У дваццатыя-трыццатыя гады мінулага стагоддзя працоўная эміграцыя з Еўропы была распаўсюджанай з’явай. Галоўнымі яе кірункамі былі Злучаныя Штаты і краіны Паўднёвай Амерыкі. Шмат беларусаў, якія тады пражывалі на тэрыторыі Польшчы, таксама выязджалі з краіны на заробкі ці ў пошуках лепшай долі. Большасць з іх потым вярталася дамоў. Зарабіўшы грошай, яны куплялі зямлю, будавалі хаты, жаніліся. Некаторыя эмігранты вырашалі назаўсёды застацца ў Новым Свеце і нават утваралі там свае паселішчы-калоніі.
Да рэдакцыі „Czasopisu“ трапілі цікавыя дакументы пратэстанцкага пастара, беларуса Фёдара Русана. Дзякуючы гэтым паперам можна праследзіць нетыповую гісторыю чалавека, які маючы магчымасць выехаць за акіян вырашыў застацца на радзіме, перажыў вайну і нямецкую акупацыю.
Фёдар Русан жыў на хутары Мілкаўшчына ў Нясвіжскім павеце. Ён належаў да абшчыны пяцідзесятнікаў, быў пастарам і ездзіў з пропаведзямі па ваколіцы. Сярод яго дакументаў захавалася візытоўка амерыканскага місіянера Джона Харрыса, з якім, магчыма, спатыкаўся беларус.
На пачатку 1930-х гадоў Русан (або хтосьці з яго блізкіх) зацікавіўся тэмай эміграцыі ў Паўднёвую Амерыку. Аб гэтым сведчаць брашуры, выдадзеныя Эміграцыйным сіндыкатам, якія калісьці належалі беларусу. Эміграцыйны сіндыкат быў таварыствам з абмежаванай адказнасцю, утвораным у 1930 годзе. Гэтая арганізацыя павінна была інфармаваць эмігрантаў пра ўмовы жыцця і працы за мяжой, а таксама арганізоўваць пераезд жыхароў ІІ Рэчы Паспалітай у іншыя краіны. Беларус атрымаў брашуру, якая была прысвечана ўмовам жыцця ў калоніі „Белы Арол”, што знаходзілася у штаце Эспірыта Санта ў Бразіліі. У 1931 годзе там ўжо пасяліліся больш за 800 эмігрантаў. У брашуры паведамлялася пра кошты пераезду праз акіян. Цана адной „карабельнай карты” складала за зніжкай 667 злотых 50 грошаў для дарослай асобы, для дзяцей ад 5 да 10 гадоў палову гэтай сумы, а для дзяцей да 5 гадоў – чацвёртую частку. У гэтую суму ўваходзіла цана пераезду ад месца пражывання да чыгуначнай станцыі ў Польшчы, падарожжа праз акіян да порту ў Бразіліі і харчавання ў дарозе. На тыя часы гэта былі агромныя грошы, таму перасяленцы дзеля таго, каб пераехаць усёй сям’ёй, часцей за ўсё прадавалі сваю нерухомасць, каб аплаціць падарожжа.
У асноўным эмігранты набывалі ў Бразіліі надзелы памерам 5-6 гектараў. Кожная сям’я каланістаў першыя два тыдні пасля пераезду пражывала ў сумесным бараку, каб за гэты час збудаваць сабе часовае жытло. Згодна з інфармацыяй, размешчанай у брашуры, за некалькі месяцаў перасяленцы ўжо будавалі сабе дом для пастаяннага пражывання. У калоніі пастаянна пражываў доктар, які павінен быў аказваць бясплатную медыцынскую дапамогу перасяленцам.
Іншы дакумент, які калісьці належаў Фёдару Русану – ліст, высланы з аддзелу Эміграцыйнага сіндыкату ў Баранавічах у чэрвені 1933 года. У гэтым лісце ідзе гаворка пра пераезд у іншую паўднёваамерыканскую краіну – Парагвай. Хутчэй за ўсё, беларус збіраўся накіравацца менавіта туды, а брашуру, прысвечаную Бразіліі, атрымаў у якасці рэкламы. У лісце яго інфармавалі аб коштах падарожжа, а таксама пыталі пра тэрмін ад’езду і ці зрабіў ён штосьці ў справе продажу сваёй зямлі ў Мілкаўшчыне.
Невядома па якіх прычынах, але Русан адмовіўся ад пераезду. У апошнія гады перад другой сусветнай вайной ён ездзіў прапаведаваць па памежных мястэчках і вёсках, запісваючы даты і месца пропаведзяў у адмысловы сшытак.
У часы вайны Русан жыў у вёсцы Студзёнкі пад Гарадзеяй. У гэты перыяд у яго пачаліся сур’ёзныя праблемы са зрокам. Аб гэтым сведчыць даведка аб стане здароўя, выдадзеная падчас нямецкай акупацыі. Падчас агляду ў яго выявілі высокую ступень блізарукасці і адслаенне сятчаткі і прызналі „няздольным да паездак”. Магчыма, гэта выратавала беларуса ад прымусовай вывазкі ў Германію.
Пасля вайны Русан працаваў настаўнікам у вясковай школе. Аб гэтым сведчыць даведка выдадзеная ў 1946 годзе Баранавіцкім аддзелам народнай асветы. У апошнія гады жыцця Фёдар Русан поўнасцю страціў зрок, памёр у вёсцы Студзёнкі.