
Юбілейны канцэрт адбудзецца 22 лютага (субота) 2025 г. у 17:00 у глядзельнай зале Гарадскога цэнтра культуры ў Гарадку.
У праграме мерапрыемства шмат выступаў музыкаў:
– канцэрты юбіляраў, гуртоў, якія дзейнічаюць пры ГЦК і запрошаных сяброў: “Лайланд” і сёстры Астапчук.
– успаміны пра гурты і прамоцыю новага альбома пад назвай “Сёння свята ў нас – З песняй праз жыццё – “Разспяваны Гарадок” і “Асенні Ліст”.
Першы гурт «Разспяваны Гарадок»— найстарэйшы беларускі спеўны гурт у гміне Гарадок і адзін з двух найстарэйшых на Беласточчыне. (Самы старэйшы па ўзросце беларускі калектыў на Беласточчыне гэта калектыў «Арляне” з Орлі).
Дзейнічае ён пры Гарадоцкім цэнтры культуры ў Гарадку.
А першае публічнае выступленне калектыву адбылося 8 сакавіка 1954 г. Заснавальніцай «Разспяванага Гарадка» і яго шматгадовым кіраўніком, сцэнарыстам і стваральнікам рэпертуару была Ніна Мушыньска. «Яе амбіцыяй было заснаваць рэгіянальны гурток, які б культываваў мясцовыя абрады і звычаі, асабліва ўнікальны фальклор памежжа, заснаваны на беларускай культуры, моцна ўкаранёнай у гэтай мясцовасці, – чытаем у інфармацыі пра калектыў.
Мне самому некалькі разоў давялося сустрэць спадарыню Ніну, яшчэ ў васьмідзясятых гадах у яе родным Гарадку. Гэта было падчас студэнцкіх рэйдаў з цыкла «Бацькаўшчына». Калі яго шлях праходзіў менавіта праз Гарадок. Тады ўжо спадарыня Ніна рэдка выступала з калектывам, але ездзіла часта з ім, проста -памятаю – толькі выходзіла на сцэну, калі канферансье анансаваў «Разспяваны Гарадок».
Апошнія два разы бачыўся са спадарыняй Нінай ў 90-тыя гады мінулага стагоддзя, калі запісваў рэпартажы пра беларускіх самадзейнікаў з Беласточчыны. Тады памятаю ездзіў у Ялоўку ў г.зв. Дом Апекі (дом састарэлых), дзе дажывала свой залаты ўзрост спадарыня Мушынская. Пані Ніна распавядала мне пра пачаткі і не толькі калектыву, усяго беларускага самадзейнага руху. А запісы размоваў потым гучалі ў беларускіх перадачах «Пад знакам Пагоні» на Радыё Беласток.
Праз калектыў прайшло каля 150 асобаў, між іншым Ніна Цыванюк, Юры Налівайка, Сцяпан Копа (інструктар) ці Тамара Бурачэўская. Зараз кіраўнічкай калектыву з’яўляецца Анна Казбярук, а інструктарам Віктар Маланчык з Гародні, які, дарэчы, кіруе музычна і калектвам «Асенні Ліст».
Яго касеты (гэта ў мінулым стагоддзі), пазней дыскі, выступы і канцэрты – гэта не толькі візітная картачка гміны Гарадок, лічу, – гэта нашае нацыянальнае багацце.
Другі калектыў, які адзначае 22 лютага свой юбілей, называецца «Асенні Ліст» (JESIENNY LIŚĆ ).
Гэта калектыў пенсіянераў. Быў ён створаны ў кастрычніку 1996 года і праз некалькі тыдняў дэбютаваў на сцэне падчас “Дня сэніёра” ( сэніёрам у Польшчы называюць людзей, якім больш за 60 гадоў). Неўзабаве калектыў прыняў назву «Jesienny Liść», пад якой выступае дагэтуль. Яго можна паслухаць на ўсіх мерапрыемствах у гміне, часта ён выступае з канцэртамі за мяжой. Спяваюць пераважна па-беларуску, хаця бываюць і песні на іншых мовах.
Доўгі час калектывам кіраваў Генусь Шэмет, дарэчы, ураджэнец Мазыра, а спяваў і граў на гітары ў ім Янка Карповіч. Запомніўся мне іх выступ (дуэту) падчас адкрыцця помніка Кастусю Каліноўскаму ў Мастаўлянах у 2016 годзе і словы Янкі пасля праспяванай песні пра паўстанцаў «Цок, цок, вершнікі на конях» – Кастусь! для цябе будзе жыць Беларусь».
Нагадваем:
Юбілейны канцэрт адбудзецца 22 лютага (субота) 2025 г. у 17:00 у глядзельнай зале Гарадскога цэнтра культуры ў Гарадку.
