Адкрыцці пад Мельнікам

Мельнік – мясцовасць у паўднёва-ўсходняй частцы Падляшскага ваяводства, якое маляўніча ўпісваецца ў даліну Буга. Тэмпература тут вышэйшая, чым у іншых частках Падляшша, і ёсць расліннасць, характэрная для стэпаў вакол Чорнага мора.

Спецыялісты з Ваяводскага ўпраўлення аховы помнікаў у Беластоку атрымалі вынікі раскопак на пляцы Касцюшкі ў Мельніку, у адным з найстарэйшых гарадоў Падляшша.

– Выкананне выратавальных даследаванняў, асабліва глыбокіх слаёў тэрыторыі, прынесла шмат надзвычай цікавай інфармацыі аб гісторыі гэтага горада, – падкрэслівае праф. Малгажата Дайновіч, кансерватар помнікаў з Падляшша.

Як паведамляе Ваяводскае ўпраўленне аховы помнікаў, падчас раскопак былі здабытыя манеты міжваеннага перыяду, якія знаходзіліся на глыбіні каля 0,5 м. Даследаванне глыбокіх слаёў выявіла прадметы, звязаныя з познесярэднявечным Мельнікам. Сярод знаходак – фрагменты разбітых гліняных пасудзін, гаршковых кафляў і дробных манет, т. зв. ягелонскія дэнары.

На глыбіні каля 2,20 м пад слоем чарназёму выявіліся абрысы вялікага жылога ці гаспадарчага будынка з дзвюма глыбокімі ямамі. З іншых археалагічных аб’ектаў здабыты касцяная гульнявая дэталь з выявай сядзячага флейтыста і фрагмент энколпіёна (рэлікварыя). Гэтыя аб’екты датуюцца ХІІІ – пачаткам ХIV ст. Раскопкі ў паўночна-заходнім куце выявілі рэшткі печы для выпальвання гаршковай кафлі з XV стагоддзя.

Раскопкі ў Мельніку праводзіліся ў сувязі з планаваным будаўніцтвам фантана. Сярод знаходак ёсць пешка з костак жывёлы, што сведчыць аб сувязі гэтых тэрыторый з вікінгамі. Падобныя пешкі былі знойдзены на тэрытоыі Англіі. Статуэтка мае вышыню 4 см, і на ёй відаць самыя дробныя дэталі, пачынаючы ад завушніц флейтыста і заканчваючы барадой і часткамі адзення. Былі раскопаны таксама кераміка, кафля, гаршкі, кубкі, іголкі, вырабленыя татарамі кафлі і шмат іншых каштоўных прадметаў.

Знойдзены таксама элкапіён – крыжык з рэліквіяй унутры. – Гэта быў прадмет, звязаны з усходнім хрысціянствам, – тлумачыў археолаг Мечыслаў Беня.

Мельніцкі град, магчыма, быў створаны яшчэ ў 1038 г., падчас паходу вялікага князя кіеўскага Яраслава на ятвягаў. Назва Мельнік (Mielnica) упершыню сустракаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1240 г., калі татары разбурылі гарадзішча Мельнік, а другі раз – у 1260 г., калі Даніла, рускі князь галіцка-ўладзімірскі, маліўся перад іконай Спаса Збавіцеля. У 1440 г. Баляслаў IV Мазавецкі надаў Мельніку хелмінскія правы. Росквіт мясцовасці прыпадае на часы праўлення дынастыі Ягелонаў. У 1486 г. у Мельніцкім замку спыняўся Казімір Ягелончык, у 1501 г. тут чакаў польскую карону Аляксандр. У 1501 годзе Мельнік адным з першых гарадоў Падляшша атрымаў магдэбургскае права. Тут падпісаны два важныя дакументы: Мельніцкая унія і Мельніцкі прывілей. У 1505 г. тут чакаў карону Жыгімонт, пазней названы Старым. У 1569 годзе Мельнік разам з Падляшскім ваяводствам быў уключаны ў склад Кароны Польскай.

Бляск горада скончыўся ў сярэдзіне XVII ст., калі Падляшскае ваяводства апынулася ў зоне бітваў і ваенных паходаў. У 1656 г. Мельнік быў разбураны шведамі, за імі рушылі трансільванскае і маскоўскае войскі, а потым паўсталыя каронныя і літоўскія войскі, якія ў 1662 і 1663 г. не атрымалі жалавання і рабавалі маёмасць мельніцкіх мяшчан. Чума, якая запанавала ў 1653-1661 гадах, таксама ўзяла сваё.

У канцы 18 стагоддзя адбываецца эканамічнае ажыўленне дзякуючы адкрытай здабычы мелу. У 1934 г. па заяве жыхароў Мельнік быў пазбаўлены гарадскіх правоў. Падчас Другой сусветнай вайны па рацэ Буг была ўстаноўлена мяжа паміж Трэцім Рэйхам і Савецкім Саюзам.

Археолагі дапамагаюць высветліць паходжанне назвы мясцовасцыі Мельнік. Ёсць шмат прыкмет таго, што назва Мельнік можа паходзіць ад слова «мель», што азначае крэйду. Да такой высновы прыйшоў археолаг Гжэгаж Снежка, які кіраваў раскопкамі ў раёне былой гарадской плошчы.

Падчас нядаўніх раскопак у раёне былой гарадской плошчы археолагі натрапілі ў адным з раскопак на цвёрдую кампактную крэйду. Яно складала т. зв. цалец, calec, г. зн. прыродны ўзровень, пазбаўлены слядоў чалавечай дзейнасці.

Археолагі раскапалі шматлікія помнікі, звязаныя са шматвяковай гісторыяй Мельніка. Большасць з іх паходзіць з 15-16 стагоддзяў – пачаткаў лакацый горада. Першая адбылася ў 1440 г. дзякуючы князю мазавецкаму Баляславу IV. Даследчыкаў здзівіла глыбіня археалагічных слаёў – якая ў адным з раскопак дасягнула амаль 4,5 м. Гэта пласты зямлі, створаныя ў выніку дзейнасці чалавека. У іх захоўваюцца прадметы даўніны, у тым ліку фрагменты керамікі і косці жывёл, якія назапашваліся на працягу многіх гадоў. «Сярод іх былі і значна больш рэдкія прадметы, такія як арнаментаваная зашпілька з меднага сплаву ў выглядзе васьміканцовай зоркі або багата аздобленая касцяная ашалёўка. Абодва артэфакты паходзяць з XV стагоддзя», – пералічваў навуковец.

Мельнік быў адным з найважнейшых гарадоў гістарычнага Падляшскага ваяводства. Зараз гэта амаль тысячная вёска, якая знаходзіцца ў 10 км ад мяжы з Беларуссю. Пра хараство былога горада сёння сведчаць найперш т. зв. Замкавая Гара з руінамі касцёла пачатку XVI ст. і гарадской планіроўкай з былой рынкавай плошчай, цяпер паркавым скверам. Раскопкі былі прафінансаваны войтам і Гміннай радай Мельніка.

Радаслаў Маціевіч, czasopis.pl
фота Аддзялення дакументацыі помнікаў у Беластоку