
Важнай праблемай для Беларусі стаў адток выкладчыкаў ВНУ і настаўнікаў за мяжу. Абсалютная бальшыня вымушана была такім чынам ратавацца ад рэпрэсій.
„Радыё Рацыя“ пагаварыла з філосафам, выконваючым абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Паўлам Баркоўскім пра самы ўразлівы пласт сярод з´ехаўшых – гісторыкаў. Чаму такая вялікая колькасць з іх эмігравала і чым яны займаюцца за мяжой.
РР: Якія непасрэдныя фактары – палітычныя, эканамічныя, ідэалагічныя – прымушаюць беларускіх гісторыкаў да эміграцыі?
Павел Баркоўскі: Самы асноўны фактар – гэта базавы недавер, які існуе ў сённяшняй улады да беларускіх гісторыкаў. Фактычна сама беларуская гісторыя – гэта такое міннае поле, якое ў нейкай ступені падрывае паноўную дзяржаўную ідэалогію, якая ўвесь час спрабуе нас пераканаць у тым, што беларусы – гэта найбольш сяброўская Расеі супольнасць, краіна, насуперак гістарычным фактам усіх папярэдніх часоў. Цяпер яны ідуць нават на тое, каб адмовіцца ад таго ж Кастуся Каліноўскага ва ўгоду расейскім дзяржаўным гісторыкам, якія бачаць у ім пагрозу і заўсёды бачылі.
І таму для гісторыкаў гэта, па-першае, выклік з боку рэпрэсіяў і звальненняў, якія робяцца ў беларускіх інстытуцыях адносна не зусім лаяльных ці падазраваных у нелаяльнасці. Па-другое, гэта супольнасць, якая часцей за ўсё беларускамоўная, а да гэтай супольнасці таксама сёння падвышаны ціск і падазрэнні ў нелаяльнасці. Мне нават вядомыя факты, калі людзей звальнялі проста за беларускую мову, выкарыстаную ў іх прыватных сацсетках, і гэта было нефармальным, але аснаваннем для звальнення.
Таму беларускія гісторыкі бачаць гэтую сітуацыю. Хтосьці адчувае пагрозу рэпрэсій, хтосьці адчувае ізаляцыю, у якую трапляюць сёння беларускія гісторыкі. Калі раней яны маглі ездзіць на міжнародныя канферэнцыі і форумы, то цяпер для іх гэтая магчымасць вельмі абмежаваная. Кожная камандыроўка ўзгадняецца ледзьве ні з мясцовым аддзелам КДБ і з першым прарэктам па бяспецы. І таму фактычна ў такіх варунках вельмі цяжка падтрымліваць сваю прафесіянальную кампетэнтнасць, мець стымулы для таго, каб займацца навукай. Ну і эканамічна нельга сказаць, што ў Беларусі самыя спрыяльныя ўмовы для існавання спецыялістаў.
РР: У чым адрозненне прычын эміграцыі беларускіх гісторыкаў, ад прычын эміграцыі навукоўцаў з нацысцкай Германіі, Турцыі пасля 2016 года, ці Венесуэлы?
Павел Баркоўскі: Натуральна ёсць нейкі агульны чыннік, які ў нечым супадае. Хаця б тое, што пераважна гэтыя ўсе хвалі эміграцыі адбываліся па ідэалагічных прычынах, праз пэўныя рэпрэсіі на грунце несупадзення з дзяржаўнай палітыкай. І канешне ў гэтым сэнсе ўсе яны прыблізна падобныя ў агульным трэндзе.
Сёння беларускія гісторыкі ў Беларусі мусяць займаць суперлаяльную пазіцыю да ўлады і старацца ніяк не паказваць сваіх пярэчанняў існуючай ідэалогі, занурваюцца ў такія, як у савецкія часы казалі, бяспечныя тэмы – археалагічныя раскопкі, даследаванне ВКЛ 14-15 стагоддзяў, штосьці такое, дзе гэтыя даследаванні ніяк не карэлююць з сучаснай палітыкай дзяржавы. Праўда, і там можна натрапіць на якуюсць небяспечную тэму, напрыклад, войны з Масковіяй, і гэта апынецца не вельмі запатрабаваным.
РР: Ці існуе сувязь паміж палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі, напрыклад, пасля 2020 году, і кантролем над гістарычным наратывам?
Павел Баркоўскі: Канешне, існуе. І бачна, што на гэта маюць уплыў не толькі мясцовыя спецслужбы. Гэта ідзе прамы запыт з расейскага боку. Згадаем гэтыя расейскія камісіі па гісторыі, якія ў свой час узначальваў Медынскі, дзе фактычна крымінальнымі тэрмінамі пагражалі за неправільную трактоўку расейскай гісторыі. Яны фактычна зараз распаўсюджваюць сваю дзейнасць і ў Беларусі, фактычна лічаць яе сваёй тэрыторыяй. Таму гэта запыт на стварэнне агульных падручнікаў. Таму гэта запыт на выдаленне такіх асоб як той жа Кастусь Каліноўскі з гістарычнага наратыву і публічнай прастору. Гэта імкненне прасоўваць наадварот расейскіх гістарычных персанажаў. І г.д.
Цалкам матэрыял: