
Новае пагадненьне ЭЗ можа спыніць выкарыстаньне мігрантаў у палітычных мэтах «варожымі» дзяржавамі, мяркуе агенцтва ЭЗ па правах чалавека.
Некаторыя краіны па-за межамі Эўрапейскага зьвязу неаднаразова накіроўвалі мігрантаў і бежанцаў да зьнешніх межаў блёка, каб аказваць ціск на ЭЗ, гаворыцца ў дакумэнце Агенцтва Эўрапейскага зьвязу па асноўных правах (FRA). Беларусь у ліку такіх краінаў.
Пагадненьне ЭЗ аб міграцыі павінна ўступіць у сілу ў сярэдзіне 2026 года і дазволіць краінам хутчэй вяртаць заяўнікаў на прытулак, заяўкі якіх адхіленыя, заявіла FRA.
У якасьці прыкладу прыводзяцца абвінавачаньні на адрас Беларусі і Расеі з боку Польшчы, Латвіі і Літвы ў тым, што яны дастаўляюць людзей з Афганістану, Іраку і іншых краін самалётамі і аўтобусамі да межаў з Эўразьвязам. Вядома, што пазьней праваабарончыя групы абвінавацілі Варшаву ў незаконным, а часам і гвалтоўным, прымусовым вяртаньні людзей назад праз свае межы.
Паводле зьвестак FRA, у 2023 і 2024 гадах амаль 60 чалавек загінулі ўздоўж сухапутнай мяжы Эўразьвязу зь Беларусьсю, многія зь іх ад пераахаладжэньня, пакуль яны там знаходзіліся.
Новае пагадненьне ЭЗ аб міграцыі можа дапамагчы дзяржавам-чальцам перашкодзіць «варожым суб’ектам» выкарыстоўваць мігрантаў і бежанцаў для такога ціску на краіны ЭЗ.
Пагадненьне ЭЗ аб міграцыі павінна ўступіць у сілу ў сярэдзіне 2026 года і дазволіць краінам хутчэй вяртаць мігрантаў, заяўкі на прытулак якіх адхіленыя, заявіла FRA.
«Эфэктыўнае і хуткае ўкараненьне працэдур вяртаньня пры поўным захаваньні дзейных гарантый можа перашкаджаць інструмэнталізацыі мігрантаў і бежанцаў», — адзначаецца ў дакумэнце FRA.
У ім гаворыцца, што краіны ЭЗ могуць увесьці санкцыі супраць «варожых» дзяржаў або абмежаваць візы для грамадзян гэтых краін у рамках шэрагу мер па прадухіленьні такой практыкі.
Новае пагадненьне дазволіць таксама краінам ЭЗ надаваць прыярытэт апрацоўцы заявак на прытулак тых, хто падвяргаецца такой інструмэнталізацыі, разгортваючы дадатковы пэрсанал для дапамогі, дадала FRA.
«Замест таго, каб караць мігрантаў і бежанцаў, якіх выкарыстоўваюць і злоўжываюць дзеля палітычнай выгады, краіны ЭЗ павінны накіраваць свае захады супраць варожых субʼектаў, — сказала дырэктар FRA Сірпа Раўтыё.—Некаторыя з цяперашніх мер рэагаваньня на інструмэнталізацыю могуць падарваць абарону асноўных правоў на межах ЭЗ, у тым ліку права на прытулак».
У сваім дакумэнце FRA заявіла, што «пэўныя правы, такія як забарона катаваньняў або адпраўкі людзей назад, туды, дзе іх жыцьцё і свабода знаходзяцца пад пагрозай, зьяўляюцца абсалютнымі. Яны ня могуць быць абмежаваныя ні пры якіх абставінах», — заявіла праваабарончая арганізацыя Эўразьвязу.
