Ганна Кандрацюк: У гэтай кнізе ёсць мае неверагодныя моманты жыцця

Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку выдаў чарговую кнігу. Гэтым разам гэта зборнік рэпартажаў журналісткі тыднёвіка «Ніва» Ганны Кандрацюк па назвай “Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці”.

Першая прэзентацыя кнігі адбылася на Беластоцкім кніжным кірмашы, які завяршыў сваю працу ў мінулую нядзелю. „Радыё Рацыя“ паразмаўляла з пісьменніцай пра новую кнігу – пра яе змест і герояў.

РР: Як часта ты ўдзельнічала ў Беласточкім кніжным кірмашы?

Ганна Кандрацюк: Я ўжо трэці раз на кніжным кірмашы. Першы раз пабывала ў 2014 годзе. Тады як раз Фонд «Суседзі», той самы, які арганізуе гэты кірмаш, выдаў маю кнігу на польскай мове «Białoruś. Miłość i marazm». Другая кніга – гэта быў польскі пераклад рэпартажаў палескай вандроўкі «Па Прыпяці па Нобель». І вось зараз трэцяя сустрэча. Але я думаю, што пакуль людзі яшчэ не ведаюць пра гэтую кнігу, нават тыя мае героі, якія ў ёй апынуліся, яшчэ ў іх не было цікавасці, каб прачытаць кнігу. Так што пакуль яшчэ час адкрыцця.

РР: А ты адмыслова выбірала для кнігі герояў, звязаных з Падляшшам? Я ведаю, што ты шмат пісала пра іншых асоб, напрыклад, пра Анатоля Сыса.

Ганна Кандрацюк: Не зусім так. Цяжка сёння гаварыць, што Кастусь Каліноўскі ёсць чалавекам з Падляшша.

РР: Але народжаны тут.

Ганна Кандрацюк: Так, народжаны. Але ён больш вядомы як сімвал Беларусі. Таксама ў кнізе ёсць вельмі шырокі рэпартаж пра гарадзенца Юрася Гуменюка. Там адведзена месца і для Таварыства Вольных Літаратараў. Але таксама ёсць гарадзенскія замалёўкі ад блізкіх сяброў, і там якраз паказаная яго апошняя дарога. Але, калі гаварыць пра Беларусь, у кнізе ёсць рэпартаж пра шляхоцкі засценак на поўначы Беларусі, яго героям з’яўляецца Юрка Гіль. Апрача гэтага мы маем Алеся Пушкіна. Калі ідзе пра Падляшша, то тут Надзея Артымовіч, Святыя Падляшскія. Мне хацелася зрабіць партрэт адзінай Святой жанчыны на Падляшшы, якая ўпісана ў лік Святых Холмскіх і Падляшскіх Марыі Петручук. Пішу таксама пра Святых Бранскай зямлі. Гэта вельмі свежая справа. Ну і вядома бласлаўлёны ксёндз Ежы Папялушка, таксама чалавек, які нарадзіўся тут, на памежжы, і я паказваю беларускі бок яго жыцця.

РР: Звычайна ў аўтара ёсць такая праблема, што кніга не гумовая, і часам не ўсё можна туды ўціснуць, усё аб’яднаць пад адну вокладку. Ёсць нейкія асобы, якія можна было б дадаць, але аб’ём кнігі не дазваляе?

Ганна Кандрацюк: Я прапанавала яшчэ дзве асобы, але разам з рэдактарам Яўгенам Вапам мы вырашылі, што гэтая падборка будзе задужа адборная, бо гэта ўсе людзі, якія заплацілі сваім жыццём за тую любоў да людзей, да сваёй краіны, да ідэалаў. Але яны не забытыя. Яны часта таксама кананізаваныя. І я паказваю, што гэты беларускі кашмар таксама прыносіць свае пазітыўныя плёны.

Так што трэба жыць і змагацца, не падаць духам. Думаю, што кніга аптымістычная, нягледзячы ўсё іншае. З боку чытачоў ёсць ужо падзяка, што кніга файна чытаецца, што падборка тэм цікавая. Я сапраўды мела неверагодныя моманты. Запісала рэпартаж за тры дні перад кананізацыяй Ежы Папялушкі з яго матуляй, якая ўжо мела 90 гадоў. Яны нас у такі гарачы час прынялі, размаўлялі, і мама спачатку спявала польскія рэлігійныя песні, а пасля, калі я пачала пытацца пра яе асабістае жыццё, пра кантакты з Гародняй, яна пачала цудоўна гаварыць па-беларуску, прытым сыпала прымаўкамі, прыказкамі зусім у беларускім стылі. Думаю, што ў той час, за тры дні да кананізацыі, калі ўсе медыя ў Польшчы гаварылі пра гэта, запісаць атмасферу гэтай падрыхтоўкі, гэта была ўнікальная магчымасць. Гэта нельга паўтарыць, бо такое раз у жыцці здараецца.

Цалкам матэрыял:

racyja.com