22 красавіка 2024 не стала сп. Марыі Азарка(Марушка), прадстаўніцы паваеннага пакаленьня беларускай эміграцыі, якое не забывала на чужыне пра Бацькаўшчыну і ўвесь час працавала дзеля падтрымкі беларускага жыцьця ў Амэрыцы. Адыйшла ва ўзросьце 94 гадоў у сваім доме ў Сомэрсэт, Нью Джэрзі, дзе жыла апошнія 63 гады.
Сп. Марыя нарадзілася ў Беларусі, у мястэчку Антопаль, цяпер Драгічынскі раён Берасьцейскай вобл., у сямьі Тэадосія і Марыі Марушкаў. Прыехала ў Амэрыку 75 гадоў таму, далучыліся да беларускай грамады ў Нью Джэрзі. Разам з мужам Янкам Азаркам былі актыўнымі ўдзельнікамі беларускага грамадзкага жыцьця, зьяўляліся сябрамі Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Нацыянальна сьведамымі беларусамі выхавалі і сваіх дзяцей. Сын Юрка Азарка доўгі час узначальваў Аддзел БАЗА ў Нью Джэрзі
Да выхаду на пенсію сп. Марыя цягам 25 гадоў працавала тэхнікам па кантролі за якасьцю ў кампаніі Ward Products у Нью–Брансуіку.
Належала да Парафіі Царквы Сьв. Жыровіцкае Іконы Божай Маці ў Гайленд Парку. Сьпявала ў царкоўным хоры.
У смутку пакінула сын Юрку і дачку Ірэну, нявестку Нону і ўнукаў Крыстафэра і Марка. Выказваем усім ім самыя глыбокія спачуваньні з гэтай незваротнай страты.
Галоўная управа БАЗА; Рэдакцыя газэты “Беларус”
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні ўсім родным і блізкім спадарыні Марыі Азарка.