
Беларускі ПЭН тры гады таму зарэгістраваўся ў Польшчы і працягвае сваю дзейнасць. Адным з важных накірункаў з’яўляецца ўручэнне літаратурных прэміяў. Сёлетнімі планамі з „Радыё Рацыя“ падзялілася старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.
РР: Прайшло ўжо тры гады, як Беларускі ПЭН зарэгістраваны ў Польшчы, актыўна працуе і аднавіў усе літаратурныя прэміі. Як вы зараз пачуваецеся?
Таццяна Нядбай: Мы хіба толькі цяпер пачалі адчуваць такую крохкую, усё яшчэ крохкую, стабільнасць. Таму што мы нарэшце адладзілі нейкія працэсы існавання ў Польшчы. Дзяржава еўрапейская, дзяржава дэмакратычная, частка Еўрапейскага звязу, прыхільная да ўсіх недзяржаўных формаў існавання арганізацый. І гэта адно з галоўных адрозненняў ад Беларусі, калі ў Беларусі, як мы ведаем, НДА былі пастаўлены ў сітуацыю, калі ім даводзілася вельмі часта дзейнічаць дзесьці паўлегальна, дзесьці не зусім адкрыта, і з фінансаваннем былі вялікія праблемы, таму што каб атрымаць замежнае фінансаванне, трэба было яго рэгістраваць, што адразу стварала праблему.
Тут мы дзейнічаем празрыста, тут мы дзейнічаем адкрыта, транспарэнтна і гэта страшна нас цешыць. Таму што мы нарэшце можам адкрыта весці бухгалтэрыю, наймаць людзей і дзейнічаць ва ўмовах празрыстай дэмакратычнай краіны. Гэта вялікае дасягненне і гэтая тая практыка, з якой пасля мы хацелі б вярнуцца ў Беларусь, каб там таксама дзейнічаць акрыта, дзейнічаць празрыста, плаціць падаткі і адпаведна адкрыта і легальна наймаць людзей. Калі казаць пра вельмі дробныя рэчы, але вельмі важныя для бяспечнага адчування супрацоўнікаў і кіраўніцтва арганізацыі.
Канешне, мы намагаемся рэалізоўваць тыя праекты, якія рабілі ў Беларусі, не ўсе з іх магчыма арганізоўваць. Тут мы безумоўна спрабуем рэалізоўваць усе літаратурныя прэміі, якія ў нас там былі, нейкія з іх робяцца раз на два гады, раз на некалькі год, таму што цяпер не выходзіць такой колькасці кніг, увесь час мы маем спад выдавецкай актыўнасці, вымушаны праз рэпрэсіі, таму што людзі не могуць друкавацца. Пры гэтым мы ўвялі практыку ананімнага, зашыфраванага ўдзелу, такім чынам мы трацім на бачнасці гэтых прэмій, трацім на магчымасці ацаніць, аддаць належнае сённяшнім «шортлістэрам», сённяшнім пераможцам. Але такім чынам не аддзяляцца ад аўтараў і выдаўцоў у Беларусі.
РР: Але я заўважыў, што ўжо ў шорт-лістах з’явілася такая практыка, што аўтары з Беларусі выступаюць пад псеўданімамі. Гэта ўмова тых аўтараў? Ці вы самі лічыце, што так лепшы будзе для гэтых аўтраў?
Таццяна Нядбай: Гэта тое, што мы называем «зашыфраваным удзелам», таму што мы не можам проста пакідаць пусты радок. Мы яго нейкім чынам зашыфроўваем, мы даем псеўданім аўтару ці аўтарцы, мы надаем псеўданім кнізе. Гэта безумоўна ўсё робіцца ў згодзе з аўтарамі. Але для таго, каб гэта магчы рабіць, мы павінны былі памяняць статуты літаратурных прэмій, каб зрабіць іх прыдатнымі для гэтага. Мы таксама атрымліваем, дарэчы, шмат крытыкі на гэты конт, што вось хутка мы можам атрымаць пераможцаў, пра якіх мы не дазнаемся. І гэта праўда. Мы можам атрымаць пераможцаў, пра якіх мы не дазнаемся сёння.
РР: А бываюць такія выпадкі, што вы спрабуеце вылучыць аўтара кнігі ў шорт-ліст, а аўтар адмаўляецца ўдзельнічаць у прэміі?
Таццяна Нядбай: У нас былі такія выпадкі і з пераможцамі, яшчэ калі мы былі ў Беларусі, мы яшчэ не былі ліквідаваныя. Былі выпадкі, калі пераможцы адмаўляліся ад перамогі з меркаванняў бяспекі. Але былі выпадкі, калі, напрыклад, Дар’я Бялькевіч атрымала прэмію Арсенневай, і мы не маглі пра гэта расказаць, мы нідзе не публічылі, што Дар’я Бялькевіч перамагла ў прэміі Арсенневай…
РР: Пакуль яна не выехала ў Польшчу…
Таццяна Нядбай: Пакуль яна не выехала. Але калі выехала, і калі мы адзначалі іншых пераможцаў, мы пры гэтым адзначылі і яе кнігу, якая таксама ў пэўны момант перамагла ў прэміі Арсенневай. Гэта такая запозненая, але таксама форма надання ўвагі. А ў той момант, канешне, для яе гэты было істотнай падтрымкай, перадусім падтрымкай маральнай.
РР: Гэтыя новыя сябры, якія сёння з’яўляюцца ў вас апошнім часам, гэта пераважна творцы, якія жывуць у замежжы? І я заўважаю, што гэта пераважна маладыя творцы.
Таццяна Нядбай: Тут увогуле трэба сказаць, што мы на сёння не публічым спіс нашых сяброў. Мы кажам пра тое, што да нас можна далучыцца. Канешне, у нас ёсць людзі і з Беларусі, і з па-за Беларусі, і далучаюцца як тыя, так і іншыя. Але тыя, хто далучаецца з па-за Беларусі, то мы ўвялі такую практыку, што сам чалавек, які далучаецца, ён можа сказаць, што ён хоча быць публічным, ці непублічным сябрам. І ў любы час гэтае рашэнне можна змяніць. То бок, калі чалавек хоча сёння быць непублічным, а пасля публічным, ён можа памяняць. І наадварот. Мы стараемся не называць сябрамі тых, хто сам сябе так не называе.
