
У кватэры кіраўніка ліквідаванай уладамі партыі БСДП (Грамада) Ігара Барысава ў Менску 11 чэрвеня прайшоў ператрус. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал партыі.
Паводле звестак БСДП, сілавікі трапілі ў кватэру ў прысутнасці панятых і правялі «аператыўныя дзеянні». Прычына візіту сілавікоў – узбуджаная крымінальная справа супраць Ігара Барысава.
Паводле якога менавіта артыкула абвінавачваюць партыйнага дзеяча, невядома, але 7 траўня пазбаўленая рэгістрацыі партыя БСДП была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем». У спіс асоб, якія маюць дачыненне да дзейнасці арганізацыі, былі ўключаныя кіраўнік БСДП Ігар Барысаў, яго намесніца Ганна Канюс і сябра прэзідыума Ігар Маслоўскі. Усе яны знаходзяцца ў палітычнай эміграцыі.
