Кніжная серыя “Бібліятэка Бацькаўшчына”, заснаваная Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў 2004 годзе, сёлета адзначае 20-гадовы юбілей. Серыя стваралася з мэтай папулярызацыі ведаў пра беларускую дыяспару, што ў святле вялікай новай хвалі эміграцыі пасля 2020-га зрабілася яшчэ больш актуальным.

Яшчэ ў 2004 годзе патрэба ў гэтай серыі наспела ў сувязі з тым, што тэма беларускай дыяспары была слаба даследавана ў Беларусі. Амаль траціна нашай нацыі жыве па-за межамі краіны. Многія беларусы, з’ехаўшы з краіны, не перарывалі з ёй повязь: засноўвалі беларускія асяродкі, школы, цэрквы. Яны не толькі захоўвалі і захоўваюць сваю беларускасць, але з’яўляюцца іміджавымі цэнтрамі Беларусі ў краінах свайго пражывання. Але ў самой Беларусі іхны ўнёсак у развіццё беларускай нацыі заставаўся малавядомым.

Таму часткова ролю па вывучэнні гісторыі і сучаснасці беларускай дыяспары ўзяло на сябе “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, заснаваўшы серыю “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Кнігі серыі – спосаб зрабіць беларускае замежжа бліжэйшым для суайчыннікаў у Беларусі і новым эмігрантам, даць магчымасць навукоўцам і проста зацікаўленым асобам атрымаць інфармацыю па гісторыі, літаратуры, адукацыі, друку і іншых аспектах жыцця беларусаў у розных краінах свету.

За гэты час у межах серыі выйшла каля 50 кніг: архівы, мемуары, дакументы, успаміны, выбраныя мастацкія творы.

Са спісам выданняў можна азнаёміцца і купіць праз сайт фонда “Камунікат”, які аднавіў выданне кніг серыі, а некаторыя даступныя ў Беларусі кнігі можна купіць тут.