На беларуска-польскай мяжы група мігрантаў параніла польскага жаўнера

Беларускі і польскі памежныя слупы

Жыцьцю жаўнера нічога не пагражае. Гэта ўжо ня першы падобны інцыдэнт на мяжы.

Пры спробе нелегальнага перасячэньня мяжы ў Чаромсе дайшло да сутычкі паміж польскімі службамі і мігрантамі. Адзін з польскіх жаўнераў атрымаў раненьне рукі, яго завезьлі ў шпіталь.

Стан жаўнера ацэньваюуь як стабільны.

Здарэньне адбылося 25 жніўня каля 20-й гадзіны мясцовага часу (21-й беларускага). На месца здарэньня выехала Вайсковая жандармэрыя. Жыцьцю жаўнера нічога не пагражае.

Польская Памежная варта раней ня раз паведамляла пра агрэсіўныя паводзіны шэрагу мігрантаў. Яны спрабуюць прарвацца ў Эўразьвяз групамі, фарсуючы агароджу. Патрулі памежнікаў нярэдка закідваюць галінамі дрэваў і камянямі.

Раней на мяжы быў і сьмяротны выпадак. Шараговец 1-й Варшаўскай панцырнай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Вайсковец быў паранены пры спыненьні спробы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку.

Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар прывязаным да палкі нажом у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

svaboda.org