Польшча пачала адмаўляць у прытулку на мяжы зь Беларусьсю

Мяжа Польшчы і Беларусі. Архіўнае фота

Пастанова ўраду Польшчы прадугледжвае, што права падаваць хадайніцтва аб наданьні міжнароднай абароны абмяжоўваецца тэрмінам на 60 дзён на мяжы зь Беларусьсю .

Некалькі чалавек атрымалі адмовы ў падачы хадайніцтва аб прытулку на мяжы з Беларусь пасьля таго, як польскі ўрад абмежаваў такое права. Пра гэта ў эфіры RMF24 распавёў міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

«Гэта невялікія лічбы, але такія асобы па-ранейшаму маюць права хадайнічаць аб наданьні міжнароднай абароны ў Польшчы ў дыпляматычных прадстаўніцтвах краіны ў Менску і Маскве.

Нагадаю, што гэта людзі, прывезеныя расейцамі з Блізкага Усходу і перапраўленыя ў Беларусь з мэтай сілай прабіцца ў Эўразвяз», — сказаў ён.

У канцы сакавіка 2025 году Польшча увяла часовае абмежаваньне права падачы хадайніцтва аб наданьні міжнароднай абароны на дзяржаўнай мяжы з Беларусьсю.

Пастанова дае супрацоўнікам Памежнай аховы адзін з ключавых інструмэнтаў для барацьбы зь нелегальнай міграцыяй, якая служыць элемэнтам гібрыднай агрэсіі супраць Польшчы, а таксама для барацьбы з міжнароднай злачыннасьцю, — так раней пракамэнтаваў рашэньне ўраду Польшчы міністар унутраных справаў і адміністрацыі Томаш Семоняк.

Папраўкі ў закон прадугледжваюць выняткі для пэўных катэгорыяў просьбітаў прытулку. Падаваць хадайніцтвы змогуць прадстаўнікі ўразьлівых групаў, у прыватнасьці, цяжарныя жанчыны, непаўналетнія без апекі, асобы з патрэбай у асаблівым абыходжаньні.

Прадоўжыць абмежаваньне можна будзе яшчэ на 60 дзён са згоды Сэйму.

На іншых межах Польшчы захоўваецца права хадайнічаць аб наданьні міжнароднай абароны.

  • Улады Польшчы абвінавачваюць афіцыйны Менск у арганізацыі штучнага мігранцкага крызісу на мяжы.
  • Мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу працягваецца зь вясны 2021 году.
  • Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
  • Аляксандр Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз праз Беларусь, бо іх туды «паклікалі».

svaboda.org