Нэлі Масалова і Антон Галавач: Нас маскалі не пасвараць

Украінец Антон Галавач і беларуска Нэлі Масалова жывуць у Беластоку і сваім сумесным саюзам даказваюць лукашэнкаўска-крамлёўскай прапагандзе, што беларускі ды ўкраінскі народы не ўзмозе пасварыць між сабою ніякая вайна.

РР: Эміграцыя – гэта цяжкая справа, эмацыйная. Вельмі часта пары ў эміграцыі разыходзяцца. Але ў вашым выпадку вы знайшлі сябе тут, у Беластоку. Раскажыце, як вы пазнаёміліся.

Нэлі Масалова: Гэта адбылося ў нашым любімым бары Beer4u. У той дзень у мяне быў цяжкі дзень на працы. Я ўжо думала, што не дам рады даехаць да таго бару. Дзяўчынам на працы я сказала: сёння без мяне, я павінна там быць. І паехала. Там выступала мая любімая Кася Ваданосава. І адбылося нашае першае спатканне. Я нават зрабіла фотаздымак з ім.

Антон Галавач: Памятаю ў якой сукенцы была, такая чырвоная ў гарошык.

Нэлі Масалова: Так, мела чырвоную сукенку. Гэты чалавек мяне пабачыў. Але ў бары не падышоў. І ўжо пасля таго канцэрту ён знайшоў мяне ў інстаграме, напісаў мне. І прапанаваў кантактаваць праз тэлеграм. Я нават не зразумела спачатку, хто гэта. Я напісала яму, што беларусы не вельмі любяць тэлеграм. І працягвалі кантактаваць праз інстаграм. Затым сустрэліся адзін раз, другі, трэці… І амаль што паўтара года разам.

Антон Галавач: Насамрэч нашая першая сустрэча была яшчэ ранейшая. Яна была на Дзень Волі ў Беластоку. Я, як прадстаўнік украінскай дыяспары, быў запрошаны на акцыю. І меў там слова. І, наколькі ведаю, тыя маё слова Нэлі вельмі расчулілі.

Нэлі Масалова: Так, гэта быў ужо 2024 год. Я думала, што ўжо не магу плакаць, бо за мінулы час столькі трагічных падзеяў адбылося, столькі страт. Я звыклася з той думкай, што ў нас такое адбываецца. А гэты чалавек узяў слова, і я аказалася зноў у тых нашых падзеях і сапраўды расчулілася.

РР: Я так разумею, што Антон у Беластоку не з палітычных прычын. А вы, Нэлі, як тут апынуліся? Калі вы сюды прыехалі?

Нэлі Масалова: Я прыехала сюды ўжо пасля пачатку вайны ва Украіне. Я зразумела для сябе, што нічога добрага ў бліжэйшы час у нашай краіне не адбудзецца. А я не змагу маўчаць, я буду гаварыць. І за мной прыйдуць. А я маю малога сына, я павінна думаць пра яго бяспеку, пра сваю бяспеку. Як вядома, дзеці – гэта нярэдка з’яўляецца тым, праз што адбываецца ціск на бацькоў у нашай краіне. Таму я адразу пачала рыхтавацца да свайго выезду. Я выдаліла ўсе фотаздымкі ў тэлефоне, рэпосты і ўсё такое іншае, каб бяспечна выехаць. У мяне была гуманітарная віза. Мы спакойна выехалі і я апынулася ў Беластоку. Першае, што я спаткала па дарозе – гэта вялізны банэр «Жыве Беларусь!».

РР: Гэта, дарэчы, рэкламны банэр Радыё Рацыя.

Нэлі Масалова: Так, я ведаю. І я адчула, што я жывая, што гэта тое месца, дзе будуць людзі, якія мяне будуць разумець цалкам, і я засталася тут. І калі я прыехала сюды, я не спынілася і працягваю гаварыць. Працягваю хадзіць на акцыі. Працягваю штосьці рабіць. Разумею, што гэтага не дастаткова, гэта наўрад ці штосьці зменіць, але маўчаць я не буду.

Цалкам матэрыял:

Юрась Дзяшук, racyja.com