Віктар Казько: “Усіх нас хочуць прагнаць праз Акрэсціна, увесь народ!”

Віктар Казько. Фота з адкрытых крыніц

“Не магу маўчаць!” – гэты талстоўскі выраз апошнім часам успамінаецца мне ўсё часцей. Бо маўчаць сапраўды немагчыма, калі пад грымоты вайны ў суседняй краіне ў Беларусі поўным ходам ідзе паляванне на іншадумцаў, калі на кожную лыжку праўды дзяржаўная прапаганда выплюхвае сем бочак хлусні. Праўдзівага слова як ніколі не хапае. Але, на жаль, не вельмі і чуваць сёння галасы беларускіх пісьменнікаў. Адны ў зацішным замежжы, другія – у айчынных турмах, трэція, відаць, мяркуюць, што яны не Талстыя, дык што ўжо там рыпацца… У спадзеве пачуць сумленную ацэнку таго, што адбываецца ў краіне, я пазваніў Віктару Казько. Тым больш надарылася добрая нагода – нядаўна яго ўзнагародзілі прэміяй “Залаты апостраф”.

 – Віктар Апанасавіч, прэміямі вы не абдзелены – маеце і Дзяржаўную прэмію Беларусі, і прэмію Гедройца. З якім пачуццём прынялі “Залаты апостраф”? Ці не пазнавата ён да вас дайшоў?

– Дык да нас усё позна даходзіць, мы ж позні народ (смяецца). Цяпер я рэдка выходжу з хаты – з жонкай няшчасце, пазваночнік пашкодзіла, і ў самога ногі ледзь ходзяць. Вось дзякуючы нагодзе выйшаў у свет, паглядзеў на маладыя твары, пасядзелі, пагаварылі. І згадаўся Ніл Гілевіч, калі яшчэ ў савецкі час атрымаў ордэн Дружбы народаў. Я яго віншую, а ён (відаць, чакаў нечага большага), сказаў: “Спатрэбіцца і гэты ардэнок”. Падобным чынам выказаўся і нядаўна памерлы Аляксей Дудараў пасля атрымання прэміі гэтак званай “саюзнай дзяржавы”, маўляў, любая прэмія не лішняя.

– Ну, “Залаты апостраф” можна разглядаць як прызнанне з боку маладзейшага пакалення ў літаратуры. Хіба гэта не прыемна?

– Прыемна. З другога боку, адчуванне сябе вялікім і ўсімі прызнаным – нармальная з’ява да гадоў трыццаці. А пасля гэта больш падобна на нейкую вар’ятню… Асабліва ў наш час, калі знішчаецца сама беларуская літаратура. У мяне часам адчуванне, што яе ўжо няма, што яна скончылася з Быкавым, з Брылём. Цяпер мы ўсе жывём без адчування будучыні, спрабуем жыць як набяжыць. Жыццё праходзіць міма, мы застаёмся па-за ім. Помніш, у мележаўскім “Подыху навальніцы” мільгае такі палескі дыялог: “Ці за Гомелем людзіе?” – “Е, але дробненькіе”. І вось гэтыя “дробненькіе”, але з вялікімі амбіцыямі людзі, сёння вырашаюць, каму жыць, а каго прыдушыць. Пуцін нішчыць Украіну ракетамі, але ён вынішчае і Расію, яе інтэлект, растоптвае рускага чалавека гэтак жа, як у Беларусі ўжо амаль растапталі беларуса. Вялікая памылка была, калі не зрабілі суда над камуністычнай партыяй і Лубянкай. А іх варта была судзіць – за ГУЛаг, за свядомае знішчэнне мільёнаў людзей, за арганізаваныя галадаморы, за ўсё.

– Каб такі суд адбыўся, прыход Пуціна ў Крэмль быў бы немагчымы.

– Пра гэта я і кажу. А так маем тое, што маем. Крэмль марыць аб адной шостай зямной сушы, аб аднаўленні імперыі. А гэта аднаўленне немагчыма без Казахстана, Украіны і Беларусі. Пачалі з “вяртання” Украіны, а потым можа дайсці справа і да нас. Так, Еўропа і ЗША дапамагаюць украінцам. Але неяк з аглядкай, абмяжоўваючы пастаўкі пэўных тыпаў зброі, цыркаюцца. І цырканне гэта можа закончыцца кепска. Дапамога патрэбна самая эфектыўная і адразу. І ўсё ж, я перакананы, Украіна пераможа, яна вызваліць свае тэрыторыі. У пэўным сэнсе яна ўжо перамагла, паказаўшы ўсяму свету нязломны ўкраінскі дух, паставіўшы ўкраінскі народ на п’едэстал усясветнай павагі. Што да Расіі, то яна адна, без кааліцыі, не выйграла ніводнай вайны – згадайце вайну з Японіяй 1905 года, ці вайну ў Афганістане…

– Дык Беларусь сама лезе ў тую кааліцыю, хоць у артыкуле 18 Канстытуцыі сказана адназначна: “Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў”.

– Я ўжо не веру ніякім канстытуцыям, ніякім словам, якія гучаць з высокіх трыбун. Таму што за імі няма праўды! Да таго ж, у нас “не да законаў”. І таму ўлада робіць, што хоча. Клянецца суверэнітэтам, і ў той жа час з беларускай зямлі ва Украіну ляцелі ракеты, на беларускіх аэрадромах базуюцца расійскія ваенныя самалёты, на нашых палігонах праходзяць навучанне расійскія вайскоўцы…

– У гэтым вінаваты тыя, хто пры ўладзе, ці ўвесь народ? Як вы ставіцеся да калектыўнай адказнасці?

– Калі тут базы расійскія, то хіба мы не вінаваты? Так, гэта калектыўная адказнасць. Прычым, перад усім светам. Адказнасць і – бездапаможнасць. Што я сёння магу зрабіць? Толькі плявацца. Выйсці на пратэст сілаў у мяне ўжо няма. У мяне ёсць толькі магчымасць ахвяраваць сваім жыццём. І калі будзе патрэбна – што ж тут зробіш… Як ніколі я адчуваю духоўную параднёнасць з украінцамі, і гэта ўжо да канца.

– Ведаю, што вы ў свой час былі ў Кітаі. Якой можа быць яго роля ў расійска-украінскай вайне?

– Кітайцы – вельмі хітрая нацыя. Думаю, ад гэтай вайны найбольш выйграé Кітай. Не, кітайцы не пойдуць і не захопяць расійскі Далёкі Усход. Будзе ціхая экспансія, ужо цяпер там жывуць і працуюць мільёны кітайцаў. А яны працавітыя, як мурашкі. Будучы ў Кітаі, я бачыў, як будуецца Пекін, як кітайцы кошыкамі насілі цэглу на дваццаты паверх. У звычайнага кітайца –шматок зямлі, але ў яго там і ставок з крэветкамі, і садок. Гэта толькі мы, беларусы, жадаем забагацець адразу. Павесілі сабе на шыю мільярды расійскага доўгу за Астравецкую АЭС, а яна да сённяшняга дня не запрацавала на поўную магутнасць…

– Нашы суседзі адгароджваюцца ад Беларусі жалезабетоннымі платамі, Украіна – двухкіламетровым мінным полем. Раней такое і ў страшным сне не магло прысніцца.

– А што нашым суседзям рабіць? Усе ж помняць, як бессаромна Беларусь за грошы спрыяла мігрантам, якія як вошы паўзлі праз мяжу ў тую ж Польшчу. Вось і маем вынікі. Расія і Беларусь сёння ва ўсім цывілізаваным свеце ізгоі. А што пра ўкраінцаў ці пра тых жа палякаў гаворыцца на Беларускім тэлебачанні? Ці ж можна спакойна слухаць Азаронка? Я проста не магу, адразу выключаю. Адзін смурод…

– Тут яны ў адну дудку дудзяць – і беларускае, і расійскае тэлебачанне. Часам здаецца, што вяшчаюць яны з адзінага тэлецэнтра.

– Днямі глядзеў, як адна расійская жанчына дзякавала за новы аўтамабіль, аб якім марыў яе сын. Яна дзякуе, едучы на тым аўтамабілі… на магілу сына, які загінуў ва Украіне. З акупаваных тэрыторый у Расію ужо вывезлі тысячы ўкраінскіх дзяцей. З іх робяць манкуртаў, прымушаючы дзякаваць за “вызваленне”. У прапагандысцкіх праграмах паказваюць, як сямігадовая дзяўчынка ўдзячна тым, хто яе прыняў у Расіі, тым, хто забіў яе бацькоў, хто асіраціў яе… У мяне гэта ў галаве не ўкладваецца – большага цынізму проста не можа быць!

– Трэці год у Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі, ратуючыся ад якіх людзі масава выязджалі за мяжу. У тым ліку добрыя спецыялісты. Але ж гэта вялікія эканамічныя страты для дзяржавы. Чаму яна ніяк не хоча гэтага зразумець?

– Дзяржава выпіхвае найбольш актыўных. Начхаць ёй на страты – абы пратэстаў не было. Усе аўтарытарныя кіраўнікі не трымаюць каля сябе разумных людзей. Разумны чалавек пачынае думаць, а надумаць ён можа чорт ведама што. Таму хай думае дзе-небудзь у Польшчы. Хто не з’язджае, тых запалохваюць. Усіх нас хочуць прагнаць праз Акрэсціна, увесь народ. Звальняюць з работы, не працягваюць кантракты, прыдумалі такое вызначэнне – альтэрнатыўныя палітычныя погляды. Маёй знаёмай запісалі гэта ў характарыстыцы і звольнілі.

– Улада стварыла камісію па вяртанні, заклікае вяртацца…

– З тых, хто вырашыў вярнуцца, калі не памыляюся, ужо каля паўсотні чалавек былі затрыманы і асуджаны. Здавалася б, навошта ж вы едзеце? Туга па радзіме даймае. Настальгія – гэта наша нацыянальная хвароба. Родная зямля так проста беларуса не адпускае. Я гэта добра разумею, бо шмат гадоў пражыў у Расіі, у Кузбасе. І мяне ўвесь час цягнула ў Беларусь – проста неадольна! Мы з маім сябрам-дзятдомаўцам гатовы былі пешкі ісці ў Беларусь… Радзіма прыцягвае людзей. І на гэтым сёння цынічна гуляе ўлада.

– Вы ўспомнілі сваё жыццё ў Расіі. Вы ж тады і пісалі па-руску. Першыя дзве кнігі мелі наклады па 100.000 кожная. Але ж выходзілі яны ў Мінску і распаўсюджваліся найперш у Беларусі. Ці няма ў вас у сувязі з гэтым адчування, што вы тады пэўным чынам спрыялі русіфікацыі?

– Тады я пра гэта не думаў. Нас, дваццаць чалавек з Хойніцкага дзіцячага дома, кінулі ў шахты Кузбаса. І трэба было неяк жыць. І мова была адна – руская. І гаварылі на ёй, і пісалі. Віктар Астаф’еў нават казаў, што Казько не беларускі, а сібірскі пісьменнік. Ну, раз пра тайгу піша… Кнігі выходзілі сапраўды фантастычнымі для нашага часу накладамі. У бібліятэцы часопіса “Дружба народов” мая кніга выйшла накладам 360.000 асобнікаў. У каго з беларусаў былі такія наклады? Хіба ў Быкава… Што сёння пра гэта гаварыць. Вось ляжыць у мяне на стале часопіс “Полымя” – сшытачак, газетная пепера, 630 асобнікаў. Ці магчыма тут гаварыць пра літаратуру, пра яе нейкі ўплыў…

– Вы па-руску і ў “Новом мире” і ў “Дружбе народов” друкаваліся. Заўсёды без праблем?

– Каб жа! Помню, аднойчы “Литературная газета” папрасіла апавяданне. Я напісаў. Пра выпадак у шахце – калі дваіх шахцёраў заваліла вугалем. Камбайн у разнос, лямпы патухлі, сядзяць яны ў поўнай цемры. І адзін на другога віну звальвае: ты, слесаруга, на трэсачках у цябе ўсё. А той адказвае: сёння на трэсачках увесь СССР… Тое апавяданне, мне пазней расказалі, адзін супрацоўнік “Литературки” кінуў у кут і таптаў, прыгаворваючы: не прапушчу антысавеччыны!..

– Чаму ж вы ў сталым ужо веку перайшлі на беларускую мову?

– Што мяне пацягнула, я і сам толкам не ведаю. Відаць, мова і зямля, бабуля, якая пражыла 112 гадоў, маці, якая загінула ў 25 гадоў, вёска… Помню, мой літаратурны настаўнік Юрый Барабаш, намеснік галоўнага рэдактара той жа “Литературной газеты” (украінец па нацыянальнасці), калі я паслаў яму сваю першую беларускую кнігу, напісаў мне: “Як я зайздрошчу гэтаму вашаму кроку!”

– Пасля таго, як у 2006 годзе літаратурныя выданні былі захоплены прыўладным Саюзам пісьменнікаў, вы там не друкаваліся. Цэлых шаснаццаць гадоў. І вось вы зноў – аўтар “Полымя”. Патлумачце сваю пазіцыю.

– Разумею, што тут ёсць нейкая здрада. Буду казаць шчыра – мяне купілі. Купілі тым, што паабяцалі выдаць кнігу. А ў мяне ж ляжыць пад сто аркушаў ненадрукаванага. Можна сказаць, што сёння я чышчу аўгіевы стайні і сам здзіўляюся, колькі ў мяне панапісвана! Хацелася б гэта надрукаваць. А дзе? Наклад “Дзеялова” усяго трыста асобнікаў. І ён не ідзе ні ў сетку “Белсаюздрук”, ні ў бібліятэкі, ні ў школы. А “Полымя” ўсё ж ідзе.

– Вы самі звярнуліся туды?

– Не, мне пазваніў галоўны рэдактар “Полымя” Віктар Шніп (ён жа галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”) і папрасіў што-небудзь даць для часопіса. Мяне яны цягнулі і раней, я вагаўся вельмі доўга. Але ж абяцаюць кнігу… Я даў у “Полымя” сваю раннюю аповесць “Высакосны год”, пераклаўшы яе на беларускую мову. Хоць гэта не механічны пераклад, там шмат што зменена. Хай напісанае мной у маладосці застанецца на роднай мове, хоць бы для сына. Але і з “Дзеясловам” я мяркую працягнуць супрацоўніцтва.

– Дык вось чаму вам далі “Залатога апострафа” – каб не страціць такога аўтара.

– Калі страчваецца ўся літаратура, страта нейкага там аўтара вялікага значэння не мае. Да таго ж, столькі гадоў мільгаць на часопісных старонках і займаць плошчу адзінага незалежнага выдання мне таксама няёмка. Усю мінулую восень і зіму я чысціў свае аўгіевы стайні, а дзе буду друкаваць… Як бы там ні было – беларуская літаратура адзіная.

Міхась Скобла, nv-online.info