
29 красавіка ў Skuespilhuset, галоўным тэатры Даніі, адбылася маштабная акцыя салідарнасці з незалежнай журналістыкай. Прэм’ера спектакля «The Last Witness (of Old Hrodna)», заснаванага на рэальнай гісторыі гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча, была прымеркавана да Сусветнага дня свабоды друку ААН.
Візуальным кантэкстам для дацкай публікі стала выстава плакатаў мастака Pan Zmi Thor (@zmithor). Ён прадставіў глыбокі палітычны і гістарычны аналіз сувязяў Беларусі з Еўропай. Плакаты змясцілі ў сабе маніфест захавання ідэнтычнасці: ад гістарычных сувязяў з Даніяй (каралева сафія Мінская) і адмены смяротнага пакарання да неабходнасці дэкамунізацыі і вяртання да лацінкі.
Вечар завяршыўся дыскусіяй аб выкліках, з якімі сутыкаюцца медыя ў часы цэнзуры і вайны. У дэбатах узяла ўдзел вядомая журналістка-аналітык Ганна Любакова. Удзельнікі абмеркавалі ролю журналіста як «апошняга сведкі», які застаецца верным праўдзе, нягледзячы на рэпрэсіі.
«Мае працы ў Skuespilhuset — гэта тлумачэнне для еўрапейцаў: Беларусь — гэта не “белая пляма”, а еўрапейская краіна са сваёй гісторыяй і выразным вектарам развіцця», — адзначыў Pan Zmi Thor.



Паводле прэс-рэліза, фота @zmithor
