны, іх творы перакладуць як мінімум на дзве мовы. У папярэднім цыкле, што доўжыўся з ліпеня па снежань 2022 года, удзельнічала 14 пісьменнікаў і паэтаў з абедзвюх краін, іх творы часткова перакладзены на 9–11 моваў.
Праект атрымаў большы рэзананс пасля таго, як Алеся Бяляцкага ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй міру. У некаторых краінах, такіх як Германія, Іспанія, Беларусь, Францыя і Літва, яму пачалі надаваць больш увагі, тэксты былі перадрукаваныя, а аўтары і перакладчыкі лепш прэзентаваныя.
Зараз мы шукаем новае фінансаванне, каб даць магчымасць большай колькасці пісьменнікаў і твораў быць убачанымі і зразуметымі.
Паралельна з перакладамі #freeallwords заўсёды публікуе тэксты на мове арыгіналу на сваім сайце. Гэта неабходна, бо [украінская і беларуская] мовы знаходзяцца пад пагрозай. Парушэнне моўных правоў заўсёды з’яўляецца спосабам прыгнёту. І калі можна зрабіць свой маленькі ўнёсак у захаванне моваў, падтрымку дэмакратыі і руху супраціву, то мы так і зробім.
Мы разлічваем на людзей, якія не ідуць за дыктатарам
Як адсылае нас да вайны тое, што праект прысвечаны адначасова беларускай і ўкраінскай мовам? Вайны супраць Украіны, у якой афіцыйная Беларусь і Лукашэнка падтрымалі агрэсара.
Мы пісьменнікі і падтрымліваем пісьменнікаў, якія знаходзяцца пад ціскам. Для нас пісьменніцкая праца — як незалежная краіна без межаў і ўрада. У праекце #freeallwords мы асобна разглядаем дыктатара і нацыю, якая не ідзе за дыктатарам. Мы разлічваем на гэтых людзей.
Сёння на беларускіх аўтараў (як і на многіх іншых) цісне пачуццё адказнасці і віны за вайну ва Украіне, часткова — уласная няздольнасць спыніць вайну. Гэта не дае ім пісаць. Ці маглі б Вы даць ім нейкую параду, сыходзячы з досведу нямецкіх пісьменнікаў пасля Другой сусветнай вайны? Можа, галоўнае зараз — разглядаць пісьменства як спосаб паўплываць на грамадскую думку пра вайну, а потым і на тое, як яна будзе адрэфлексаваная?
Не могуць даваць парады тыя, хто ніколі не жыў у рэпрэсіўнай дзяржаве, або тыя, хто, як я, занадта малады, каб перажыць вайну. Магу толькі падзяліцца назіраннямі.
Германія страціла як мінімум два пакаленні пісьменнікаў, паэтаў, апавядальнікаў. Іх забівалі, высылалі, прымушалі маўчаць, змушалі замкнуцца ў іх унутранай свабодзе. А тыя, хто прыйшоў пасля змрочных гадоў, засяроджваліся на траўме, якую не змаглі перажыць, ці засяроджваліся на сямейных драмах, калі даведваліся, што іх бацькі або дзядзькі былі «Mitläufer» (што азначае: яны ішлі за жахам замест таго, каб задаваць пытанні і змагацца з ім).
Нават праз 60, 70 гадоў гэта вядзе да тэндэнцыі, калі забавы, радасць, лёгкасць, гумар, сямейныя гісторыі табуіраваныя ў мастацтве і культуры, калі толькі яны не суправаджаюцца разважаннямі пра віну. Іначай іх не ўспрымаюць усур’ёз.
Такім чынам, мы на дзесяцігоддзі страцілі ўласны голас і разнастайнасць у нямецкамоўнай літаратуры. Сёння ў Нямеччыне, з майго пункту гледжання, выкарыстоўваюць калькі — тут няма тэндэнцыяў, выпадковых новых галасоў і сюжэтаў.
На публічным рынку дамінуюць англа-амерыканскія ці скандынаўскія раманы, бестселеры, і выдаўцы часта больш глядзяць на літаратуру праз прызму таго, якія будуць продажы. Мы імпартуем больш літаратуры, чым экспартуем. Увогуле, часам я песімістычна думаю, што Германія страціла свой голас у 1930-я гады. А пасля, сёння — страціла смеласць даследаваць пісьменніцтва і шукаць свой голас.
Пісаць трэба так, нібыта ніхто не прачытае
Маё пажаданне Беларусі — не губляць уласны голас. Не капіруйце іншых, каб атрымаць выгадную прапанову ад выдаўца. Успрымайце сваю паўзу ў пісьменніцтве як час перавесці дыханне.
Пісьменнікі заўсёды застаюцца сабой, асабліва калі не пішуць: у гэтыя гады нараджаюцца гісторыі, словы, вобразы, пачуцці. Глыбока-глыбока ўнутры, у таемных сценах унутранага дома чакае ваш голас, вельмі выразны, і ён дачакаецца моманту, калі вы пагрукаеце ў дзверы.
Агулам я магу сказаць як пісьменніца з 30-гадовым вопытам: не злоўжывайце сваім расповедам дзеля стварэння ці змянення грамадскай думкі. Самае важнае — вашая гісторыя, а не яе ўздзеянне. Калі ацэньваць напісанае не знутры, а звонку, то яно страціць праўдзівасць і сілу. Пісаць трэба так, нібыта ніхто і ніколі не прачытае. Толькі забыўшыся пра знешнюю форму, вы сапраўды скажаце тое, што мусіце сказаць.
І не саромцеся, калі не хочаце пісаць пра вайну, гвалт і дыктатуру. Калі вас цягне ў іншыя вымярэнне, час або цела, то не адмаўляйце сабе. Вы не абавязаны выкарыстоўваць сваё майстэрства і талент для службы камусьці іншаму. Вы можаце абраць вайну, калі гарыце тым, пра што расказваеце і што назіраеце! Але калі цягне стварыць фантастычны свет, не звязаны ні з чым у рэальнасці, або проста напісаць верш пра маяк пасярод фіялетавага акіяна, пяшчотны, спакойны і поўны эскапізму — пішыце.
Будзьце свабодныя ў віры свайго пісьменства: вам можна ўсё, але вы нічога не абавязаныя. Гэта будзе найлепшы ваш рэванш. Мець у сабе незалежную краіну. Гэтага я ад душы жадаю сваім калегам. Захаваць свой надзейны ўнутраны дом.
Друкаваць бліскучыя кнігі, а не чарговае бла-бла-бла
Ці чакаюць чытачы і выдаўцы аўтараў з Усходняй Еўропы і Беларусі ў Германіі і ЕС? Як знайсці кропку ўваходу і што лепш прапаноўваць — бізнес-ідэю або гатовую кнігу?
Я прыхільніца жорсткай пазіцыі і веру ў гісторыю, а не ў рынак ці маркетынг.
Я думаю, што рынкі краін ЕС найбольш арыентаваныя на «заходні» кірунак, а не на Усход. Выдаўцоў, якія шукаюць усходнееўрапейскую літаратуру, адзінкі, як і кампаній, якія займаюцца перакладамі. Універсітэты больш не прапануюць навучання на беларускай ці ўкраінскай мовах.
Таму найперш варта гаварыць аб тым, як арганізаваць паступленне ўсходнееўрапейскіх кніг — з дапамогай навучання перакладчыкаў. Потым трэба заняцца чытачамі. Традыцыі паэзіі і апавядання адрозніваюцца ад тых, да якіх прывыклі большасць маладых і не вельмі чытачоў. Такім чынам, нам таксама трэба пашырыць школьную праграму і гэтым змяніць уяўленне пра разнастайнасць літаратуры ў свеце.
Трэці крок — мець «амбасадараў», авангард, які дапаможа падрыхтаваць чытачоў або рынак да сустрэчы з новай і нязвыклай для іх формай літаратуры, сюжэтамі, паэзіяй, пісьменніцкім майстэрствам і мастацтвам. І каб СМІ ведалі: тут не чарговыя хронікі вайны, тут мова і літаратура. Тут твор, а не вітрына для жадаючых паглядзець на катастрофу.
Я бачу некалькі моцных беларускіх галасоў, якія становяцца ўсё больш вядомымі ў еўрапейскім кніжным сектары. Яны рыхтуюць глебу для іншых, хто ідзе за імі. Мне хацелася б, каб было больш выдавецтваў з грашыма, за кошт якіх можна паказаць вялізную плынь бліскучай літаратуры з Беларусі і ўвогуле з Усходняй Еўропы. А не друкаваць чарговае нуднае каханне-пейзаж-утульнасць-злачынства і бла-бла-бла.
Ці можа Еўропа чытаць Юлію Цімафееву?
Большасць нямецкіх перакладчыкаў звычайна перакладае з рускай мовы. Як выбрацца з яе ценю? Ці трэба, напрыклад, шукаць партнёраў і аб’ядноўвацца дзеля папулярызацыі беларускай літаратуры?
Як я ўжо згадвала, перакладчыкі выпадкова паглыбляюцца ва [украінскую і беларускую] мовы. Нашы #freeallwords-перакладчыкі выкарысталі шанц больш пагрузіцца ў мовы арыгіналу замест таго, каб быць пасярэднікам [і працаваць праз рускую]. Такім чынам, гэта таксама станоўчы пабочны эфект.
Увогуле, прасоўванне — не мой моцны бок. Я хацела б паразважаць аб тым, як павысіць каштоўнасць твораў і ўвагу чытачоў да іх. У пэўным сэнсе гэта не тое ж самае, што рэальны рынак і маркетынгавыя сістэмы. У доўгатэміновай перспектыве ўвагу чытачоў будуць прыцягваць кантэкст, мова, персанажы — гэта галоўнае.
Калі казаць пра практычны бок, то я хацела б бачыць нешта накшталт «Еўропа чытае кнігу»— дзе нейкая адна кніга, напрыклад, ад беларускіх пісьменнікаў, была б перакладзена і прадстаўленая ў школах еўрапейскага сектара.
Некаторыя гарады ўжо робяць так, напрыклад, «Frankfurt liest ein Buch». Раз на год адзін месяц прысвечаны кнізе, якую падрыхтавалі для ўсіх жыхароў Франкфурта. Яе чытаюць, абмяркоўваюць, запрашаюць пісьменнікаў. Тэма закладае глебу для далейшых гутарак і майстар-класаў, школьных заняткаў ці публікацый у СМІ.
Дык чаму б і не: магла б Еўропа прачытаць Юлію Цімафееву?