Ад шыкоўных баляў — да прытулку для бежанцаў. Як у Літве аднавілі цудоўны палац і што агульнага ў гэтай краіны з Беларуссю ў захаванні культурнай спадчыны.
У 1831 годзе ў Валожыне нарадзіўся Ян Тышкевіч, граф знакамітага роду. Летняя рэзідэнцыя яго сям’і знаходзілася ў маёнтку, у прыгарадзе Вільнюса. Гісторыя гэтай сядзібы добра адлюстроўвае гісторыю краіны, якая за два стагоддзі паспела пабываць у трох дзяржавах, перажыць некалькі войнаў і сёння прымае бежанцаў з Украіны. «Салiдарнасць» пабывала ў Траку Воке, каб паглядзець, як у Літве аднаўляюць гістарычную спадчыну, якая пацярпела падчас нямецкай і савецкай акупацыі. А таксама даведаліся ў эксперта, чым адрозніваюцца і падобныя літоўскі і беларускія падыходы да захавання спадчыны.
Сядзіба Траку Воке — галоўная славутасць населенага пункта, куды з Вільнюса можна даехаць на машыне або аўтобусе. Палац, які захаваўся да нашых дзён, пабудаваў граф Ян Вітаўт Тышкевіч, ва ўладанні сям’і ўваходзілі мястэчкі Біржай, Паланга, Бярдзічаў, Лагойск і іншыя.
Маёнтак у Траку Воке некаторы час быў летняй рэзідэнцыяй Яна Тышкевіча. Але гаспадароў настолькі скарыла тутэйшая прыгажосць, што яны вырашылі жыць тут увесь час. Сёння сядзіба адчынена для турыстаў.
Падчас вайны ўсю раскошу скралі
Як распавядаюць супрацоўнікі комплексу, італійскі архітэктар Леанарда Марконі, якога запрасілі Тышкевічы, у 1880 годзе стварыў палац па вобразе рэзідэнцыі польскіх каралёў у Варшаве. Двухпавярховы будынак упрыгожвалі восем скульптураў, а ганак — шчыт з родавым гербам. Палац быў аздоблены шыкоўнымі палотнамі вядомых мастакоў, крыштальнымі жырандолямі, мэблю на замову стваралі ў Парыжы. Пакоі ацяпляліся мармуровымі камінамі.
І хоць комплекс быў шыкоўным, граф не быў марнатраўцам — уважліва абдумваў кожны здабытак, і больш за ўсё шанаваў навуку. Разам з жонкай ён часта ладзіў дабрачынныя балі, асабліва весела адзначалі народзіны гаспадароў. Муж і жонка любілі прыбірацца, нават калі не чакалі гасцей. Яго жонка Ізабэла любіла вязаць, на Каляды жыхары маёнтка атрымлівалі ў падарунак цёплыя капялюхі, шкарпэткі, шалікі і рукавіцы.
Пасля смерці графа ўладанні перайшлі да ягонага малодшага сына Яна Юзафа. Ён запрасіў французскага ландшафтнага архітэктара Эдуарда Андрэ (1840–1911), які ўпарадкаваў парк. Ужо ў 20 гадоў ён працаваў у барона Асмана, які займаўся перапланіроўкай і азеляненнем Парыжа. Сядзібны парк быў скончаны ў 1900 годзе (шпацыруючы ў нашыя дні, можна заўважыць памятны камень, дзе пазначана дата). Трэба сказаць, жыхары палаца карысталіся ўсімі дабротамі цывілізацыі — сюды быў праведзены водаправод, электрычнасць, а пазней і тэлефонная сувязь.
Апошнім уладальнікам сядзібы быў старэйшы сын Яна Юзафа — Ян Мікалай Тышкевіч, і лёс яго трагічны. Вяртаючыся дадому ў дзень свайго 43-годдзя, ён напрасіўся ў прыватны самалёт да свайго стрыечнага брата графа Замойскага. Самалёт разбіўся. Гэта было ў 1939 годзе. Праз некалькі месяцаў жонка графа разам з трыма дзецьмі вырашыла бегчы на Захад, баючыся прыходу бальшавікоў.
Палац, калі гаспадары яго пакінулі, пачаў занепадаць. У час Другой сусветнай вайны тут размяшчаліся і нямецкія, і нідэрландскія салдаты. Карціны, габелены, крыштальныя жырандолі і іншыя каштоўнасці былі скрадзеныя.
У 1945 годзе, калі скончылася вайна, сядзіба стала вілай Савета Міністраў. Пазней тут размясціўся філіял Аграрнага інстытута. Палац нядрэнна, дзякуючы навукоўцам, захаваўся, хаця ў вайну знешні дэкор будынка быў знішчаны.
Аднаўленне пачалося яшчэ ў 1970-х. У 2002 годзе сядзібу перадалі каралеўскаму саюзу літоўскай шляхты, але рэстаўрацыя запаволилася, і комплекс перайшоў муніцыпалітэту Вільнюса — з 2014 года для турыстаў адчыніліся дзверы, хоць аднаўленне працягваецца.
«Палац павінен працаваць». Што адбываецца зараз
У сучасным выглядзе ад ансамбля захаваліся палац з калонамі, званіца з дзвюма вежамі, капліца ў неагатычным стылі — пахавальня Тышкевічаў, адзіныя ў Літве стайні з рысамі барока. У парку захаваліся старажытныя сцежкі і прысады.
На тэрыторыі комплексу стаяць прыбудовы, дзе раней жылі служкі палаца — зараз гэта прыватная ўласнасць. Былыя сховішчы арандуе мясцовы бізнэс. Тут жа стаяць цяпліцы, таксама прыватныя. І прыязджаюць у Траку Воке не толькі на экскурсіі. Як кажуць супрацоўнікі комплексу, «палац павінен працаваць».
Некалькі разоў на тыдзень у Траку Воке прыязджаюць школьнікі з Вільні, тут у іх пазакласныя заняткі. У суседніх залах праходзіць выстава сучасных фатографаў, а яшчэ фотаздымкі — тут любяць праводзіць вясельныя і сямейныя фотасесіі, але часта залы арандуюць і для камерцыйнай здымкі.
Падвалы таксама не пустуюць: тут абсталяваныя залы, дзе выстаўляюць творы сучасных скульптараў. У палацы працуе кафэ, дзе прадаюць не толькі свежую выпечку, але і фермерскія прадукты — сочыва, мёд. У цёплы час можна выпіць каву на тэрасе і адчуць сябе трошку жыхаром палаца.
А яшчэ Траку Воке — адзін з самых папулярных палацаў у кінематаграфістаў. Пачынаючы з 2005 года тут знята больш за дзесяць фільмаў, у тым ліку «Вайна і мір», «Ганна Карэніна». Палац таксама можна ўбачыць у фільме Netflix «Апошнія цары»: амерыканцы ператварылі маёнтак у палац апошняга расійскага імператара Мікалая II і яго сям’і.
Некаторыя кіношныя інтэр’еры, якія адпавядаюць эпосе, пасля здымкаў пакінулі. Улетку тут адбываюцца канцэрты, так што ля палаца сапраўды насычанае жыццё.
Для яго аднаўлення, гавораць супрацоўнікі, выкарыстоўваюць і бюджэтныя, і прыватныя, і грантавыя сродкі, і тое, што атрымліваецца зарабіць, дзякуючы турызму і дадатковым паслугам.
Рэстаўрацыя палаца працягваецца. На другім паверсе ў гэтыя дні аднаўляюць аўтэнтычную столь. Супрацоўнікі папярэджваюць, што ва ўжо гатовых пакоях зараз жывуць украінскія сем’і, якія былі вымушаныя ўцякаць ад вайны.
— У нас няма спецыяльнага гатэля, умовы сціплыя, але мы чым можам, дапамагаем, — кажуць суразмоўцы «Салiдарнасцi». — Спачатку было сем сем’яў, засталося дзве, астатнія змаглі знайсці сабе паўнавартаснае жытло.
Так палац Тышкевічаў працягвае ў сваім жыцці ўвасабляць гісторыю.
Гісторык — пра адрозненні і падабенства ў захаванні культурнай спадчыны ў Беларусі і Літве
Гісторык і культуролаг Сцяпан Стурэйка адзначае, што ў пытанні аднаўлення культурнай спадчыны ўсе постсавецкія краіны сутыкаюцца з аднолькавымі сістэмнымі выклікамі, Беларусь і Літва — не выключэнне.
— Толькі 30 гадоў таму ў нас з’явілася прыватная ўласнасць, — тлумачыць эксперт. — У Беларусі пасля распаду СССР не было рэстытуцыі (вяртанне ўласнасці гаспадарам і іх спадчыннікам), толькі рэлігійным суполкам вярнулі храмы, але не ва ўсіх выпадках — Чырвоны касцёл у Менску, як мы ведаем, належыць дзяржаве. У Літве была іншая сітуацыя, улады да гэтага часу шукаюць некаторых уласнікаў.
У Беларусі, па словах суразмоўцы «Салiдарнасцi», нават у лепшыя часы, калі казалі пра стымуляванне прыватнай ініцыятывы, стаўленне да інвестараў было іншым:
— Літва на самой справе заахвочвае ўласнікаў. Тут добра навучыліся карыстацца праграмамі фінансавання, прычым не толькі еўрапейскімі. У літоўцаў іншае стаўленне да спадчыны: гэта не толькі сведчанне мінулага, якое трэба перадаць нашчадкам, гэта мае дачыненне да якасці жыцця, развіцця населеных пунктаў, стварэння працоўных месцаў, паляпшэння іміджу краіны.
Дзякуючы гэтаму атрымліваецца прыцягваць дадатковыя сродкі. Напрыклад, ёсць Нарвежская праграма, зацікаўленая ў захаванні драўлянай спадчыны — і шматлікія аб’екты ў Літве атрымалі фінансаванне.
У Беларусі таксама былі праграмы па трансмежавым супрацоўніцтве, але з 2020 года ўсё пастаўлена на паўзу.
— Трэба разумець, што аднаўленне культурных аб’ектаў — гэта вялікія выдаткі, кошт ідзе на мільёны даляраў, — тлумачыць Сцяпан Стурэйка. — І атрымліваецца, што еўрапейскія гранты пакуль атрымаць нельга. У бюджэце свабодных грошай няма.
Я сумняваюся, што прыватныя беларускія інвестары ў бліжэйшы час зацікавяцца, асабліва на фоне гісторыі з затрыманнем супрацоўнікаў, якія працавалі над аднаўленнем сядзібы ў Падароску (у лістападзе 2022 года стала вядома пра затрыманне супрацоўнікаў кампаніі, якая займалася аднаўленнем сядзібы Чачотаў-Бохвіцаў у аграгарадку Падароск Ваўкавыскага раёна, — С.).
Застаецца разлічваць толькі на расійскі бізнес, і такія прыклады ў Беларусі былі, але здаецца, і ў Расіі зараз не лепшы час, каб укладацца ў культуру.
Але ёсць і агульныя праблемы. Як гаворыць эксперт, у Літве турысты не бачаць, што за прыгожымі вулачкамі стаяць такія ж гарачыя спрэчкі аб рэстаўрацыі, як і ў Беларусі. Здараецца, інвестар не спраўляецца, і тады дзяржава вымушана шукаць ці новага ўласніка, ці браць ініцыятыву ў свае рукі. Паколькі фінансаванне можа быць нестабільным, часта рэстаўрацыя расцягваецца на гады, і тут, паводле словаў эксперта, Літва мала чым адрозніваецца ад Беларусі:
— У Беларусі часта нават хутчэй аднаўляюць, асабліва калі аб’ект знаходзіцца ў цэнтры горада — улады тады робяць гэта цэнтралізавана. А што да рэстаўратараў, то беларускія спецыялісты не саступаюць літоўскім, я арганізоўваў некалькі сумесных візітаў і здолеў у гэтым пераканацца.
gazetaby.com,
пераклад budzma.org