Зміцер Косцін: Працуем над архівам Сцяпана Копы

Зміцер Косцін

“Галасы падляшскай традыцыі” – запісы песень, тэксты, мелодыі, але таксама фотаздымкі, відэазапісы і так далей. Амбітны праект, заснаваны на спадчыне фалькларыста Сцяпана Копы, паспяхова рэалізуецца, і ўжо сёння можна пабачыць пэўныя яго вынікі. Пра гэта «Радыё Рацыя» паразмаўляла з кіраўніком рэдакцыі нацыянальных меншасцяў польскага радыё «Беласток», а таксама каардынатарам праекта «Галасы падляшскай традыцыі» Зміцерам Косціным.

РР: Будзем гаварыць пра «Галасы падляшскай традыцыі». Можа на пачатку распавядзеш пра сам праект.

Зміцер Косцін: «Галасы падляшскай традыцыі» – гэта праект Цэнтра беларускай культуры, які атрымаў дафінансаванне міністра культуры нацыянальнай спадчыны Польшчы, і гэты праект базуецца ў асноўным на фанаграфічным архіве Сцяпана Копы. Летась Цэнтр беларускай культуры купіў архіў Сцяпана Копы. Пачаліся першыя працы над гэтым матэрыялам, і нам хацелася б, каб гэтыя працы працягваліся, але таксама каб адбылася рэклама гэтай спадчыны, каб людзі больш ведалі пра тое, што зрабіў Сцяпан Копа для ўсіх нас.

І адсюль узнікла ідэя, па-першае, майстар-класаў, якія ўжо адбываюцца ад лютага. Чацвёртая частка майстар-класаў, прысвечаная вясельным традыцыям і восеньскім спевам, пройдзе 20-21 верасня ў Беластоку, будзе вучыць спеву фалькларыстка, майстрыха традыцыйнага спеву з Менску Ірына Мазюк. Вельмі цешымся, бо яна добра адчувае і гаворкі, яна сама з Палесся паходзіць, і цікавіцца і спрабуе зразумець спецыфіку спеву на Падляшшы.

Акрамя таго, можа трошкі не бачная частка працы, якая цяпер вядзецца, – гэта тэхнічная апрацоўка запісаў, каб хаця б крыху палепшыць запісы з магнітафонных касет, можа ён не будзе ідэальным, як з сучаснага лічбавага дыктафону, але трошкі лепшы будзе. І таксама ідзе апрацоўка тэкставая. Ідзе праца па падрыхтоўцы этнаграфічнай нататкі, прысвечанай абрадавай традыцыі беларусаў Беласточчыны, і плюс – гістарычныя нататкі.

Усё гэта патрэбна для таго, а гэты праект двухгадовы, каб у наступным годзе ён ужо быў у доступе. Мы хочам, каб з’явіўся сайт, на якім, кожны, хто ўвойдзе па-польску, ці па-беларуску, зможа даведацца, па-першае, пра традыцыі беларусаў Падляшша, пра абрадавую спецыфіку розных частак рэгіёну, бо яна заўважная, даведацца таксама пра мясцовасці, якія ёсць на Падляшшы, бо гэта таксама вельмі важна, каб разумець гэтае месца, дзе ўзнікалі гэтыя песні, дзе ператрывалі гэтыя песні.

РР: Геаграфічна гэта і моўныя адрозненні.

Зміцер Косцін: Так, гэта таксама вельмі важна. Вельмі хочацца, каб таксама з’явіліся фотаздымкі і спявачак і спевакоў. І тут спадару Сцяпану, дзесці на небе, вялікі дзякуй за тое, што ён скрупулёзна ўсё апісваў. У ягоных нататках нават знайшлі адрасы гэтых спявачак. То бок ужо ведаем, куды ехаць, дзе шукаць сем’і, магчыма штосьці захавалася, хаця б некалькі фотаздымкаў гэтых асобаў. Усё для таго, каб аўдыёзапісы, якія будуць змешчаны, і тэксты да гэтых аўдыёзапісаў ажылі, займелі рэальнае месца ў прасторы, далі нам ва ўяўленні, кім былі гэтыя людзі, дзе яны жылі, у якім асяроддзі, ну і галоўнае ўсё гэта мае рэкламаваць не толькі спадчыну Сцяпаны Копы, але, мне здаецца, таксама і традыцыйную беларускую культурную спадчыну Беласточчыны шырэй, бо надалей мала па-за самой Беласточчыны яе ведаюць.

racyja.com