“Рэпрэсіі могуць перамагчы толькі калі мы будзем маўчаць”

Logo – SINDICATO NACIONAL MINERO

У рамках міжнароднай кампаніі «Прафсаюзны актывізм – не экстрэмізм», накіраванай на спыненне рэпрэсій у дачыненні да незалежных прафсаюзаў у Беларусі, Асацыяцыя “Салідарнасць” атрымала ліст салідарнасці ад таварышаў з Нацыянальнага прафсаюза гарнякоў, металургаў і сталеліцейшчыкаў Мексіканскай Рэспублікі (SINDICATO NACIONAL DE TRABAJADORES MINEROS, METALURGICOS, SIDERURGICOSY SIMILARES DE LA REPUBLICA MEXICANA).

Ліст адрасаваны Асацыяцыі “Салідарнасць” і Беларускаму кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). У ім мексіканскія таварышы выказваюць шчырую падтрымку і салідарнасць з прафсаюзным рухам Беларусі, які перажывае беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі.

“Мы ведаем, што, нягледзячы на жорсткія пераследы, вы працягваеце змагацца рашуча і мужна за годнасць і справядлівасць для працоўных”, – гаворыцца ў лісце.

Гарнякі Мексікі падкрэсліваюць, што барацьба беларускіх прафсаюзаў важная не толькі для абароны правоў працаўнікоў у Беларусі, але і для ўмацавання дэмакратыі і сацыяльнай справядлівасці ва ўсім свеце. Яны асуджаюць пераслед, арышты і прыгнечанне свабоды аб’яднанняў, якія адбываюцца ў Беларусі, і заклікаюць міжнародную супольнасць не заставацца ўбаку.

“Мы працягнем выступаць у абарону працоўных і правоў чалавека ў Беларусі. Рэпрэсіі могуць перамагчы толькі калі мы будзем маўчаць. Мы не маўчым!”

Асобна варта адзначыць, што праграма, прысвечаная барацьбе беларускіх прафсаюзаў, будзе трансліравацца на радыё “Voz Minera”, а таксама праз афіцыйныя старонкі мексіканскага прафсаюза ў сацыяльных сетках.

– Мы глыбока ўдзячныя за гэты акт міжнароднай салідарнасці. Такія словы падтрымкі ўмацоўваюць дух і надаюць сілы тым, хто працягвае змагацца за справядлівасць, – адзначыла Лізавета Мерляк, выканаўчы дырэктар Salidarnast e.V.

Далучайцеся да кампаніі на Labour Start – падпішыце зварот за вызваленне прафсаюзных зняволеных і спыненне рэпрэсій у Беларусі.

salidarnast.info