
5 Сакавіка ёсьць добрай нагодай ушаноўваць памяць нацыянальных дзеячаў. Мінулыя гады на Дзень Волі я адведвала Клаўдзія Дуж-Душэўскага на Пятрашунскіх могілках у Коўне, беларускіх дзеячаў на могілках Роса ў Вільні. Сёлетнюю гадавіну вырашыла адзначыць пошукамі магілы беларускагп пасла й сэнатара польскага Сойму Васіля Рагулі (1879—1955).
Ён памёр у Нью-Ёрку ў чэрвені 1955 году, калі яшчэ не было адмысловых беларускіх могільнікаў у Нью-Джэрзі. Таму пахаваны быў у Нью-Ёрку й пра ягоную магілу ніхто асабліва ня згадваў. Знайшла ў інтэрнэце зьвесткі, што Васіль Рагуля быў пахаваны на Evergreens Cemetery. Гэта даволі стары, вялікі могільнік на мяжы Брукліну й Квінсу. Пра іншыя пахаваньні беларусаў на ім ня чула. Напісала ў адміністрацыю могілак, і мне даслалі мапу з пазнакай сэкцыі, дзе мае быць надмагільле. Але, улічваючы 70-гадовую даўніну пахаваньня, выбіралася на могілкі бяз пэўнасьці, што нешта там знайду. На дзіва, пасьля некаторых блуканьняў па даволі вялікай сэкцыі, надмагільле знайшла.

Праўда, засмучае, што, калі ня ведаць, хто такі Васіль Рагуля, не здагадаешся, ні што ён быў нейкім дзеячам, ні нават што быў беларусам. Гэты фэномэн зусім безаблічных пахаваньняў знакавых беларускіх асобаў мне складана прыняць.
Грамадзка-палітычны дзеяч, публіцыстВасіль Рагулянарадзіўся 28 ліпеня 1879 г. у вёсцы Ачукевічы Наваградзкага павету (цяпер Наваградзкі раён Гарадзенскай вобласьці). Ён быў дзядзькам ведамага пазьней беларускага дзеяча, лекара, раднага БНР Барыса Рагулі й бацька менш ведамага паваеннага нядоўгачасовага раднага БНР Міхася Рагулі.

У 1898 г. Васіль Рагуля скончыў Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю, настаўнічаў у Налібаках. У 1903—1906 гг. вучыўся ў Віленскім настаўніцкім інстытуце. Працаваў у школах у Смургонях, Менску. У 1914—1918 гг. быў у расейскай арміі. У 1917 г. уступіў у Расейскую дэмакратычную партыю. У 1918 г. настаўнічаў у Менску. У часе польскай акупацыі ўваходзіў у Расейскую аб’яднаную радыкальна-дэмакратычную групу. Улетку 1920 г. быў забраны ў Чырвоную Армію, адкуль праз год уцёк і вярнуўся ў родную вёску на гаспадарку.
У 1922 г. Васіль Рагуля быў абраны дэпутатам польскага Сойму, увайшоў у Беларускі пасольскі клюб. Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускага сялянскага саюзу. У 1928 г. абраны сэнатарам, але неўзабаве зьняволены польскімі ўладамі (1928—1930). Па вызваленьні з турмы вярнуўся на гаспадарку. У чэрвені 1941 г. арыштаваны НКУС, уцёк з-пад варты. У часе нямецкай акупацыі быў бургамістрам Дзятлаўскага раёну. Ад лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, потым у Бэльгіі. У 1950 г. пераехаў у ЗША. Быў сябрам першай рэдкалегіі газэты “Беларус”. Жыў у Нью-Ёрку.

Памёр Васіль Рагуля 16 чэрвеня 1955 г. Праз два гады па ягонай сьмерці ў Нью-Ёрку намаганьнямі сына Міхася пабачылі сьвет “Успаміны” Васіля Рагулі.
Мяркую, магіла гэтага дзеяча можа быць месцам памяці й шанаваньня для нью-ёрскіх беларусаў. Тым болей, сёлета будзе 70 гадоў ад ягонай сьмерці.
Наталля Гардзіенка, bielarus.info,
фота аўтара