
Зь ініцыятывай выступіла група эўрапейскіх кансэрватараў і рэфарматараў Эўрапейскім парлямэнце.
Група эўрапейскіх кансэрватараў і рэфарматараў, да якой належыць польская партыя «Права і справядлівасьць» у Эўрапейскім парлямэнце ў Страсбургу, вырашыла ў аўторак 9 верасьня рэкамэндаваць беларускага палітвязьня, актывіста польскай меншасьці з Горадні Анджэя Пачобута, на ўзнагароджаньне прэміяй Андрэя Сахарава.
Пра гэта паведамляе польскае агенцтва РАР, якое спасылаецца на сваю крыніцу ў Эўрапарлямэнце.
Журналіст і актывіст польскай меншасьці ў Беларусі Анджэй Пачобут быў арыштаваны вясной 2021 года, а ў лютым 2023 года прысуджаны да васьмі гадоў калёніі строгага рэжыму.
Польскія ўлады патрабуюць вызваленьня актывіста. У ліпені дэлегацыя польскага Сейма, якая знаходзілася з візытам у ЗША, узьняла гэтую тэму падчас перамоваў з амэрыканскім бокам.
16 студзеня 2025 году падчас наведваньня Менскага гарадзкога тэхнапарку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Варшава нібыта «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весьці нават размовы пра Пачобута». Ён сьцьвярджаў, што журналіст «ня хоча туды ехаць — вось і ўсё пытаньне».
Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.
30 кастрычніка 2024 году міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі ў час выступу ў Сэнаце заявіў, што Варшава «па розных каналах» дамагаецца вызваленьня суайчыньнікаў, якія сядзяць у беларускіх турмах, асаблівая ўвага надаецца журналісту і сябру зьліквідаванага ўладамі Зьвязу палякаў Анджэю Пачобуту.
Што такое Прэмія імя Сахарава
Прэмія імя Сахарава «За свабоду думкі», заснаваная Эўрапейскім парлямэнтам у 1988 годзе, зьяўляецца найвышэйшай узнагародай Эўрапейскага зьвязу за праваабарончую дзейнасьць. Прэмія прысуджаецца асобам, групам і арганізацыям, якія ўнесьлі выдатны ўклад у абарону свабоды думкі. Сярод пераможцаў да гэтага часу былі дысыдэнты, палітыкі, журналісты, юрысты, актывісты грамадзянскай супольнасьці, пісьменьнікі, лідэры меншасьцяў, праваабаронцы, карыкатурысты, дырэктары, а таксама міжнародныя арганізацыі і маладыя актывісты. Раней прэмію Сахарава атрымалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, палітыкі Аляксандр Мілінкевіч і Сьвятлана Ціханоўская.
Штогод у верасьні дэпутаты Эўрапарлямэнта могуць называюць кандыдатаў на прэмію. Кожны кандыдат павінен мець падтрымку не менш як 40 дэпутатаў Эўрапарлямэнту. Аб’яўленьне пераможцы звычайна праводзіцца ў кастрычніку, а цырымонія ўзнагароджаньня — у сьнежні.
