Выставілі на продаж аўтамабіль завочна засуджанага Вадзіма Саранчукова

На продаж з аўкцыёна ўлады ў Гародні другі раз выставілі аўтамабіль завочна засуджанага ў рамках так званай спецвытворчасці Вадзіма Саранчукова. Гэты Опель хацелі прадаць яшчэ 27 траўня, але тады не ўдалося. Новыя таргі прызначаныя на 1 ліпеня.

Судовы выканаўца — Карунас Кацярына Алегаўна.

Гарадзенец Вадзім Саранчукоў, які зараз у змушанай эміграцыі, – старшыня Гарадзенскай партыі БНФ, а пазней выканаўца старшыні ўсёй партыі.

30 жніўня 2024 года яго завочна засудзілі на 4 гады калоніі і штраф 24 000 рублёў (600 базавых). Саранчукова судзілі ў Гарадзенскім абласным судзе па ч.1 і ч. 2 арт. 361−4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Карны прысуд аформіў суддзя Аляксандр Козел.

Яшчэ перад судом быў накладзены арышт на маёмасць Саранчукова: ягоную кватэру ў Гародні, на дом і ўчастак зямлі ў вёсцы Грабяні пад Гародняй, а таксама на аўтамабілі, бэнзапілу, матаблок, лядоўню, пральную машыну, тэлевізар. 

Улады працягваюць прадаваць маёмасць засуджаных завочна вядомых гарадзенцаў. Так раней была канфіскаваная і выстаўленая на продаж бытавая тэхніка сям’і Уладзіміра Хільмановіча (лядоўня, тэлевізар, пральная машына), а пазней прадалі аўтамабіль, які быў уласнасцю Ежы Грыгенчы.

hpravy.org