Кніга Эрнэста Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» выйшла па-беларуску ў выдавецтве «Кнігаўка»

Пра гэта паведаміў выдавец Андрэй Янушкевіч на старонцы выдавецтва.

Класіка літаратуры ХХ стагоддзя па-беларуску ўжо ў продажы, для пакупнікоў з Польшчы і іншых еўрапейскіх краін. Цана — 29,90 злотых. Мяккая вокладка, кішэнны фармат, 304 старонкі. Неўзабаве з’явіцца электронная і аўдыёверсія. Замовіць можна тут.

Раман Эрнэста Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» зрабіў яго ў адначассе знакамітым і паставіў у шэраг выбітных творцаў «загубленага пакалення». Гэта першая кніга пад імпрынтам «Кнігаўка», якая выдадзена у новаствораным аддзяленні выдавецтва «Янушкевіч» у Варшаве. 

Твор Эрнэста Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» вядомы таксама пад назвай «Фіеста», упершыню выйшаў у 1926 годзе. Па-беларуску кніга выйшла ў далёкім 1976 годзе, у перакладзе Юркі Гаўрука. Гэты тэкст аднаўляецца ў нашым выданні. Таму не здзіўляйцеся наяўнасці русізмаў, якія зараз рэдка пачуеш у беларускай мове (напрыклад, «магазін» замест «крама»). Цікава, што за савецкім часам раман выходзіў пад назвай «Фэст» — хіба перакладчык не да канца разабраўся з сэнсавымі нюансамі «фэсту / фіесты»» — піша выдавец.

budzma.org