
Сітуацыя з правамі замежнікаў у Польшчы ўскладняецца. Тое тычыцца і легалізацыі грамадзянаў Беларусі.
У польскім заканаканаўстве расце колькасць бар’ераў, фармальных пастак і прававых тупікоў. Гэта адзначыла ў нашым эфіры кіраўніца Дэпартаменту прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская:
– Зараз міграцыйнае права змяняецца ў Польшчы настолькі часта, што нават прафесіяналам вельмі складана за гэтым паспець. Я ўжо не кажу пра саміх іншаземцаў, або іх працадаўцаў, якія не маюць, на жаль, магчымасці зразумець усе гэтыя змены.
Як прыклад, змяняюцца тэрміны разгляду спраў аб легалізацыі, у тым ліку датычныя міжнароднай абароны, а таксама правілы падачы заяў на «карту побыту».
– Раней, калі чалавек хацеў легалізавацца, але мы ведаем, што няма магчымасці проста прыйсці і падаць заяву, бо няма магчымасці ў некаторых ваяводствах нават запісацца на падачу на від на жыхарства. І калі чалавек даслаў такую заяву па пошце, то дата, якая ўлічвалася, была дата адпраўкі гэтай заявы. Зараз, калі справы будуць тычыцца відаў на жыхарства па працы, то яны будуць улічваць тую дату, калі фактычна ўпраўленне атрымае гэтую заяву.
Вольга Дабравольская заўважае, што вельмі часта польскія ўлады не да канца ўсведамляюць, як абноўленае заканадаўства будзе прымяняцца на практыцы. Са свайго боку чыноўнікі скардзяцца на перагружанасць, недахоп кадраў і часу на навучанне.
