У нядзелю 28 красавіка 2024 шмат нью-ёрскіх беларусаў сабралася ў будынку Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне каб адзначыць парафіяльнае сьвята Сабору. Сёлета яно супала з Вербніцаю і атрымалася яшчэ больш урачыстым. У якасьці шаноўных гасьцей былі прысутныя прыхажане Царквы Сьв. Кірылы Тураўскага з Квінсу начале з настаяцелем Царквы а. Васілём.
Адмыслова дзеля гэтага сьвяткаваньня прыехаў з Таронта кіраўнік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Уладыка Сьвятаслаў. Ён узначаліў Багаслужбу, якая пачалася а 10-й гадзіне раніцы ў царкоўнай залі, яму прыслугоўвалі сьвятары – а. Іван і а. Васіль. Як заўсёды традыцыйна перад Вялікаднем адбылася калектыўная споведзь вернікаў,выглядала гэта вельмі ўзрушліва, адчувалася, што людзі шчыра спавядаліся перад Богам у сваіх грахах і адчувалі асаблівую ўдзячнасьць Усявышняму за адпушчэньне іхных волных і нявольных грахоў.
Напрыканцы Багаслужбы адбылося асьвячэньне вербачак, якія пасьля гэтай дзеі разабралі прысутныя, каб занесьці дадому зялёныя галінкі, якія ёсьць сымбалям перад Вялікадня, яны нагадваюць нам пра тое, што наступны тыдзень трэба праводзіць у спакоі і малітавах, згадваючы пра пакуты Хрыста, пра ягонае ўкрыжаваньне і насьледнае Уваскрэшаньне.Па даўняй народнай традыцыі многія лагодна сьцёбалі вербачкамі адзін аднаго са словамі: “Ні я бью, вярба бье, за тыдзень Вялікдзень”.
На завяршэньне ўрачыстасьцяў царкоўны хор і прысутныя з натхненьнем прасьпявалі разам гімн “Магутны Божа”.
На добры ўспамін было зроблена агульнае фота ўдзельнікаў сьвяткаваньня.
Асаблівая падзяка належыцца Сястрынству пад кіраўніцтвам сп. Тацьцяны Красоўскай, што падрыхтавалі абед для прысутных з посных, але вельмі смачных страваў.