Кіраўнік «Белавія» расказаў аб якасьці дэталяў для самалётаў кампаніі ва ўмовах санкцыяў

Самалёт кампаніі «Белавія», архіўнае фота

Ігар Чаргінец не чакае зьняцьця санкцыяў і аднаўленьня кампаніяй палётаў у краіны Эўразьвязу.

Нацыянальны авіяперавозьнік «Белавія» не пярэчыў бы аднаўленьню рэйсаў у Эўропу, аднак ня мае такіх плянаў, бо лічыць пазыцыю Брусэлю «пакуль безнадзейнай».

Пра гэта ў інтэрвію расейскаму інфармацыйнаму агенцтву Sputnik заявіў генэральны дырэктар кампаніі Ігар Чаргінец.

На пытаньне, ці гатовая «Белавія» аднавіць палёты на Захад пры ўмове зьняцьця санкцыяў, Чаргінец заявіў, што кампанія «ўжо даўно не перажывае наконт Эўропы, бо знайшла замену гэтаму рынку».

«Ці жадаем вярнуцца ў Парыж, Рым ці ў Барсэлёну? Так, жадаем. Палёты спыненыя ня з нашай віны. Пытаньне зусім да іншага боку, да іншых краін. Чаму яны гэта зрабілі? Хай самыя сабе паспрабуюць растлумачыць», — разважае Чаргінец.

Ён прызнаўся, што зараз няма ніякіх плянаў аднаўленьня палётаў у Эўропу:

«Я ня веру, што неўзабаве ў Брусэлі, у штаб-кватэры Эўрапейскай камісіі, памяняюць сваю думку. Мне здаецца, гэта безнадзейна. Пакуль. Напэўна, калісьці ў гэтых людзей пачуцьцё здаровага сэнсу возьме верх — тады і будзем разглядаць магчымасьць вяртаньня да палётаў у краіны Эўразьвязу, — заявіў генэральны дырэктар.

Яшчэ адна складаная тэма — дзе браць дэталі і запасныя часткі ва ўмовах санкцыяў. Ігар Чаргінец спачатку заявіў, што «праблемаў няма», але прызнаўся, што «насамрэч пытаньне няпростае»:

«Так, нам гэта каштуе значна больш грошай, чым калісьці. Запасныя часткі і лягістыка падаражэлі, але ўсе праблемы вырашальныя. Дакладна магу сказаць і запэўніць пасажыраў, што ў нашых самалётах няма ніводнай дэталі, выпушчанай у гаражы або не сэртыфікаванай вытворцам. Чуў, што недзе такія прэцэдэнты былі. У нас жа ўсё сэртыфікаванае, дзейнае, ні ў якім разе не пратэрмінаванае, адным словам — сапраўднае», — запэўніў кіраўнік «Белавія».

23 траўня 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце Менск прызямліўся самалёт авіякампаніі Ryanair. Рэйс накіроўваўся ў Вільню, аднак, як пазьней высьветлілася, паводле настойлівай рэкамэндацыі беларускіх дыспэтчараў сеў у сталіцы Беларусі праз паведамленьне аб бомбе на борце. Пасьля кароткай праверкі самалёт рушыў ранейшым маршрутам, але з рэйсу зьнялі экс-рэдактара тэлеграм-каналу NEXTA Рамана Пратасевіча і ягоную дзяўчыну Соф’ю Сапегу: маладых людзей затрымалі беларускія сілавікі.

Інцыдэнт выклікаў міжнародны скандал і санкцыі. Ад пачатку расьсьледаваньня Менск адмовіўся падаць вялікі абʼём крытычна важнай інфармацыі, а пасьля выявілася, што ўлады Беларусі сапраўды вінаватыя ў тым, што адбылося, і плянавалі прымусовую пасадку самалёта загадзя.

Цяпер «Белавія» лётае пераважна ў расейскія гарады, днямі там прапанавалі зьніжкі «на два папулярныя ў адпускнікоў кірункі» — Махачкалу і Мурманск.

svaboda.org